«Від homo sapiens у той форме, у якой мы яго ведаем цяпер, знікне цягам стагоддзя або прыблізна так», — сказаў Юваль Ной Харары ў інтэрв'ю для The Guardian пасля выхаду ангельскай версіі яго кнігі Homo Deus.

Гэтая фраза найлепш ілюструе спосаб мыслення гэтага слаўнага аўтара. Яго цікавяць, па-першае, «вялікія пытанні» (кажучы даўнейшай мовай, метафізіка), па-другое, ён жадае прадказваць будучыню, прычым не толькі блізкую, але і далёкую, і, па-трэцяе, яго бачанне будучыні грунтуецца на пэўным бачанні мінулага: Харары верыць, што гісторыя homo sapiens разгортваецца адпаведна сціслым законам.

Юваль Харары — гэта ізраільскі філосаф, выкладчык у Габрэйскім універсітэце Іерусаліма, сімпатык будызму. Славу яму прынеслі кнігі Sapiens: кароткая гісторыя чалавечага роду (ангельскае выданне — 2014) і Homo Deus: кароткая гісторыя заўтра (анг. — 2016) — яны былі перакладзены на 45 моў, а іх сумарны наклад сягаў 12 млн асобнікаў. Пасля такога ашаламляльнага поспеху філосаф вырашыў напісаць кнігу 21 урок на 21 стагоддзе, якая выйшла ў другой палове 2018 года і выглядае на тое, што попыт на яе не саступіць попыту на папярэднія творы. Давайце паглядзім, што гэта за ўрокі.

Кніга складаецца з пяці частак. У першай аўтар абмяркоўвае асаблівасці тэхналагічнага прагрэсу, крызіс ліберальнай мадэлі, прадказвае масавае беспрацоўе і магчымасць «лічбавай дыктатуры». «Чалавецтва страчвае веру ў ліберальны аповед, што дамінаваў у сусветнай палітыцы цягам дэкадаў», — прыкмячае аўтар.

У другой частцы аўтар разважае над трансфармацыйным патэнцыялам новых тэхналогій. Пытае, ці сацыяльныя сеткі тыпу Facebook могуць стварыць сусветную супольнасць, у якой панавала б свабода і роўнасць. Абмяркоўвае таксама перспектывы глабалізацыі, праблему іміграцыі, уздым нацыяналізмаў і ролю традыцыйных рэлігій. Цвердзіць, што цывілізацыя на зямным шары толькі адна, што нацыяналізм не здольны даць адказ на глабальныя выклікі, а традыцыйныя рэлігіі, якія ў мінулым не спраўдзіліся ў сферы медыцыны і земляробства, тым больш не пасуюць для эры высокіх тэхналогій.

У трэцяй частцы Харары займаецца праблемай тэрарызму, імавернасцю вялікай вайны і рознымі формамі нянавісці, якія могуць перарасці ва ўзброеныя канфлікты. У гэтым месцы ён таксама аналізуе спецыфіку «ліберальнай думкі», асновы дэмакратыі і «цені секулярызму».

На яго думку, лібералізм учыніў «міфічныя істоты» базісам сучаснага грамадства, паколькі беспадстаўна прыпісаў кожнаму індывіду рацыянальнасць. Аналагічна і дэмакратычны лад ды рынкавая эканоміка грунтуюцца на памылковых перакананнях, што «выбарца ведае найлепш» або «кліент заўжды мае рацыю». Секулярызм таксама мае свае догмы, напрыклад, «правы чалавека», якія ў 21 стагоддзі могуць аказацца небяспечнымі, бо новыя тэхналогіі, на думку філосафа, неўзабаве зменяць само разуменне «чалавека».

У чацвёртай частцы філосаф уздымае праблему «фэйкаў» і «постпраўды» і спрабуе зразумець, ці ўвогуле магчыма адрозніць фікцыю ад рэальнасці. Фэйкавасць ён знаходзіць паўсюль: у рэлігійных аповедах, у сучасных ідэалогіях, у нацыянальных гісторыях і ў большай частцы штодзённай камунікацыі.

