Чым алкагалізм адрозніваецца ад п’янства?

flickr.com

flickr.com

Алкагалізм, або сіндром алкагольнай залежнасці (па класіфікацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя) — хвароба, якая вырастае з п’янства (празмернага ужывання алкагольных напояў). Алкагалізм характарызуецца цяжкімі паталагічнымі зменамі ва унутраных органах і псіхіцы чалавека. Прыкмета алкагалізму — фарміраванне фізіалагічнай і псіхічнай цягі да алкаголю, падобнай да пачуцця голаду, хаця механізм яе прынцыпова іншы. Вобразна кажучы, алкаголік п’е калі хоча і калі ня хоча. У п’яніцы такіх клінічна выражаных парушэнняў няма. П’яніца п’е калі хоча.

Ці кожны п’яніца стане алкаголікам?

Не, не абавязкова. Ёсць людзі, якія рэгулярна п’юць гадамі і дзесяцігоддзямі, і пры гэтым у іх не фарміруецца залежнасць. Але такіх адзінкі. І праблема ў тым, што мяжа паміж п’янствам і алкагалізмам невыразная і расплывістая. Вельмі цяжка вызначыць, калі яна пройдзена. А назад вярнуцца немагчыма.

maxpixel.net

maxpixel.net

Не існуе «бяспечных» доз алкаголю і бяспечных відаў алкаголю. Алкаголікам можна стаць, ужываючы слабае піва або моцную гарэлку, таннае пладова-ягаднае віно або вышуканы каньяк. Каб дайсці да моцнай алкагольнай залежнасці, часцяком дастаткова 5—10 гадоў больш-менш актыўнага ўжывання спіртнога. У маладым узросце для гэтага патрабуецца яшчэ менш часу. Хутчэй гэты працэс праходзіць і ў жанчын. Каля 10% людзей, якія п'юць — безнадзейна хворыя людзі, якія самастойна ўтрымацца ад ужывання алкаголю і вярнуцца да нармальнага жыцця не ў стане.

Што адбываецца ў арганізме алкаголіка?

Пры паступленні алкаголю ў арганізм ў ім адбываюцца змены, якія датычацца ў першую чаргу нервовай сістэмы. Моцнае тармажэнне нервовых працэсаў прыводзіць да характэрных зменаў ў паводзінах чалавека: павышаецца самаацэнка, назіраецца ненатуральнае ажыўленне, страта каардынацыі рухаў. Чалавек адчувае эйфарыю. Пры больш высокіх канцэнтрацыях алкаголю ў крыві адбываюцца больш сур'ёзныя змены ў дзейнасці нервовай сістэмы, аж да стану наркатычнага сну.

wikimedia.org

wikimedia.org

Пастаяннае алкагольнае атручэнне прыводзіць да незваротных змен унутраных органаў, нервовай сістэмы, сардэчнай мышцы і г.д. У выніку парушэння функцый стрававальнай сістэмы можа наступіць знясіленне арганізма. Дзеянне алкаголю на нервовую сістэму можа стаць прычынай псіхічных захворванняў (алкагольных псіхозаў), самы цяжкі з якіх — «белая гарачка» з развіццём галюцынацый і прыпадкаў алкагольнай эпілепсіі. Алкаголікі значна часцей становяцца ахвярамі розных смяротных выпадкаў, вялікі працэнт алкаголікаў сярод самагубцаў. Іх жыццё карацей на 10—20 гадоў у параўнанні са сярэднестатыстычнай працягласцю жыцця. Больш высокая смяротнасць сярод мужчын у параўнанні з жанчынамі часткова тлумачыцца таксама злоўжываннем алкаголем (праўда, сюды варта прыплюсаваць і больш актыўнае курэнне мужчын). Алкагалізм — праблема не толькі медыцынская, але і сацыяльная, бо яе часта суправаджае распад сям'і, прафесійная дэградацыя, аўтамабільныя аварыі, злачыннасць. З'ява гэта тычыцца не толькі групы людзей, схільных гэтай згубнай залежнасці. Яна мае больш шырокі аспект з пункту гледжання розных негатыўных наступстваў для грамадства. У асяроддзі кожнага, хто моцна п'е, знойдзецца як мінімум некалькі чалавек, якія пакутуюць ад яго п'янства.

Злоўжываюць алкаголем людзі з усіх слаёў грамадства — як з заможных, так і з бедных.

Чаму людзі п’юць?

Парадокс у тым, што, хаця злоўжыванне алкаголем складае сур’ёзную глабальную праблему, дакладная прычына (або, як кажуць медыкі, этыялогія) таго, чаму людзі злоўжываюць алкаголем, да гэтых пор не вядомая. Часцей за усё медыкі гавораць пра комплекс прычынаў: біяхімічных, фізіялагічных, псіхалагічных, сацыяльных. Але нават усе яны разам не праясняюць прычын алкагалізму да канца і вычарпальна, і з гэтым павязана тое, што на сёння не існуе абсалютна надзейнага, рэзультатыўнага спосабу лячэння алкагалізму.

