Такога меркавання трымаецца польскі гісторык Рафал Унук, які апублікаваў сваю працу пра беларускае антысавецкае супраціўленне ў часопісе ARCHE.

Сучасны недахоп ведаў пра антысавецкі супраціў беларусаў — гэта вынік «гістарычнай палітыкі» рэжыму Лукашэнкі, згодна зь якой доступ да адпаведных архіўных крыніц маюць выключна «палітычна надзейныя» дасьледчыкі, ці беларускі падпольны рух папросту не існаваў?

У Польшчы, Эстоніі, Літве, Латвіі і Ўкраіне за апошнія гады ўзьнікла багата прац на тэму пасьляваеннага антыкамуністычнага супраціву. На гэтым фоне Беларусь заставалася асаблівай тэрыторыяй. Быў апублікаваны шэраг тэкстаў, прысьвечаных польскаму, украінскаму і літоўскаму падпольлю на тэрыторыі БССР, затое беларускае антыкамуністычнае нацыянальнае падпольле заставалася недасьледаваным. Стан нашых ведаў выяўна паказала «Гісторыя Беларусі» Яўгена Мірановіча. Яе аўтар прысьвяціў гэтай праблеме два абзацы. У першым ён сьцьвярджае, што «няшмат вядома пра пасьляваенную беларускую ўзброеную апазыцыю», пасьля чаго цытуе зьвесткі наконт колькасьці «антысавецкіх групаў і ўзброеных бандаў», узятыя з савецкай гісторыі БССР. Пасьля дадае, што ў 1946—1947 функцыянеры НКВД выкрылі і ліквідавалі некалькі дзясяткаў беларускіх моладзевых групаў. У той жа час агаворваецца, што ўзьнікненьне часткі зь іх магло быць «ініцыявана» НКВД.

Іншае меркаваньне маюць аўтары працы «Беларускі супраціў» С. Ёрш і С. Горбік (Львоў, 2006).

На іх думку, у разгалінаванай сетцы «Чорнага ката», або, іншая назва, «Беларускае вызвольнае войска», дзейнічалі 3000—3 500 чалавек, а да шырокага арганізацыйнага тылу належала 20—30 тыс. чалавек.

У апошні час выйшла нямала артыкулаў, якія аспрэчваюць публікацыі С. Ярша і С. Горбіка.

