Адзін з найлепшых беларускіх футбалістаў 90‑ых Сяргей Герасімец, які цяпер з’яўляецца другім трэнерам піцерскага «Дынама» (Д3), даў інтэрв’ю газеце «Прессбол». Сярод іншага Герасімец выказаўся і пра дамоўленыя матчы зборнай.

«У беларускай зборнай у гэтым плане вельмі кепская рэпутацыя. Я не разумею чаму ўсе накінуліся на Шанталосава. Чаму ніхто не ўспамінае гульню з Украінай у 2001 годзе? Валера ж тады не стаяў на варотах. Тады ў нас былі цудоўны шанцы на другое месца. А што я ўбачыў на полі? Я быў проста апляваны. Чаму ніхто не ўспамінае наступны матч з Уэльсам на выездзе? Ён нікому падазроным не здаўся?» — кажа былы гулец зборнай.

Потым Герасімец расказаў пра выпадак ужо з далёкага 1995 году, калі наша каманда гуляла ў адной адборачнай групе да чэмпіянату Еўропы з чэхамі. Супернікамі вельмі патрабаваліся пункты.

«Прыехаў у Мінск і чуткі пацвердзіліся: чэхі на самай справе хацелі купіць у нас гульню. Дзеянні галоўнага трэнера Сяргея Бароўскага мяне тады ўразілі. Ён сабраў нас у пакоі, сказаў: «Вырашайце самі» — і выйшаў. А што было вырашаць? Мы не за грошы ў зборную прыязджалі. Мы выйшлі і сыгралі. Прайгралі, праўда, але ў чэснай барацьбе», — кажа С.Герасімец.

Нагадаем, што яшчэ ў 2005 годзе Генеральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу па артыкулу 253 КК «Подкуп удзельнікаў прафесійных спартовых спаборніцтваў». Пачалося следства адносна двух матчаў зборнай, сыграных ў верасні 2003 году, супраць Чэхіі і Малдовы.

Была заведзеная крымінальная справа супраць былога варатара нацыянальнай каманды Валер’я Шанталосава, які адмаўляўся вяртацца ў Беларусі, таму дакументы былі перададзеныя ў Расію. Справа «кратоў» была спыненая следчым упраўленнем УУС Навасібірску, за выхадам тэрміну даўніны.

Цікава, колькі яшчэ падобных матчаў было ў гісторыі нашай зборнай?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?