Тры гады мінчанін гвалтаваў маленькіх дзяўчатак з Наваполацку, здымаў усё на відэа і прадаваў ролікі на порнасайты. А яшчэ запрашаў замежнікаў бавіць час з дзецьмі. Паводле паведамлення МУС, мамы дзяцей не проста ведалі пра гвалт, але дапамагалі злачынцу і атрымлівалі за гэта грошы.

Чытайце:
Педафіл арганізоўваў замежнікам сэкс-туры ў Беларусь: гвалтавалі маленькіх дзяўчатак, іх маці ўсё ведалі і самі здымалі порна

У якой сям'і раслі дзеці і ці ведалі сябры і родныя пра тое, што адбываецца, расследуе TUT.BY.

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Марына і Святлана — зводныя сёстры (у інтарэсах пацярпелых дзяцей імёны іх бацькоў змененыя). Старэйшай Марыне — 34 гады, малодшай Святлане — 25. На іх старонках у сацсетках шмат фатаграфій з дзецьмі, яны былі падпісаныя на групы для клапатлівых мам.

Маці пацярпелых дзяцей былі сіротамі

— Святлана вучылася са мной у адной школе, — распавядае жыхарка вёскі ў Віцебскай вобласці. — Яна сірата. Бацька яе ў турме часта сядзеў, маці памерла. Яна жыла з бабуляй і дзядулем. Яны вельмі добрыя людзі былі, любілі яе. Але яны таксама памерлі.

Пасля школы Света, па словах аднавяскоўцаў, вучылася ў ПТВ на швачку і ў родную вёску за апошнія гады прыязджала толькі пару разоў.

— Дачку яна з сабой не брала, — успамінае суразмоўца. — Наконт выпіўкі так скажу: алкагалічкай Святлана не была. Ну на святы вып'е — і ўсё. Пры мне яна ніколі не напівалася.

Знаёмыя кажуць, аліменты на дзіця бацька не плаціў і жыве недзе ў Расіі. Ён таксама сірата.

Марына сканчала школу ў інтэрнаце.

— Мы разам вучыліся, — кажа яе знаёмая. — Ведаю, што яна вяла амаральны лад жыцця — і сужыцелі мяняліся, і выпіць любіла, і дзяцей кідала будзь на каго. На працы яна нідзе асабліва не затрымлівалася. Вось таму ў яе і забіралі дзяцей. Тады яна ўжо ўладкоўвалася кудысьці. Кватэра ў яе была сацыяльная, ад дзяржавы. Яны з сястрой там і жылі.

У Марыны дзве дачкі, пацярпелай па справе праходзіць малодшая.

Сужыцелі не падазравалі, чым займаюцца сёстры

Затрымалі сясцёр у ліпені 2018-га. Іх сужыцелі, па словах родных, нават не падазравалі, што ў іх пад бокам такое адбываецца.

— Сын сустракаўся са Светай каля года, — успамінае маці сужыцеля, сам ён праходзіць сведкам па справе. — Людзі мне казалі: «Сын твой трапіў у глупства з гэтай дзеўкай». Але што сказаць? З выгляду добрая была дзяўчына. Ну з дзіцем, цяпер шмат такіх! Святлана дачку любіла, малая чыстая, апранутая была, рэчаў у яе было шмат. Па дачцэ нічога не заўважыш. Яны да мяне ўсе разам прыязджалі, я дзяўчынку як сваю родную ўнучку любіла. І мыла я яе — нічога не заўважала. А ўлетку спякота, яна ў трусіках і маечцы бегала — ні сінякоў, нічога. Яна ж маленькая такая, як такое наогул магло адбыцца, не разумею! Калі даведалася, тры тыдні плакала, не магла ў сябе прыйсці. Ды калі б я раней знала, не ведаю, што б зрабіла з той мамай.

Па словах жанчыны, яе сын таксама ні пра што не здагадваўся:

— У ліпені прыходзіць дадому з рэчамі. Я падумала, яны пасварыліся. А ён кажа: «Быў ператрус, затрымалі Свету». Я думала, ну, можа, за наркотыкі ўзялі — грошы былі патрэбныя ці што. Але пра вось гэта (сэксуальны гвалт. — Рэд.) — ніколі! Я прасіла сына: «Скажы праўду!». А ён: «Ды ты што, мама! Ды калі б я ведаў, хіба б я нічога не рабіў?» Яго ж следчыя выклікалі, дапыталі і адпусцілі. Дзякуй Богу што не забралі.

Суразмоўца звяртае ўвагу, што ў Светы заўсёды былі грошы, хоць працу яна часта мяняла, у апошні час была прыбіральшчыцай.

— Адкуль яна брала грошы, я не ведаю. А яшчэ бывала, што яна дачку аддавала сястры на некалькі дзён. Казала, на адпачынак.

Святлана за час знаходжання пад вартай даслала усяго адзін ліст.

— Што яна піша? «Не чакай, уладкоўвай сваё жыццё. Пасадзяць мяне, напэўна, надоўга. Але я не вінаватая», — распавядае суразмоўца. — Пра дачку ў лісце яна нічога не распытвала.

