Выставу рыхтавала моладзь, і, напэўна, таму яна атрымалася такая свежая, яркая, графічная. Ідэальная, каб прывесці на яе старшакласнікаў.

Малады дырэктар Павел Сапоцька і яго маладая каманда. Злева з мікрафонам — Алесь Зімніцкі. Побач афарміцелька выставы Кацярына Арлюк.

Малады дырэктар Павел Сапоцька і яго маладая каманда. Злева з мікрафонам — Алесь Зімніцкі. Побач афарміцелька выставы Кацярына Арлюк.

Кандовай эстэтыкай, у якой раней прэзентавалі БССР, тут і не пахне. Сэрцы і сэрцайкі, белыя сцены, чырвоныя ніткі. Класічныя чорна-белыя коміксы.

Вось муштук, які грыз Іван Луцкевіч. Той муштук, што сапсаваў Івану здароўе і заўчасна звёў у магілу.

Вось гадзіннік кіраўніка БССР Язэпа Адамовіча.

«Гэта таго, што быў адданы, але тупы?» — успамінаю цытату з нядаўняга артыкула ў «Нашай гісторыі».

«Гэта меркаваў паплечнік Сталіна, а я так не лічу, — кажа Алесь. — Ён аднолькава верыў і ў саветы, і ў Беларусь».

Вось наградны чэкісцкі рэвальвер — з такіх усю гэту светлую, свежанькую гісторыю БССР і пастралялі. Пад шклом ляжыць піжама Змітра Жылуновіча, на ёй сляды крыві. Па легендзе — не адмылася пасля допытаў. Хутчэй, канечне, неакуратна парэзаўся голячыся. Але самагубства ў псіхбальніцы з гісторыі ўсё роўна не выкінеш.

Побач з начной кашуляй Жылуновіча — патрон з Курапатаў і кайданкі 1930-х.

Побач з начной кашуляй Жылуновіча — патрон з Курапатаў і кайданкі 1930-х.

Галоўны экспанат — арыгінал Маніфесту часовага рабоча-сялянскага ўраду. Яго падпісалі ў дзвюх версіях — па-руску і па-беларуску. Расійскамоўная версія — на выставе, беларускамоўная — у маскоўскім архіве.

У цэнтры — той самы Маніфест. А фішка выставы — коміксы замест вялікіх анатацый у кожнай тэматычнай зоне. Сюжэт пісалі Алесь Зімніцкі і Канстанцін Касяк (на фота). Малявала супрацоўніца музея Кацярына Арлюк.

Хто летась не схадзіў на эпахальную выставу да 100-годдзя БНР (рабіла, яе, дарэчы, тая ж каманда), можа паглядзець на многія экспанаты цяпер. Стваральнікі пачалі гісторыю БССР з нашаніўскай пары, правялі праз Першую сусветную, Усебеларускі з'езд (на гэтым стэндзе перавернутыя лавы і крэслы — сімвал брутальнага разгону — але акуратненька ляжыць падрыхтаваны з'ездам за дзесяць дзён «Праект арганізацыі аўтаномнага і рэспубліканскага ўладкавання Беларусі»).

Далей БНР: вось кукарда з Пагоняй, а вось такая ж на фота Макара Краўцова.

Слуцкі збройны чын — гэта фотазона абыгрывае рэальную гісторыю, калі атрад случакоў захапіў вазы харчразвёрстчыкаў. На возе сіняя будзёнаўка чырвонаармейца — аказваецца, яны былі розных колераў.

Нас вядуць праз Рыжскую дамову, беларусізацыю, праз 1930-я. Там і вынырваем.

Фрагменты убору чырвонаармейца пачатку 1920-х. Шабля, нагрудная адзнака («разгаворы») і, нягледзячы ні на што, кранальныя нарукаўныя нашыўкі камбрыгаў — з нейкіх дроцікаў ды ружовага атласу.

Фрагменты убору чырвонаармейца пачатку 1920-х. Шабля, нагрудная адзнака («разгаворы») і, нягледзячы ні на што, кранальныя нарукаўныя нашыўкі камбрыгаў — з нейкіх дроцікаў ды ружовага атласу.

Цікава пабачыць, як афармлялася эстэтыка БССР — мадэрністычна, эксперыментальна, абсалютна ў духу часу. Звярніце ўвагу: абапал цэнтральнай выявы герба (гэты варыянт у рэшце рэшт быў прыняты афіцыйна) вісяць два першыя эскізы, адзін з якіх амаль што прынялі, але Масква не дазволіла. Уявіце гісторыю БССР пад такім гербам у стылі ар-нуво! Або пад гербам у стылі ар-дэко з сюрэалістычнай спіраллю СССР па цэнтры…

Варыянты гербаў, пасведчанні Жылуновіча, гадзіннік Язэпа Адамовіча…

Варыянты гербаў, пасведчанні Жылуновіча, гадзіннік Язэпа Адамовіча…

А вялікі артыкул Уладзіміра Ляхоўскага пра тое, як маштабна і драматычна выбіралі герб БССР, чытайце ў апошнім нумары «Нашай гісторыі».

У калідоры — выстава савецкіх плакатаў 1920-1930-х з калекцыі Уладзіміра Садоўскага. Першыя савецкія плакаты маляваў аўтар эскізаў герба Генадзь Змудзінскі.

Карткі на хлеб жыхара мінскай Маскоўскай вуліцы і фота згаладалай чаргі мінчукоў.

Фотаздымкаў, як і летась, многа, і многа цікавых, якіх разглядаць можна па дзесяць хвілін.

Усебеларускі з'езд сялянак 1925 года. Твары рэпрэсаваных зафарбаваныя чарнілам.

Усебеларускі з'езд сялянак 1925 года. Твары рэпрэсаваных зафарбаваныя чарнілам.

Пецярбургскія беларусы-бальшавікі: салдаты, матросы з коласаўскімі тварамі, жанчына ў футраной муфтачцы… На гэтым геніяльным здымку за кожным тварам чытаецца гісторыя.

Пецярбургскія беларусы-бальшавікі: салдаты, матросы з коласаўскімі тварамі, жанчына ў футраной муфтачцы… На гэтым геніяльным здымку за кожным тварам чытаецца гісторыя.

Паглядзеўшы на твары музейшчыкаў і на іх работу, разумееш, што мы і праўда — нацыя з эфектам скошанай травы. Такі вобраз Стральцова гісторык Ігар Марзалюк згадаў на адкрыцці. Нас косяць, а мы вырастаем штораз мацнейшыя. Толькі, можа, хопіць ужо тых пакосаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?