Адразу скажу, што аспрэчаньне аўтараў «Беларускага супраціву» не раўназначнае цьверджаньню, што беларускія нацыянальныя дзеячы, якія жылі пад савецкай акупацыяй, не рабілі спробаў супраціву.
Аднак пры абмежаваным доступе да актаў НКВД мы часта натыкаемся на інтэрпрэтацыйныя праблемы, а зь неадназначных запісаў цяжка зрабіць высновы пра нацыянальны ці арганізацыйны характар аддзелу. Няма праблемы, калі ў апісаньні сустракаецца акрэсьленьне «літоўская банда», «белапольская банда» або калі пры слове банда бачыцца скарот АК, ОУН, УПА ці LLKS (Lietuvos Laisvės Kovos Sаjūdis — Рух барацьбы за свабоду Літвы). Аднак часта ў тэксьце дакумэнту няма ніякай згадкі, якая б дазваляла вызначыць нацыянальны характар партызанскай групы. Часам сустракаецца толькі ляканічнае ўказаньне, якое сьцьвярджае, што ўдзельнікі «банды паходзяць зь мясцовага насельніцтва». Тут трэба адзначыць, што гаворка ідзе пра фармаваньні, дзейнасьць якіх указвае на палітычную барацьбу (ліквідацыя партыйных дзеячоў, службоўцаў НКВД ці МУС, напады на калгасы і г. д.), а ня групы крымінальна-разбойніцкага характару.
Несумненна, палітычны характар мелі акцыі групы Яна Раманчука.
Падчас вайны ён быў старшынём Беларускай народнай самапомачы ў Баярах і дырэктарам дому культуры ў Нясьвіжы. Пасьля ўваходжаньня Чырвонай арміі ён пераехаў у Баранавічы, дзе працаваў сталяром. У кастрычніку 1944 г. супрацоўнікі НКВД спрабавалі арыштаваць яго. Аднак яму ўдалося ўцячы, і ён перайшоў на «нелегальнае становішча». Ягоная ўзброеная партызанская група дзейнічала ў раёне Нясьвіжу, Стоўпцаў і Баранавіч да 1949 г.
Падобны характар меў невялікі аддзел Аўгена Жыхара.
У 1943—1944 гг. Жыхар уступіў у Саюз беларускай моладзі ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі. Ваяваў у складзе Савецкай арміі. Пасьля заканчэньня ваенных дзеяньняў быў дэмабілізаваны, вярнуўся ў родныя мясьціны і стаў настаўнікам у Верацеях. У 1946 г. яго мінулым зацікавіліся супрацоўнікі спецслужбаў, якія спрабавалі яго арыштаваць. Аднак А. Жыхар здолеў уцячы. У 1947 г. да яго далучыліся некалькі чалавек, якія знаходзіліся ў падобнай сытуацыі. Аддзел дзейнічаў у раёне Глыбокага, Пастаў і Дуніловіч, а яго камандзір быў забіты толькі ў студзені 1955 г. З савецкіх актаў вынікае, што партызаны «ажыцьцявілі 23 тэрарыстычныя акты, 42 грабяжы і 9 нападаў на сельсаветы». Іх ахвярамі былі пераважна партыйныя дзеячы і супрацоўнікі сілавых структураў.
У 1949 г. на ўсход ад Маладэчна, у раёне Ільлі, узьнік 5-асабовы аддзел Сяргея Мікуліча,
складзены з былых жаўнераў БКА, якія хаваліся. Сытуацыя зьмянілася, калі да групы далучыўся эмісар Беларускай Народнай Рэспублікі Янка Філістовіч. Ён паходзіў з Паняцічаў пад Вялейкай. Сувязь з групай Мікуліча ён наладзіў праз пасярэдніцтва свайго сваяка. Я. Філістовіч пераняў камандаваньне групай і зрабіў спробу ператварыць яе ў вайскова-палітычную арганізацыю. Увёў дысцыпліну, праводзіў ідэйную і падпольную падрыхтоўку, забараніў рабіць напады на мясцовы актыў і грабяжы. Групе даў назву «Беларускія нацыяльна-вызвольныя ўзброеныя сілы» і распачаў падрыхтоўку да палітычна-прапагандысцкай дзейнасьці. З гэтай мэтай ў красавіку 1952 г. аддзел правёў у Вязыні пад Маладэчнам напад на друкарню, якая друкавала газэту «Шлях да камунізму». Партызаны забралі друкарскую машыну. У кастрычніку 1952 г. група патрапіла ў засаду супрацоўнікаў НКВД. С. Мікуліч загінуў у баі, астатнія, у тым ліку Я. Філістовіч, былі арыштаваныя.
З архіўных матэрыялаў даведваемся пра некалькі партызанскіх аддзелаў, якім службоўцы НКВД не прыпісалі «польскага», «украінскага» ці «літоўскага» характару.
У 1945 г. на тэрыторыі БССР дзейнічалі наступныя аддзелы невядомага нам паходжаньня: у ваколіцах Івенца — групы Крэза і Гармаза, у раёне Карэліч — аддзел Яўсея, групы Любко, у ваколіцах Клецку — аддзелы Алысяка і Грыбоўскага, група Сяргея — у ваколіцах Ляхавіч, пад Горадняй — Папова-Гарчанкі. Зразумела, гэты сьпіс няпоўны.

Зь іншых дакумэнтаў вынікае, што ў 1944—1945 гг. у Дунілавіцкім раёне дзейнічаў аддзел Кабылінскага. Пасьля разгрому яго саветамі камандаваньне над яго рэшткамі пераняў капрал Войска Польскага Антоні Тайновіч «Гіль». Група «Гіля» была ліквідаваная ў студзені 1947 г. «Гіль» падчас Другой сусьветнай вайны служыў у шэрагах Беларускай краёвай абароны. Што цікава, саветы клясыфікуюць аддзел «Гіля» як «польскае фармаваньне». Падставай такога азначэньня стала тое, што партызаны выступаюць супраць савецкай улады і супрацоўнічаюць з «польскімі кулакамі». Не прыпісваючы аддзелу польскага ці беларускага характару, трэба падкрэсьліць, што ў гэтым кантэксьце важна зь вялікай асьцярожнасьцю разглядаць крытэры, якія выкарыстоўваліся супрацоўнікамі МУС.