Пацярпелых дзяўчатак адразу забралі ў прытулак, іх маці пішуць, што невінаватыя

Пацярпелых дзяўчатак адразу пасля затрымання іх мам змясцілі ў прытулак. Святлана напісала сваякам з просьбай, каб яны забралі да сябе яе дзіця.

— Нам яна напісала, што ні ў чым не вінаватая, — распавёў TUT.BY сваяк. — Нібыта Света вазіла дачку ў Мінск у госці да гэтага мужчыны (абвінавачанаму ў педафіліі. — Заўвага Рэд.). І там адбываліся ўсе справы. Даведаліся мы ад яе стрыечнай сястры. Былі ў такім шоку, вы нават сабе не ўяўляеце! Лічы, пад бокам усё адбылося. Мы нічога не ведалі, нічога не заўважалі.

Мужчына кажа, што разам з жонкай наведваў малую ў прытулку.

— Стан у яе нармальны быў. Калі нас бачыла, радавалася. Ну дзіцячы дом ёсць дзіцячы дом.

Цяпер дзіця жыве ў сваякоў Святланы.

Знаёмыя Марыны, старэйшай сястры, таксама кажуць, што былі ў шоку, калі даведаліся, у чым падазраюць жанчыну.

— З нашых агульных знаёмых наогул ніхто не ведаў, нават уявіць такое цяжка, — кажа сяброўка. — Пра мужчыну гэтага (які абвінавачваецца ў педафіліі. — Заўвага Рэд.) нічога не ведаю, Марына толькі казала, што гэта яе стары добры сябар. Чула, ён падарункі ўсякія купляў і моцна быў прывязаны да дзяцей. Святлана аддавала Марыне сваю дачку, бо працавала. А Марына часта адвозіла дзяцей таму мужчыну, нібыта ў госці. Хлопец Марыны успамінаў, што малая потым плакала, не хацела нікуды ехаць, але гэта спісвалі проста на дзіцячыя капрызы. Па дзяўчынках нічога нельга было сказаць. Я і адну, і другую ведала — вясёлыя, прыязныя малыя.

Суразмоўца чула, што знаёмыя крытыкуюць «амаральны» лад жыцця Марыны — і выпівала, і мужчын часта мяняла, і дзяцей пакідала. Але, кажа, апошні год Марына пастаянна жыла з хлопцам, ніхто нічога дрэннага пра яе не гаварыў.

— Сёстры працавалі апошнім часам. Старэйшая — у школе (абслугоўваючы персанал. — Заўвага Рэд.) — гэта яе ад Цэнтра занятасці адправілі, каб дзяцей не забралі. Я нават не адразу даведалася, што ў яе двое дзяцей насамрэч было, але старэйшая дзяўчынка не пацярпела. Гэтая навіна для нас была сапраўдным шокам. Ведаю, што Марына ў лістах піша, што не вінаватая. Хоць раней казалі, што на першых допытах яна прызнала віну.

***

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова паведаміла TUT.BY, што расследаванне па справе працягваецца. У СК пакуль устрымліваюцца ад каментароў.

Паводле звестак МУС, асноўны фігурант па справе — мінчанін, які на працягу 20 гадоў здымаў порнаролікі з удзелам дзяцей. Ахвярамі станавіліся дзеці яго сяброў і знаёмых, якія падчас гвалту знаходзіліся ў суседнім пакоі. Пасля заканчэння універсітэта мужчына афіцыйна не працаваў, хоць па спецыяльнасці ён праграміст. Асноўным заробкам для яго быў выраб порна. На пачатку 2000-х ён разам са знаёмым з ЗША адправіўся ў Камбоджу, дзе яны гвалтавалі дзяцей і здымалі гэта на відэа. Амерыканскі сябар на 30 гадоў трапіў за краты, беларусу тады ўдалося пазбегнуць пакарання. У 2011 годзе ён пераехаў ва Украіну, дзе яго пакаралі за распаўсюд порна. Выйшаў на волю і вярнуўся ў Беларусь.

Са старэйшай сястрой з Наваполацку ён пазнаёміўся ў 2015 г. Па звестках міліцыі, яны жылі разам. Порнастудыю мінчук арганізаваў дома, дзе гадамі гвалтаваў дачку і пляменніцу сужыцелькі, дзяўчынкам было 2 і 4 гады. Порнаролікі ён прадаваў у закрытых сетках па 30 даляраў. Акрамя таго, ладзіў сэкс-туры для замежнікаў. За здзек над дзіцем атрымліваў ад 2 да 3 тысяч даляраў.

Маці, па словах праваахоўнікаў, не толькі ведалі пра злачынную дзейнасць, але і дапамагалі гвалтаваць дзяцей і здымаць усё гэта на відэа, за што атрымлівалі грошы.

Беларускія праваахоўнікі разам з Інтэрполам працягваюць высвятляць, ці былі ў галоўнага фігуранта памагатыя за мяжой.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?