У пятай частцы аўтар разважае пра сэнс жыцця і дае парады, што рабіць, калі старыя аповеды заняпалі, а новыя яшчэ не вынайдзены. На яго думку, у найбліжэйшым часе найбольш важна будзе навучыцца «спраўляцца са зменамі, вучыцца новым рэчам і захоўваць ментальную раўнавагу ў незнаёмых сітуацыях».

Вось так у вялікім скарачэнні выглядае змест апошняй кнігі Харары. Цяпер — каментар.

Насамперш трэба пазначыць, што разважанні аўтара пазбаўлены лагічнай звязнасці. Напрыклад, у адным месцы ён заяўляе, што «ніхто не ведае, як свет будзе выглядаць у 2050», а праз некалькі старонак сцвярджае катэгарычна, што «да 2048 года фізічныя і кагнітыўныя структуры растопяцца ў паветры або ў воблаку інфармацыйных бітаў», каб пазней зноў заявіць: «калі ласка, не ўспрымайце гэты сцэнар літаральна».

Пасля абзаца напамінаў (ці саманапамінаў), што мы «не можам быць упэўненымі наконт якога-кольвечы сцэнара», аўтар зноў вяртаецца на папярэднюю сцяжыну і зноў пачынае гаварыць катэгарычна: «Да сярэдзіны ХХІ стагоддзя ўсё больш хуткія змены плюс даўжэйшы час жыцця ўчыняць традыцыйную мадэль [навучання] састарэлай. Жыццё разарвецца на часткі, і будзе ўсё меней і меней пераемнасці паміж рознымі перыядамі жыцця».

Другая рыса разважанняў Харары — падмена аргументацыі рытарычнымі фігурамі.

Для прыкладу, працэс спаборніцтва паміж фашызмам, камунізмам і лібералізмам (трыма «глабальнымі аповедамі»), Харары апісвае так: «У 1938 годзе людзі мелі ў сваім распараджэнні тры глабальныя аповеды, у 1968 іх было толькі два, у 1998 толькі адзін стаў даміноўны, а ў 2018 у нас такіх аповедаў — нуль». Рытміка лічбаў 1938 — 1968 — 1998 — 2018 мае, бясспрэчна, выдатны рытарычны эфект, а накладзеная на яе градацыя тры — два — адзін — нуль гэты эфект падвойвае. Літаратурнаму таленту аўтара — брава. Толькі ёсць адна праблема. Кніга належыць да катэгорыі non-fiction і характарызуецца як «філасофія» або нават «грамадскія навукі», то бок прэтэндуе на аргументаванае выясненне з'яў у рэальным свеце. Ясна, што гэтыя дзве рэчы — рытарычныя эфекты і аргументаванае выясненне — можна сумяшчаць, адно не мусіць супярэчыць другому. Але ў выпадку Харары маем дачыненне менавіта з падменай аргументацыі рытарычнымі фігурамі.

Дапусцім, што ў 1938 былі толькі «тры глабальныя аповеды» (было б пажадана і гэту тэзу патлумачыць і абгрунтаваць, але прымем яе за добрую манету). Дапусцім, што ў 1968 такіх аповедаў было толькі «два» (хоць гэта вельмі нацягнутая тэза, бо неанацызм і неафашызм не зніклі пасля вайны, а проста «перайшлі ў апазіцыю»). Але

што можа значыць, што ў 1998 г. быў толькі адзін «глабальны аповед» — лібералізм? Не было ў гэтым годзе камуністычнага Кітая або Кубы? Не было дзясяткаў уплывовых камуністычных партый у розных краінах свету? Далей: што значыць, што ў 2018 г. няма ніводнага глабальнага аповеду? То бок нават лібералізм знік? Няма ўжо ўплывовых палітыкаў, эканамістаў або сацыяльных груп, якія падтрымлівалі б ліберальныя ідэі? Няма прыхільнікаў камунізму? Няма ўжо Кітая, няма КПРФ — усё гэта раптам ператварылася ў ілюзію, нешта існуючае-неіснуючае?

