Курц са сваёй сяброўкай Зузанай Цір. Яна працуе ў Міністэрстве фінансаў краіны. Фота nachrichten.at.

Курц са сваёй сяброўкай Зузанай Цір. Яна працуе ў Міністэрстве фінансаў краіны. Фота nachrichten.at.

У Аўстрыі кіруе выканаўчай уладай не прэзідэнт, а канцлер.

Функцыі прэзідэнта сімвалічныя, рэпрэзентатыўныя, а канцлер — гэта аналаг прэм'ер-міністра ў большасці краін. Канцлера абірае парламент, цяпер у ім большасць мае правацэнтрысцкая, хрысціянска-кансерватыўная Народная партыя, урад яна сфарміравала разам з правымі нацыяналістамі з Партыі свабоды. Народная партыя кансерватыўная ў пытаннях маралі і эканомікі, але не ў кадравых.

З 2017 года краінай кіруе Себасцьян Курц, ён стаў канцлерам у 31 год.

Курц стаў наймаладзейшым кіраўніком дзяржавы ў Еўропе. Для параўнання: прэзідэнту Францыі Эманюэлю Макрону — 41, а прэзідэнту Беларусі — 64. Роўна ўдвая больш, чым Курцу.

Аўстрыйскія народнікі сваімі поглядамі падобныя да нямецкіх хрысціянскіх дэмакратаў. Але асабісты стыль Курца моцна розніцца ад Меркель: ён большы папуліст і да міграцыі ставіцца негатыўна,

як і большасць аўстрыйцаў, зрэшты. На выбарах 2017 года партыя Курца набрала каля 32% галасоў. У сацыялістаў — 27%. Ультраправая, з сімпатыямі да Пуціна, Партыя свабоды сабрала 26%.

Дарэчы, Аўстрыя на сёння лічыцца самай прарасійскай краінай Еўрасаюза і выступае за зняццё санкцый з Крамля, уведзеных за анексію Крыма і агрэсію на Данбасе.

Сустрэча Курца з Лукашэнкам будзе не першай. Раней Курц займаў пасаду міністра па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў краіны. На гэтай пасадзе ён у 2015 годзе ўжо наведваў Беларусь.

Курц нарадзіўся ў 1986 годзе ў Вене ў сям'і інжынера і настаўніцы. Адразу пасля школы пайшоў адслужыць тэрміновую службу ў войску (Аўстрыя — сярод тых еўрапейскіх краін, якія не адмовіліся ад прызыву). Пасля службы паступіў на юрфак Венскага ўніверсітэта.

У Аўстрыйскую народную партыю Курц уступіў у 17 гадоў. А ў 23 гады, студэнтам, стаў лідарам моладзевага крыла АНП. У красавіку 2011 Курц стаў дзяржаўным сакратаром па справах інтэграцыі, а праз два гады, у 26 гадоў, узначаліў аўстрыйскае Міністэрства замежных спраў.

Цікавы факт, на момант прызначэння міністрам Себасцьян Курц яшчэ з’яўляўся студэнтам і не меў скончанай вышэйшай адукацыі. Ён быў вымушаны пакінуць універсітэт на 13-м семестры, не давучыўшыся да дыплома.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0