Фота з Вікіпедыі.
У электрычцы ў Маскоўскай вобласці затрымалі мужчыну, які знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку. Як паведамілі ТАСС у прэс-службе ўпраўлення на транспарце МУС па Цэнтральнай федэральнай акрузе, затрыманы мужчына быў раней 30 разоў асуджаны на тэрыторыі Беларусі.
«Мужчына распіваў спіртныя напоі ў вагоне электрычкі, чым прыцягнуў увагу паліцыянтаў. На пытанне аб наяўнасці ў яго забароненых прадметаў, паведаміў, што мае зброю. У кайданках мужчыну даставілі ў дзяжурную частку лінейнага аддзела на станцыі Люберцы, дзе ў ходзе дагляду ў яго знайшлі два прадметы, падобныя да пісталетаў, а таксама два магазіны, адзін з якіх з шасцю патронамі», — сказаў суразмоўца агенцтва.
30-гадовы беларус растлумачыў паліцыянтам, што ў Расіі хаваецца ад крымінальнага пераследу ў сябе на радзіме. У Падмаскоўі ён хацеў знайсці працу і жыллё. «У дачыненні да гэтага грамадзяніна распачата крымінальная справа па частцы 1 артыкула 222 КК РФ («Незаконнае набыццё, перадача, збыт, захоўванне, перавозка або нашэнне зброі, яе асноўных частак, боепрыпасаў»)», — паведамілі ў прэс-службе.