Як гэта сумяшчаецца з выражаным на пачатку кнігі перакананнем самога аўтара, што лібералізм — вельмі ўстойлівая дактрына, якая паспяхова перажыла крызісы 1938 і 1968 гг., а цяперашні крызіс — менш сур'ёзны за тыя?

Аўтару характэрна таксама ператварэнне аб'екта ў саламянае пудзіла — гэта значыць, выбарчае надзяленне аб'екта такімі рысамі, якія дазваляюць лёгка ўзвысіцца над ім. Прыкладам такога «ператварэння ў пудзіла» ў айчынным кантэксце можа быць выраз: Нашаму народу важная толькі чарка і скварка (надзяліўшы народ такімі рысамі, узвысіцца над ім становіцца надзвычай лёгка).

Пакінем убаку пытанне пра тое, як Харары характарызуе хрысціянства, іслам, традыцыйны юдаізм або нацыяналізм — кніга яўна не пісалася з думкай пра тое, каб спрыяць дыялогу з гэтымі плынямі. Але аўтар ператварае ў пудзіла не толькі вялікія рэлігіі або нацыяналізм, але таксама лібералізм — плынь, якую ён нібыта паважае і нават абараняе ад розных «папулістаў» і «нацыяналістаў». Возьмем для ілюстрацыі наступныя выказванні: «Згодна з ліберальнай міфалогіяй, калі ты знаходзішся дастаткова доўга ў гэтым вялікім супермаркеце, раней ці пазней ты спазнаеш ліберальнае богааб'яўленне і ўсвядоміш сапраўдны сэнс жыцця». І яшчэ: «Лібералізм традыцыйна спадзяваўся на тое, што эканамічны рост нейкім магічным спосабам вырашыць складаныя сацыяльныя і палітычныя канфлікты» (курсівы дададзены). Гм, уяўляеце Фрыдрыха Хаека або Людвіга фон Мізэса, якія распрацоўваюць мадэлі эканамічнага росту і раз-пораз прыгаворваюць: «Чары-мары, шуры-муры, усе канфлікты — псік!»

З таго, што Харары піша пра лібералізм, вымалёўваецца прыкладна такая карціна: лібералы — гэта наіўныя падлеткі-ідэалісты, якія вераць, што ўсе індывіды рацыянальныя і што калі даць ім свабоду, то яны заўжды зробяць найлепшы выбар; лібералы таксама трызняць пра такую грамадска-палітычную сістэму, дзе ўсе канфлікты знікнуць. Стварыўшы такі вобраз лібералізму, можна спакойна апранаць мантыю вялікага мудраца і пачынаць паблажліва тлумачыць, што «не ўсё так проста». Пытанне толькі: ці ёсць хоць адзін ліберал, каторы лічыць, што ўсё так проста?

На такое прымітызаванае апісанне лібералізму накладаецца згаданая раней рыса: лагічная нязвязнасць і непаслядоўнасць. У адным месцы Харары дыягназуе псіхалагічны стан лібералаў як «надзея» на тое, што лібералізм вернецца, у іншым месцы — як «роспач» (dispair) з-за яго заняпаду. Дык як ёсць на самай справе: лібералы жывуць надзеяй ці роспаччу? Хтось іншы адказаў бы: «Дык жа лібералы ёсць розныя, магчыма, адны жывуць надзеяй, іншыя — у роспачы». Праблема, аднак, у тым, што Харары не дыферэнцыюе лібералаў (гэтаксама як і іншыя культурна-ідэйныя групы), а гаворыць пра іх так, нібыта яны існуюць выключна як калектыўнае цэлае, са сваёй уласнай калектыўнай «сутнасцю».

Такі спосаб апісання называецца эсэнцыялізмам, і гэта чарговая характэрная рыса Харары.

Яшчэ адна рыса разважанняў Харары — размыванне паняццяў.

