Вышэйшую адукацыю ён атрымаў у 31 год, але даслужыўся да самых высокіх пасадаў.

«50 гадоў БССР» і «Крывая Града»

Леаніду Зайцу сёлета будзе ўжо 61 год. Гэта далёка не самы малады чыноўнік у лукашэнкаўскай абойме, але вядома пра яго не так і шмат.

Нарадзіўся ён у вёсцы Гацук. Гэта самая поўнач Слуцкага раёна, да Мінска каля 55 кіламетраў. Гэта вёска больш чым на тысячу жыхароў. Ёсць школа, музычная школка, садок, некалькі магазінаў.

Мясцовыя людзі ў асноўным працуюць на торфпрадпрыемстве «Слуцкае». Калісьці ў вёсцы быў цэх «Мілавіцы», але яго закрылі. Заяц — гэта адно з найбольш распаўсюджаных мясцовых прозвішчаў. Яшчэ часта ўжываюцца Каляда, Хацько, Казючыц.

Сярэднюю школу Леанід Заяц скончыў у 1976 годзе. Ён не пайшоў вучыцца ва ўніверсітэт, трапіў у войска. А пасля вярнуўся ў родную вёску. Пачаў працаваць трактарыстам у калгасе «50 гадоў БССР». Цяпер гэтая гаспадарка мае назву «Крывая Града».

Праз нейкі час працы ў калгасе Заяц паступае на завочнае ў Сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, навучаецца там на агранома. Калі адвучыўся, то стаў галоўным аграномам у калгасе «Слуцк», які знаходзіцца зусім побач з Гацуком.

Як выбіваўся ў людзі

У цэлым біяграфія Зайца крыху нагадвае біяграфію Аляксандра Лукашэнкі. Вучоба ў Горках, праца ў калгасе. Праўда, у палітыку Заяц так і не пайшоў.

Калі Савецкі Саюз канаў, то Леаніду Зайцу прапанавалі ўзначаліць родны калгас. Праўда, зваўся ён на той момант не «50 гадоў БССР», а «Беларусь». Гэта адна з самых паспяховых гаспадарак Случчыны. Была яна ў парадку і ў не самыя прыбытковыя часы — пачатак 1990-х.

У 1998 годзе Зайца забралі ў райцэнтр. Ён узначаліў завод хлебапрадуктаў. Але гэта была толькі прыступка да больш высокіх пасадаў. Ужо праз год яго забіраюць старшынёй Маладзечанскага райвыканкама. Чаму не ў слуцкі? Справа ў тым, што гэты раён на той час узначальваў яшчэ адзін будучы топ-чыноўнік — Зянон Ломаць.

І хоць сам Заяц у Маладзечне адпрацаваў не так доўга, але жыццё, хай і праз дачку, звяжа з гэтым горадам.

У 2001 годзе Мікалай Дамашкевіч забярэ Леаніда Зайца да сябе намеснікам у Мінскі аблвыканкам. Там Заяц адказвае за сельскую гаспадарку і харчаванне.

Але з адстаўкай Дамашкевіча і прыходам Леаніда Крупца працы ў аблвыканкаме для Леаніда Зайца не засталося, таму ён пераходзіць дырэктарам у адзін з найлепшых у краіне агракамбінатаў — у «Дзяржынскі». Цікава, што Заяц стаў не першым кіраўніком «Дзяржынскага», які пасля скокнуў у міністры. Да яго такі самы лёс паўтарыў Сямён Шапіра.

Якім быў міністрам

Уга Чавэс і Леанід Заяц.

Уга Чавэс і Леанід Заяц.

Ад 2012 года Леанід Заяц знаходзіўся на пасадзе міністра сельскай гаспадаркі. У рэйтынгах самых уплывовых людзей Беларусі, якія складала «Наша Ніва», чыноўнік традыцыйна знаходзіўся ў восьмым і дзявятым дзясятку.

Чыноўнік хваліў Лукашэнку за тое, што той у 1994 не паддаўся модзе на фермерскія гаспадаркі, а адстойваў калгасы. Гэткія ўчынкі кіраўніка дзяржавы ён называў «мудрымі».

Леанід Заяц гаворыць з моцным беларускім акцэнтам, гаварыць чыста па-руску ён не ўмее.

«Аграрыі павінны быць удзячныя дзяржаве», — адзін з пастулатаў працы Зайца. За яго час у краіне з’явілася некалькі паспяховых гаспадарак, але ў цэлым сфера застаецца адстаючай на фоне суседніх дзяржаваў.

Таксама праца Зайца звязаная з пастаяннымі забаронамі на пастаўкі нашай прадукцыі ў Расію і неабходна неяк рэагаваць на гэта. Сам міністр абвінавачваў Рассельгаснагляд ў падтасоўцы вынікаў лабараторных даследаванняў. А таксама абяцаў кіраўніку Рассельгаснагляд Данкверту, што яго не арыштуюць, калі той прыедзе ў Беларусь.

Сярод сваіх дасягненняў Леанід Заяц называў развіццё вытворчасці малака ды мяса і адно з лідзіруючых месцаў Беларусі па экспарце гэтых прадуктаў.

Рэха абасраных кароваў

Лукашэнка адчытвае Зайца.

Лукашэнка адчытвае Зайца.

Міністр сельскай гаспадаркі — гэта ўвогуле выбуховая пасада. Ні ў адным ведамстве кіраўнікі не мяяняліся так часта, як тут. Заяц быў дзясятым міністрам. Але ніхто да яго так доўга не знаходзіўся ў гэтым крэсле.

Мабыць, Леанід Заяц і далей мог бы быць міністрам, калі б не паездка Лукашэнкі ў гаспадарку «Купалаўскае» Шклоўскага раёна. Кіраўніка дзяржавы так абурылі каровы, якія знаходзіліся ў гноі, што ён параўнаў гэтую гаспадарку з Асвенцімам.

У выніку пасадаў пазбавіліся віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, а таксама міністр сельскай гаспадаркі Заяц.

Праўда, без працы Заяц пабыў зусім нядоўга. Ад 1 красавіка ён стаў старшынёй Магілёўскага аблвыканкама.

Дачка працуе на «Інтэграле»

Наталля Лагуновіч — дачка Леаніда Зайца. Фота з «Аднакласнікаў».

Наталля Лагуновіч — дачка Леаніда Зайца. Фота з «Аднакласнікаў».

Раней міністр жыў у вялікай трохпакаёўцы па вуліцы Варанянскага ў Мінску. Гэта дом, у якім атрымалі кватэры шмат якія чыноўнікі. Цяпер кватэра належыць ягонай дачцэ Наталлі. Ёй 36 гадоў. Яна працуе вядучым інжынерам на прадпрыемстве «Інтэграл».

Свайго мужа — Аляксандра Лагуновіча — Наталля сустрэла ў Маладзечне. Ён крыху маладзейшы за жонку. Гуляе ў хакей у начной лізе ў Мінску. У пары ёсць дачка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?