У савецкіх дакумэнтах быў адзначаны таксама аддзел «Хахлова», вядомы яшчэ як аддзел «Юзіка», што дзейнічаў з 1944 г. да кастрычніка 1949 г. у раёне Шаркаўшчыны.
У 1949 г. ён налічваў 14 удзельнікаў, характарызаваўся вельмі добрым узбраеньнем, шырокай сеткай супрацоўнікаў і добрай разьведкай у межах свайго апэрацыйнага абшару і складаўся зь «мясцовага насельніцтва». Калі ўзяць пад увагу тагачасны этнічны склад рэгіёну, вельмі праўдападобна, што гэты аддзел складаўся зь беларусаў. У дакумэнтах няма сьлядоў, якія б падказвалі яго «белапольскі» ці літоўскі характар.
Цікавы таксама выпадак сфармаванай увосень 1948 г. 7-асабовай групы Вінцлаўскага «Глінкі».
З характарыстыкі гэтай «банды» даведваемся, што яна складалася «зь мясцовых жыхароў ..., дэзэрціраў са школ ФЗН. Банда дзейнічала пераважна ў 3-х раёнах — Маладэчанскім, Радашкавіцкім і Ільлянскім». Чальцы гэтага аддзелу грамілі і палілі сельсаветы, каапэратывы і ліквідавалі партыйных актывістаў. 31 кастрычніка 1949 г. аддзел быў акружаны апэрацыйнай групай МГБ і ўсе байцы аддзелу забіты. Службоўцы савецкага апарату бясьпекі выразна падкрэсьлівалі, што гэта была антысавецкая група, а не чарговая разбойніцкая банда, складзеная са звычайных злачынцаў.
Цікавай падпольнай ініцыятывай было ўтварэньне Аўгенам Казаком Саюзу вызваленьня Беларусі (СВБ).
Заснавальнік гэтай арганізацыі ў пэрыяд вайны быў чальцом Саюзу беларускай моладзі. Пасьля падзеньня Нямеччыны А. Казак вярнуўся на тэрыторыю БССР у транспарце з рэпатрыяванымі прымусовымі работнікамі. Невядома, ці прыехаў зь місіяй утварэньня кансьпірацыйных сетак БНП, ці гэта было яго асабістае рашэньне. У лістападзе 1946 г. пачаў будаваць сетку СВБ, у якую гуртаваліся ў вялікай ступені былыя сябры Саюзу беларускай моладзі і жаўнеры БКА. А. Казак распрацаваў праграму арганізацыі, у якой сьцьвярджаў, што беларусы зазнаюць каляніяльную эксплюатацыю і нацыянальны ўціск, і адзіная сіла, якая можа прывесьці да свабоды, — гэта сам беларускі народ. У сувязі з гэтым найважнейшым палічыў разьвіцьцё і ўмацаваньне беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. Праграма СВБ прадугледжвала ўзьнікненьне беларускай нацыянальнай рэспублікі як дзяржавы ўсіх працоўных слаёў (сялян, рабочых і інтэлігентаў), у склад якой увойдуць усе землі, населеныя беларусамі, у тым ліку і тыя, што знаходзяцца па-за адміністрацыйнымі межамі БССР (Віленшчына зь Вільняй, Беласточчына, Смаленшчына, [Паўночная] Полаччына, частка Палесься ў межах УССР). У будучай, дэмакратычнай рэспубліцы будуць захоўвацца ўсе грамадзянскія свабоды, а зямля будзе перададзена сялянам ва ўласнасьць бяз выкупу. Творца СВБ арганізаваў арганізацыйны камітэт СВБ, які складаўся з наступных аддзелаў: арганізацыйнага, вайсковага, прапагандысцкага, фінансавага, кантрольнага і сакратарыяту. Сядзібай камандаваньня быў Наваградак. У траўні 1947 г. арганізацыя была разгромленая, а яе 18 удзельнікаў атрымалі шматгадовыя прысуды.
У Плісе Георгі Бортнік наладзіў кантакт з існуючым там раней Саюзам барацьбы супраць камунізму на чале зь Пятром Шыпкам і падпарадкаваў яму сваю групу.
У 1948 г. П. Шыпка быў забіты супрацоўнікамі органаў дзяржбясьпекі БССР, што, аднак, не прывяло да распаду групы. У той час кіраўніцтва сеткай зь некалькіх — дзесяці зь нечым асоб — пераняў Георгі Бортнік. Дзейнасьць арганізацыі абмяжоўвалася забароненым у СССР праслухоўваньнем заходніх радыёстанцый і «сеяньнем варожай прапаганды». У ідэйным пляне яны апэлявалі непасрэдна да палітычнай праграмы БНП. Арганізацыя была разгромлена толькі на рубяжы 1950 і 1951 гг.
Акрамя ўзброеных аддзелаў і палітычных арганізацый існавалі таксама беларускія падпольныя моладзевыя групы. Такі характар мела заснаваная ў траўні 1946 г. у Слоніме група, якая абрала сабе кодавую назву «Чайка».
На чале арганізацыі стаяў 5-асабовы Цэнтар беларускага вызваленчага руху, кіраваны настаўнікам Васілём Супруном «Паграмоўцам».

