18-гадовая студэнтка хацела даць выспятка помніку гарадавому. І ў выніку двое сутак правяла на Акрэсціна
Грамадская актывістка Наталля Гарачка была затрыманая падчас святочнага мітынга 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы.
Яна сцвярджае, што ў ізалятары на Акрэсціна сутыкнулася з дзяўчынай, якую затрымалі за спробу ўдарыць помнік гарадавому ля будынку МУС.

Дзяўчыну завуць Аляксандра Самасюк, ёй 18 гадоў, яна студэнтка БДУ. Затрыманне адбылося ў суботу 23 сакавіка, калі Аляксандра разам з бацькам і братам гуляла па вуліцы Гарадскі Вал.
Ля таго самага помніка гарадавому дзяўчына замахнулася нагой, каб даць выспятка. У гэты момант з будынка МУС з’явілася паўтузіна міліцыянтаў. Родных дзяўчыны праваахоўнікі не чапалі, а вось самой Аляксандры давялося паехаць у ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.
Там яна правяла час да панядзелка. 25 сакавіка Самасюк павезлі ў суд Маскоўскага раёна Мінска, але працэс не адбыўся. Суддзя адправіў справу на дапрацоўку. Дзяўчыну вызвалілі ў зале суда.
Сама дзяўчына знаходзіцца ў шоку ад таго, што адбылося. Яна адмаўляецца даваць каментары.
Прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканама Наталля Ганусевіч паведаміла «НН», што такая справа сапраўды існуе. Па яе словах, справа адпраўленая на дапрацоўку. І на наступным тыдні адбудзецца новы разгляд справы ў судзе.

Скульптура гарадавога была ўсталяваная ў Мінску ў 2017 годзе. Гэта вобраз праваахоўніка часоў Расійскай імперыі. Летась падлетак Арсень даў поўху помніку гарадавому. Пасля яго затрымалі, і хлопец на відэа прасіў прабачэння ў помніка.
Супраць анархіста Касінерава была заведзеная крымінальная справа за тое, што ён накінуў пятлю на гэты помнік. Касінераў атрымаў штраф, але перад гэтым месяц правёў у ізалятары.
Каментары