Гэта дзеецца ў розных месцах кнігі, але найбольш яскрава праявілася ў 17 раздзеле, названым «Постпраўда». Менавіта ў гэтым раздзеле аўтар уздымае вельмі вострую і актуальную праблему: распаўсюд фэйк-навінаў з выкарыстаннем новых тэхналогій. «Постпраўда» і фэйк-навіны былі галоўнай тэмай Мюнхенскай канферэнцыі 2017 года. Палітыкатворцы ў розных краінах стаяць перад цяжкай задачай — знайсці аптымальны баланс паміж процідзеяннем фэйкам і забеспячэннем свабоды слова. Ключавы момант у гэтым працэсе — займець як мага больш яснае і адназначнае разуменне «фэйка». Заканадаўчая норма па супрацьдзеянні фэйкам, спалучаная з дэзарыентацыяй наконт таго, што такое «фэйк», прывяла б да небяспечных наступстваў.

Што ў гэтым плане прапануе Харары? «Некаторыя фэйкі застануцца назаўсёды» — гэта фактычна першы, выдзелены ў якасці падзагалоўка, пасыл 17-га раздзела. Што гэта значыць? Перадусім адзначым, што аўтар не бачыць адрозненняў паміж «фэйкам», «фікцыяй», «прапагандай», «дэзынфармацыяй», «міфам», «кагнітыўным скажэннем», «памылковай высновай» і «постпраўдай» — усё гэта ён скідае ў адну кучу. Пры такой размытасці тэрміналагічнага апарату Харары можа з лёгкасцю заявіць, што «людзі заўсёды жылі ў эпоху постпраўды. Homo sapiens — гэта від постпраўды, чыя сіла залежыць ад стварання і верання ў фікцыі». «Фэйк-навінай» Харары называе, напрыклад, тэзу, што «Ева была спакушана змеем», што «душы няверных будуць гарэць у пекле» або што «стварыцель свету не любіць, калі брамін жэніцца з недатыкальнай». Увогуле, цэлыя рэлігіі — гэта «фэйк-навіны», а розніца са звычайнымі «фэйк-навінамі» толькі ў тым, што першыя трываюць тысячы гадоў і падтрымліваюцца мільёнамі гадоў.

Тут не месца, каб займацца падрабязным аналізам названых праблем. Абмяжуемся толькі зацемай, што

Харары, жадаючы любой цаной здзівіць і ўразіць чытача, забывае пра этычнае вымярэнне сваіх разважанняў. Праблема фэйкаў — гэта не нейкая банальная і дробная праблема, якую можна зрабіць нагодай для інтэлектуальных забаваў. Гэта рэч, якая закранае фундаментальныя жыццёвыя сферы чалавека. Уявіце, што нейкі зламыснік запускае ў сеціве фальшывую інфармацыю, што Н.М. — гэта педафіл. Пад «Н.М.» падстаўце сваё імя, або імя вашага брата, сына, бацькі, або блізкага сябра. Неўзабаве з'яўляюцца «фотадоказы» праўдзівасці «навіны». Пазней — фэйкавыя сведчанні ананімных «ахвяр». З гэтага моманту любое слова, якое Н.М. скажа, або яго маўчанне, пачынае ўспрымацца як пацвярджэнне «навіны». Яго звальняюць з працы, блізкія адварочваюцца, асяроддзе праклінае. Як процідзейнічаць такім сітуацыям? З перспектывы Харары — ніяк. Бо фэйк — гэта частка чалавечай натуры, сутнасць homo sapiens'а. Папросту змірыцеся, вам проста не пашанцавала.

Можна ўявіць іншую сітуацыю. Навуковец у ходзе даследаванняў фармулюе гіпотэзу і публікуе яе ў якім-небудзь артыкуле. Пазней, у ходзе эмпірычнай праверкі, гіпотэза аказваецца фальшывай. Да аўтара прыходзіць паліцыя і арыштоўвае, спасылаючыся на «закон аб фэйках». Правільна?