Ячэйкі «Чайкі» ўзьнікалі ў Настаўніцкім інстытуце ў Баранавічах, у Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, у Берасьцейскім чыгуначным тэхнікуме і Ганцавіцкім пэдагагічным вучылішчы. У пачатку 1947 г. ячэйкі «Чайкі» ўзьніклі ў Пінскім і Ільлянскім раёнах. Калі верыць абвінаваўчым дакументам савецкай тайнай паліцыі, кіраўніцтва арганізацыі меркавала, што неўзабаве выбухне вайна паміж Савецкім Саюзам і Вялікабрытаніяй ды Злучанымі Штатамі Паўночнай Амэрыкі, і лічыла, што падчас якой беларусы павінны выступіць на баку заходніх дзяржаў. У сувязі з гэтым яны хацелі аб’яднаць падпольле на тэрыторыі ўсёй БССР і пачаць падрыхтоўку да партызанскай вайны, якая, як меркавалася, распачнецца ў момант кантактаў зь іншымі падпольнымі групамі. У другой палове 1947 г. былі арыштаваны 29 чальцоў арганізацыі, у тым ліку Васіль Супрун. Гэта прывяло да разгрому сеткі «Чайкі».

Вясною 1948 г. у Мядзеле Расьціслаў Лапіцкі заснаваў антысавецкую падпольную групу з вучняў старэйшых клясаў сярэдняе школы.
У 1949 г. Р. Лапіцкі пераехаў у мястэчка Смаргоні, дзе таксама здолеў арганізаваць падобную групу зь некалькіх асоб. У сьнежні 1948 г. юнакі падрыхтавалі і расклеілі некалькі дзясяткаў улётак. У студзені 1949 г. яны скралі зь мядзельскай школы дзьве стрэльбы, што выкарыстоўваліся на стралковых занятках. У кастрычніку гэтага году ўзламалі мясцовы дом культуры ў Смаргонях, адкуль забралі друкарскую машынку, на якой аддрукавалі больш за тысячу антысавецкіх улётак. Яны былі расклеены ў Смаргонях і суседніх вёсках. На мяжы 1949 і 1950 гг. група была ліквідавана органамі бясьпекі БССР. У сьнежні 1949 г. Расьціслаў Лапіцкі пачаў хавацца, а ў студзені 1950 г. быў арыштаваны. Іншы ўдзельнік групы, які хаваўся, Г. Нефрановіч, у сакавіку 1950 г. быў акружаны супрацоўнікамі МДБ і зрабіў сабе сьмерць.
На рубяжы 1945 і 1946 гг. у асяродзьдзі студэнтаў пэдагагічных вучэльняў у Глыбокім і Паставах узьнікалі падпольныя групы, чальцы якіх займаліся вывучэньнем гісторыі Беларусі і стараліся супрацьдзейнічаць русіфікацыі моладзі. У 1946 г. яны аб’ядналіся і ператварыліся ў Саюз беларускіх патрыётаў (СПБ).
Студэнты распрацавалі палітычную праграму, якая прадугледжвала адрыў БССР ад СССР і ўзьнікненьне сувэрэннай Беларусі на ўзор заходніх дэмакратый. Яны палічылі неабходным распачаць працу дзеля пашырэньня сьвядомасьці сярод грамадзян БССР. Згодна з абвінавачваннямі савецкіх карных органаў яны меркавалі, што ў спрыяльны момант трэба распачаць дывэрсійныя дзеяньні і збройную барацьбу. У лютым 1947 г. службоўцы МУС затрымалі 33 навучэнцаў гэтай школы.
Маладасьледаваныя моладзевыя групы ўзьнікалі таксама ў Менску, Полацку, Пінску і Маладэчне.
Паводле ацэнак гісторыкаў, арганізацый такога кшталту ўзьнікла некалькі дзясяткаў.
У той жа час у даступных савецкіх архівах няма ніякіх сведчанняў пра дзейнасць разгалінаванай сеткі «Чорнага ката» ці генэрала Вітушкі, пра якія пішуць аўтары кнігі «Беларускі супраціў». С. Ёрш і С. Горбік грунтуюць сваю версію падзей на артыкулах, публікаваных у беларускіх эміграцыйных выданьнях, і на ўспамінах удзельнікаў падзеяў.
Невыкарыстаньне архіўных дакумэнтаў яны апраўдваюць поўнай адсутнасьцю доступу да іх дасьледчыкаў, не зьвязаных з лукашэнкаўскім апаратам улады. Гэткае тлумачэньне абгрунтавана толькі часткова. Сапраўды, незалежнаму дасьледчыку ў Беларусі архівы маладаступныя. Аднак шмат гісторыкаў часам знаходзяць там вельмі цікавыя дакумэнты.
Як выглядаюць цьверджаньні С. Ярша і С. Горбіка ў сьвятле дасьледаваньняў, якія праводзяцца ў іншых краінах?

