Суд Цэнтральнага раёну аштрафаваў на 1020 рублёў сустаршыню руху салідарнасьці «Разам» Алену Талстую за акцыю на Кастрычніцкай плошчы Менску 25 сакавіка. Пастанову вынесла судзьдзя Вікторыя Шабуня, паведамляе «Радыё Свабода».

Увечары 25 сакавіка актывістка на Кастрычніцкай плошчы прыкавала сябе ланцугом да вазона з кветкамі. Гэтак Талстая пратэставала супраць:

  • затрыманьняў на мітынгу-канцэрту на Дзень Волі 24 сакавіка ў Менску;
  • абмежаваньня палітычных свабодаў у Беларусі.

Да суду Алена Талстая тры дні трымала галадоўку ў ізалятары часовага ўтрыманьня. У судзе актывістка паведаміла, што ў ізалятары ёй не давалі магчымасьці пісаць скаргі і заявы.

Алена Талстая вінаватай сябе не прызнала. Падчас працэсу сьведкі-міліцыянты блыталіся ў паказаньнях. Абаронца актывісткі прасіла суд апраўдаць яе, бо, на думку адвакаткі, складу адміністрацыйнага правапарушэньня не было.

Пры затрыманьні 25 сакавіка міліцыянты забралі ў Алены Талстой бел-чырвона-белы сьцяг. Куды ён потым падзеўся, высьветліць не ўдалося. Міліцыянт, які забраў сьцяг, адмовіўся адказваць на гэтае пытаньне.​

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?