Як лечаць алкагалізм?

Вядомая французская спявачка Эдыт Піаф, якая лячылася ад алкагалізму ў клініцы, казала пра гэта так:

«Дактары сабе асабліва галавы не ламаюць.

Метады тут такія ж, як пры наркаманіі. Кожны дзень памяншаюць дозу алкаголю, але адначасова падмешваюць у яе ірвотнае. Таму, калі табе падаюць келіх з віном і ты ведаеш, што калі вып'еш, то будзе ірваць, цябе ўжо ад аднаго выгляду пачынае ванітаваць. Падлей катавання не прыдумаць! Я не ведала, на якім я свеце.

Як хворы сабака, я выла на сваім ложку: «Даволі! Даволі!»Некалькі разоў у мяне паўтараліся прыступы, і я бачыла агідных, слізкіх, валасатых сараканожак. Клянуся, у гэты час ружовыя сланы ня з'яўляюцца! Невыносныя пакуты!

У жыцці не магла сабе ўявіць, што нашы вясёлыя выпіўкі зацягнуць мяне ў гэтую бездань. Курс лячэння ад алкагалізму агідны да немагчымасці. Але тыя, у каго хапае волі пайсці на гэта, — сапраўдныя людзі!».

З часоў мадам Піаф метады лячэння алкагалізму удасканаліліся, але кардынальна не змяніліся. Трэба разумець, што ўсе яны цяжкія і непрыемныя.

Так, напрыклад, адзін з метадаў лячэння алкагалізму — ушыванне пад скуру пацыента ампулы з рэчывам, якое пры траплянні ў арганізм пацыента алкаголю прыводзіць да смерці хворага. Як гэта, насіць у сабе «бомбу» і разумець, што калі ты не стрымаешся, яна узарвецца?

У Беларусі тых, хто ў стане алкагольнага ап’янення паводзіцца асацыяльна, пасля некалькіх парушэнняў накіроўваюць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Ва ўмовах ізаляцыі, блізкіх да турэмных, і прымусовай працы, людзі не маюць магчымасці набыць алкаголь, і так мае адбыцца іх выздараўленне. Штогод праз ЛПП праходзіць каля 7000 грамадзян Беларусі, адзінкі з іх потым вяртаюцца да нармальнага жыцця без алкаголю.

Ці можна высілкам волі пабароць цягу да алкаголю?

Так. Але умовай стойкай рэмісіі з’яўляецца поўная адмова ад спіртнога. Нават разавае ужыванне алкаголю зноў прыводзіць да ўзнаўлення залежнасці з усімі наступствамі.

Алкаголь і творчасць

Адна з аблудных і падступных якасцяў алкаголю — ён дае ўяўнае пачуццё прыліву сіл, у тым ліку і творчых. Расейская спявачка Ала Пугачова ў адным з інтэрвью казала: «Я стаўлюся да алкаголю трапятліва. Усё лепшае, што мной напісана, усе вар'яцкія ідэі — гэта ажыццяўлялася, скажам так, не без алкагольнага ўплыву». А вось Сяргей Ясенін ці Аляксандр Блок лічылі, што сапраўдныя шэдэўры можна стварыць толькі на цвярозую галаву, хоць і не былі пры гэтым непітушчымі.

Што да беларускіх творцаў, то выразную і жахлівую карціну ўздзеяння на пісьменнікаў, журналістаў, філосафаў стварыў у сваёй вядомай кнізе «Сіняя кніга беларускага алкаголіка» Антон Кулон. Ён прыводзіць статыстыку ранніх смярцей беларускіх інтэлігентаў-алкаголікаў яго пакалення, прыводзіць красамоўныя прыклады творчай дэградацыі іх як асоб і творцаў. Так, ён прыводзіць прыклад свайго сябра-пісьменніка, які паехаў у Дом творчасці на тыдзень, каб напісаць аповесць, а напрыканцы тыдня ў яго пакоі быў чысты сшытак з надпісам «Раздзел першы» — і батарэя «фаустаў» — бутэлек з-пад таннага віна.

Сам Антон Кулон — таксама алкаголік, які праз гэта загубіў кар’еру навукоўца-фізіка, страціў працу, некалькі разоў быў на валасок ад смерці, праходзіў лячэнне ў наркалагічных дыспансерах, кадаваўся, падшываўся, але гэта не прынесла поспеху. Свой шлях да цвярозага жыцця ён знайшоў праз рэлігію і суполку «Ананімныя алкаголікі». Вось ужо 15 гадоў ён не п’е, але добра усведамляе, што працягвае заставацца алкаголікам у стане рэмісіі.

Чаму ў Беларусі не адмаўляюцца ад шырокага і даступнага продажу алкаголю?

Загадка.

Цяпер ужыванне чыстага алкаголю на душу насялення трымаецца ў Беларусі на ўзроўні 14—15 літраў за год. Пры гэтым на міжнародным ўзроўні прынята лічыць, што калі спажыванне больш за 8 літраў за год, пачынаецца працэс дэградацыі грамадства. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?