Літоўскія гісторыкі не сустрэліся зь ніякімі зьвесткамі пра беларускі аддзел «Вітаўта», які быццам бы дзейнічаў на тэрыторыі ЛССР, ім таксама невядома пра разгон партызанамі ў Вільні нейкага партыйнага мітынгу.

Дасьледчыкі, якія займаюцца гісторыяй ОУН-УПА, не натрапілі ні на якія сьведчаньні супрацы ўкраінскага нацыяналістычнага падпольля з маёрам Вітушкам ці сеткай «Чорны кот», а ўкраінскі ўдзел у так званай атацы на Наваградак трэба прызнаць чыстай фікцыяй.

Вынікі дасьледаваньняў антыкамуністычнага падпольля на тэрыторыі цяперашняй Польшчы ставяць пад сумнеў усе цьверджаньні гэтых аўтараў. У Аўгустоўскім краі ніколі не было аддзелаў беларускіх партызанаў. Сапраўды, у 1944 г. з разьмешчанага там беларускага батальёну паліцыі дэзэртавала вялікая група людзей, якія потым далучыліся да аддзелу Станіслава Ката «Шчапы». Аднак трэба ведаць, што гэты батальён быў «беларускі» толькі паводле назвы. Насамрэч у ім служылі шмат палякаў з Наваградчыны, якія былі яго чальцамі яшчэ да таго, як апынуліся ў аддзелах паліцыі.

Вызваленьне летам 1946 г. пад Варшавай транспартаваных беларускіх вязьняў — гэта чарговы, не падмацаваны фактамі міт. Кантакты лейтэнанта «Вітаўта» з НУС [польская падпольная арганізацыя Narodowe sily zbrojne] былі немагчымыя таксама з той прычыны, што ў раёне Берасьця не было аддзелаў НУС.

Ніводная польская падпольная сетка на Беласточчыне ці ў іншым месцы Польшчы ня мела кантактаў зь беларускім падпольлем, а інфармацыя аб дапамозе польскіх сетак у перакіданьні беларускіх партызанаў на Захад у 1949 г. — гэта чарговая байка. Пасьля 1947 г. не існавала ніводнай польскай падпольнай арганізацыі, якая б мела шляхі перакіданьня на Захад. Дастаткова агульных ведаў, каб казаць, што нелегальны пераход польска-савецкай, польска-нямецкай і нямецка-нямецкай мяжы ў 1946—1956 г. быў надзвычай цяжкім, амаль невыканальным заданьнем. Тым больш у прафэсійнага гісторыка павінна выклікаць сумненьні лёгкасьць, зь якой члены сеткі «Чорны кот» шмат разоў пераходзяць гэтыя межы.

Усё гэта сьведчыць пра адсутнасьць арыентацыі аўтараў у сацыяльных і палітычных рэаліях, якія панавалі ў дзяржавах Усходняга блёку, і іх няведаньні працэсаў, што адбываліся ў падпольных арганізацыях рэгіёну.

Адкуль С. Ёрш, С. Горбік, а таксама А. Блінец і роднасныя ім аўтары чэрпаюць свае адкрыцьці?

Несумненна, іх бачаньне беларускага антыкамуністычнага падпольля адлюстроўвае перакананьні, якія панавалі ў асяродзьдзі пасьляваенных лідэраў беларускай эміграцыі.

