Пространство ОК16 (Минск, ул. Октябрьская, 16). Начало в 20.00.
5 красавіка «Акадэмкніга» запрашае на прэзентацыю кнігі вершаў «Унукам» Ларысы Геніюш (пры ўдзеле Глеба Лабадзенкі.)

Паэтка і патрыётка Ларыса Геніюш разам з мужам Янкам была асуджаная на 25 гадоў сталінскіх лагераў. Іх разлучылі з сынам, калі Юрку было 12.
Пасля вызвалення Геніюшы пасяліліся ў Зэльве, але сын мусіў заставацца жыць у Беластоку. Нарадзіліся ўнукі — Міхась і Алесь. Паэтку выпусцілі да іх толькі раз за дваццаць пяць гадоў. Унукам дазвалял і прыязджаць да бабулі раз на два гады.
Усё, што магла, яна старалася даць ім у лістах і вершах.
У гэтую кнігу ўвайшлі 52 дзіцячыя вершы Ларысы Геніюш, якія ніколі не друкаваліся раней. Яшчэ 39 вершаў падаюцца ў некалькіх варыянтах — кніжным і аўтарскім (часам іх было два-тры). Чытач можа сам ацаніць, наколькі былі адрэдагаваныя і адцэнзураваныя гэтыя творы.
Упершыню друкуюцца 17 лістоў унукам. Шыкоўныя аўтарскія малюнкі з гэтай перапіскі дазволілі цалкам аздобіць кнігу. У выніку чытач мае самы поўны збор дзіцячых вершаў Ларысы Геніюш, аздоблены аўтарскімі малюнкамі паэткі. Поруч даюцца лісты і паштоўкі ўнукаў, якія яны дасылалі бабулі ў адказ.
Матэрыялы, якія склалі кнігу, паходзяць з прыватнага архіву сям’і Геніюшаў і Фонду Ларысы Геніюш Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Уклаў кнігу Глеб Лабадзенка пры самым чынным удзеле старэйшага ўнука паэткі Міхася Геніюша.
Прэзентацыя адбудзецца ў Мінску ў рамках кніжнага фестываля Pradmova ў прасторы ОК16 (вул. Кастрычніцкая, 16). Пачатак а 20.00.
Набыць гэта, а таксама іншыя новыя выданні і бестселеры, можна ў кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, 72).
РУП «Акадэмічная кніга» УНП 101462648
Комментарии