Калядная акцыя НН: з дарункамі — у купалаўскую школу. Летась было 83 вучні, сёлета засталося 63 вучні ў Бяларучах Лагойскага раёну.

1. Ноч музеяў па‑бяларуцку

Ад’яжджаем якіх 15 кіламетраў ад мінскай кальцавой у лагойскім кірунку і трапляем у школу сяла Бяларучы, дзе колісь вучыўся самы знакаміты рэдактар «Нашай Нівы», Янка Купала. Мы выправіліся туды не толькі натхніцца купалаўскімі мясцінамі, але прывесці дарункаў школьнікам і настаўнікам, пажыву для сэрца і цела: беларускія кніжкі і, вядома, цукеркі.

Школа сустракае нас адсутнасцю электрычнасці. Высвятляецца, што яе няма па ўсім раёне. Праз якіх пяць хвілінаў успыхвае кабінетная лямпачка. «Вой, прывезлі з сабой святло», — усміхаючыся, кажа дырэктарка Валянціна Петракоўская. Нам прыемна, і мы нешта такое дарэчнае, хваласпеўнае пра сябе, кажам, але праз каторы час лямпачка зноў тухне.

У сутонні дырэктарскага кабінету слухаем пра школьныя штодзённыя. Пра тое, як школа пакрысе агойтваецца пасля жахлівай смерці яе вучаніцы, Ірыны Кужэльнай,

пра амаль стопрацэнтнае паступлення вучняў у ВНУ.

З ліхтарыкамі наведваем музей, што месціцца ў адным з унутраных кабінетаў школы. Голасна пагаджаемся, што такога мы ў сталіцы яшчэ не бачылі. Рупліва сабраныя экспанаты, неасветленыя, яны адно дадаюць праўдападобнасці, нібыта мы насамрэч увайшлі ў пакой старой вясковай хаты. Дрыготкае святло ліхтарыкаў выхоплівае першыя беларускія кнігі, «Лемантар», «Беларускую чытанку». Партрэт вучня бяларуцкага народнага вучылішча, Янкі Купалы. Паэт тут год вучыўся і жыў непадалёк, у вёсцы. У цямрэчы дзіўнымі зломамі паўстаюць традыцыйныя сельскія прылады. Дарэчы, ад дырэктаркі музею Таісіі Каранды даведваемся, што такое капыл. Па‑сучаснаму, калодкі для абутку.

2. Хай будзе святло!

Галоўны вораг купалаўскай школы — дэмаграфія. У выніку дэмаграфічнага крызісу і блізіні мегаполісу вучняў у бяларуцкай школе істотна паменела. Летась было 83 вучні, дык сёлета засталося 63. Школа яшчэ пару гадоў таму была сярэдняя, цяпер — толькі базавая (9 класаў) і ёй пагражае перайсці ў незайздросны шэраг «малакамплектных». «А як будзе 20 вучнях, то школу зачыняць увогуле», — бядуе настаўнік Мікола Ляшчун.

Але педагогі спадзяюцца, што Купала, як бы апякун школы, не пакіне іх.

Бо галоўнае, каб школа была: і для тутэйшых дзетак — каб ім не давялося ездзіць па навуку ў далёкія палесціны, і для беларушчыны — бо тут, здаецца, купалаўскі дух: дзеці пачынаюць пісаць вершы і апавяданні. І — чаго тут хаваць — для саміх настаўнікаў так трэба. Бо як закрыюць школу, то дзе працаваць настаўніку? У дадатак педагогі ж прыежджыя: вось сам спадар Мікола прыехаў з Палесся, ёсць вучыцелька з Брэсту — настаўнікі тут маюць дамы ў навакольных вёсках, тут прайшло іх жыццё, і, пэўна, вяртацца назад няма як. «20 гадоў у гэтым музеі. Вось што я буду без яго рабіць — гэта ж маё жыццё!» — кажа спадарыня Таісія.

У канцы візіту, пасля ўрачыстага ўручэння калядных дарункаў, здымаем на відэа школьную перамену. Няўрымслівыя лётанні, смех, — усё як зазвычай. Электрычнасць у раёне ніяк не наладзяць, але прасветлыя калідоры бяларуцкай школы не патрабуюць дадатковага святла — на дварэ пакуль што поўдзень кароткага зімовага дня.

Павал Касцюкевіч, Яраслаў Сцешык і Раман Маладзяшын

Фота Яраслава Сцешыка

настаўнік Мікола Ляшчун, дырэктарка школы Валянціна Петракоўская і загадчыца музею Таісія Каранда

настаўнік Мікола Ляшчун, дырэктарка школы Валянціна Петракоўская і загадчыца музею Таісія Каранда

Мікола Ляшчун

Жыве ў Бяларучах Купала

Жыве ў Бяларучах Купала,

Душа Купалы будзіць нас.

Нязгаснай зоркаю заззяла,

Каб веры промень не пагас.

Тут Беларусь, як веру, вызнаў

І далучыўся да пяра,

Тут хвоі ля пясчаных выспаў

Люлялі мроі песьняра.

У бліках залатога сонца

Прачулых мараў спеў пагляд,

Каб воля глянула ў ваконца

І заквітнеў наш край, як сад.

Каб мову матчыну ад Бога,

Як памяць продкаў бераглі,

Ды безнадзейную аблогу

На роднай здолелі зямлі.

Імя Купалы ведаць мала -

Не забывайма кліч яго.

Жыве ў Бяларучах Купала,

Нібыта дух святых багоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0