Як піша спэцыяліст з гісторыі Беларусі Нікалас Вакар, старшыня БЦР на эміграцыі Р. Астроўскі ў канцы 1940-х гадоў дабіваўся, каб брытанская разьведка падтрымлівала беларускі партызанскі рух, цьвердзячы, што ён налічвае 50 тыс. чалавек і змагаецца пад камандаваньнем легендарнага камандзіра ген. Міхала Вітушкі.
А прэзыдэнт Беларускай Народнай Рэспублікі на выгнаньні Мікола Абрамчык публічна дэманстраваў мэдалі няіснага беларускага партызанскага войска. Варта згадзіцца з заўвагай Вакара, паводле якой
гэтыя дзеячы «жылі ў поўным адрыве ад рэчаіснасьці» і праяўлялі «нязвыклую здольнасьць верыць ва ўсё, у што хацелі паверыць».
Падобна як эміграцыйныя палітыкі на мяжы 1940—1950-х гг., гэтыя гісторыкі насуперак гісторыі хочуць верыць, што існавала вялікая падпольная антыкамуністычная армія Вітушкі.
Сур’ёзныя сумненьні наконт існаваньня агульнабеларускага руху супраціву не перашкаджалі заходнім разьведвальным службам спрабаваць пабудаваць падпольле на тэрыторыі БССР. Нагляд за гэтай апэрацыяй МІ6 даручыла брытанскаму афіцэру і адначасова савецкаму агенту Кіму Філбі (Kim Philby). Існуюць таксама зьвесткі, якія сьведчаць пра тое, што ў непасрэдным акружэньні Міколы Абрамчыка круцілася некалькі савецкіх шпіёнаў.
Дзякуючы гэтай інфільтрацыі савецкая разьведка ведала пра пляны англасаксаў на тэрыторыі БССР.

Ня выключана, што менавіта таму дэсант Вострыкава ў Налібоцкай пушчы чакалі загадзя.

У сувязі са слабой дасьледаванасьцю праблемы беларускага антыкамуністычнага супраціву ўзьнікае вакуўм, які запаўняюць дадумкі і гіпотэзы, што з часам ператвараюцца ў міты. У спэцыфічных беларускіх умовах, дзе дзяржаўны рэжым апэлюе наўпрост да традыцыяў БССР, а з усімі праявамі беларускасьці, зразуметай інакш як беларускасьць у савецкім выглядзе, змагаюцца адміністрацыйнымі і паліцэйскімі мэтадамі, у асяродзьдзі антылукашэнкаўскай апазыцыі існуе асаблівае запатрабаваньне на такога роду гераічны міт. Гаворка ідзе пра міт, зразуметы як «кананічны» вобраз мінулага, як набор падзей і асоб, прызнаны большасьцю грамадзтва важным і ўласным, які ёсьць ва ўсіх дзяржаў і нацый. Каб такі міт у даўжэйшай пэрспэктыве пасьпяхова адыгрываў ролю аб’яднаўчага фактару, ён павінен грунтавацца на фактах. Калі так не адбываецца, тады зробленая раней ці пазьней крытычнымі гісторыкамі дэканструкцыя міту выкліча рэзкі падзел, а можа прывесьці і да распаду ранейшага бачаньня ўласнай мінуўшчыны. У гэтым сэнсе беларускі супраціў С. Ярша, С. Горбіка і блізкіх ім інтэрпрэтацыйна аўтараў мае ўсе рысы лжывага міту.

Ведаючы тагачасныя рэаліі,

можна сур’ёзна задумацца, ці вэрсія пра вялікае падпольле ген. Вітушкі не была элемэнтам апэрацыйнай гульні савецкіх спэцслужбаў, нацэленай у гэтым выпадку ў асяродзьдзе беларускай эміграцыі і заходнія разьведвальныя службы.
Нам шмат вядома аб правядзеньні такіх апэрацый у Польшчы, СССР і балтыйскіх рэспубліках, таму нельга выключыць, што савецкія чэкісты для апэрацыйных патрэб стварылі фікцыйную беларускую сетку маёра Вітушкі. Гэта толькі гіпотэза, для пацьверджаньня ці абвяржэньня якой неабходны карпатлівы пошук у беларускіх і расейскіх архівах.

Гэта моцна скарочаны пераказ працы Рафала Ўнука. Цалкам, са спасылкамі і даведкамі, яе можна прачытаць на arche.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0