Абодва прыклады — гэта цалкам імаверныя наступствы размывання паняцця фэйку. Наколькі такія наступствы могуць быць датклівыя, можам пабачыць на прыкладзе іншых сфераў. Беларускія праваабаронцы няспынна рапартуюць пра пакалечаныя лёсы дзясяткаў маладых людзей у звязку з тым, што размытыя фармулёўкі артыкула 328 Крымінальнага кодэкса РБ адкрываюць шырокія магчымасці злоўжывання на этапе законапрымянення. Пункт 6 Дэкрэта №7 2017 г., які змяшчае расплывістую фармулёўку пра «ўзмацненне адказнасці кіраўніка прадпрыемства» за недахопы ў гаспадарчай дзейнасці, успрымаецца бізнэс-коламі вельмі адмоўна, і слушна, бо такія фармулёўкі — пастаянны дамоклаў меч, які можа несправядліва ўдарыць у любы момант.

Юваль Харары не толькі не дапамагае знайсці эфектыўныя шляхі процідзеяння фэйкам, але шкодзіць працэсу іх шукання, паколькі размыванне ключавых паняццяў вядзе да таго, што крытэры ацэнкі пераносяцца ў эмацыйную сферу. Практычным наступствам можа стаць паўсюднае перакананне, што фэйк — гэта тое, што мяне абурае.

Можна ўявіць таксама, якія наступствы «Хараравага мысленне» можа мець для культуры публічных дыскусій. Практычна любая светапоглядная або ідэалагічная група можа пачаць цяпер абзываць сваіх апанентаў «фэйк-мэйкерамі», бо практычна ва ўсіх можна знайсці — наўмысныя ці ненаўмысныя — скажэнні або недакладнасці і называць іх «фэйкамі». У такой сітуацыі канструктыўны дыялог немагчымы.

У сваёй папярэдняй кнізе Homo Deus Харары энергічна даводзіў, што свабодная воля — гэта міф, што людзі — гэта ўсяго толькі прылады стварэння інтэрнэту-ўсіх-рэчаў, што працэс ператварэння чалавека ў элемент касмічнай інфасістэмы — гэта эвалюцыйнае наканаванне і што пачуцці чалавека ў інфармацыйную эпоху пазбаўлены якой-кольвечы вартасці. Ясна, што такія погляды не сумяшчальны з базавымі прынцыпамі лібералізму, але гэта не перашкаджае аўтару ў новай кнізе какетліва хваліць «поспехі ліберальнай думкі» і крывадушна заяўляць пра сваю салідарнасць з лібералізмам перад абліччам «пагроз».

Насамрэч, аўстрыйская Партыя свабоды або польская «Права і справядлівасць» маюць нашмат больш супольнага з ліберальнымі каштоўнасцямі, чым філасофія Харары.

Філасофія Юваля Харары — гэта рэмэйк утапічных і гістарыцысцкіх сістэм ХІХ стагоддзя.

Харары нашмат бліжэй да Гегеля або позняга Конта, чым да Попера, Хаека або Агасі. Попыт на такую філасофію зразумелы на фоне (міні)крызісу ліберальнай мадэлі і перафарматавання мэйнстрыму. Крызіс — гэта тэст для чалавечай свабоды, паколькі ў такіх сітуацыях трэба прымаць нешаблонныя рашэнні. Тыя, хто баяцца свабоды і не хочуць выйсці па-за шаблоны, будуць шукаць нейкай філасофіі, якая пакажа адназначны напрамак, спаслаўшыся на «законы гісторыі» або «законы эвалюцыі». Некаторым прасцей ісці ў напрамку прорвы, але з перакананнем, што гэта «наканавана», чым выбраць перспектыўны напрамак са свядомасцю, што адказнасць за выбар спачывае на ім самім.

Юваль Харары — гэта цудоўная знаходка для тых, хто хоча ўцячы ад свабоды і перакінуць цяжар выбару на «законы гісторыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?