Прынята думаць, што моўны комплекс ёсць у тых, хто супрацьстаўляе сабе грамадству і аддае перавагу беларускай мове. Статус меншасці псіхалагічна абмяжоўвае чалавека, але ў Беларусі моўнае пытанне не такое адназначнае.

Беларускамоўны беларус у Беларусі — усё адно не беларускамоўны беларус у Вялікабрытаніі. Перавага любой нацыянальнай ініцыятывы ў тым, што беларусы ёсць нацыяй, якой бы яна ні была. Хай не кансалідаваная ці асіміляваная, але беларуская. Гэта слова, якое вызначае месца ў свеце для большасці нашых суграмадзян.

Нездарма падчас перапісу 1999 году 80% назвала роднай беларускую. Як бы ні гаварылася, але гэта таксама супрацьстаўленне і спроба вызначыць сабе як беларуса. Нягледзячы на значны прыярытэт расейскай , другая дзяржаўная нікуды не падзелася і засталася ў галовах. На ёй не размаўляюць, але не ідэнтыфікуюць як штучную ці варожую.

Калі збіраеш подпісы за беларусізацыю грамадскага транспарту ці мабільных аператараў, наяўнасць комплексаў у тваіх суразмоўцаў відавочная.
Нават апеляцыя да заканадаўства ёсць праявай слабасці, бо такім чынам чалавек на вуліцы апраўдвае сваю расейскую мову тут, у Беларусі. Не гістарычнымі традыцыямі ці безліччу іншых фактараў, а менавіта цвердзю ў выглядзе афіцыйнага моўнага статусу.

Не гаворачы пра тых, хто імкнецца адшукаць памылкі ў тваёй беларускай мове. Гэта ўнутранае апраўданне і спроба да прылічэння цябе да большасці: маўляў, і ты гаворыш няправільна, лічы па‑расейску, трасянкай. Мноства і агучвае думкі ўслых — не здзеквайся з мовы і сябе, гавары як усе.

Трэці тып людзей пераходзіць на беларускую і любіць зазначаць, што таксама ёю валодае, праўда, з шэрагу прычынаў не ўжывае, але з задаваленнем пяройдзе ў будучыні і гатовы падтрымаць мову подпісам зараз.

Ёсць і тыя, хто мову ўспрымае ў штыкі. Але, гэта хутчэй меншасць і выключэнне з правілу,
мінімальная колькасць пачне спрачацца і бараніць расейскую мову. З тых, хто пачынае цікавіцца і гаварыць з вамі, большасць усё‑ткі выкажа падтрымку.

Камплексуюць людзі розных пакаленняў. Бабулі, якія глядзяць «Інтэр» і прыводзяць прыклад «украінізацыі» як станоўчы, бацькі, што наракаюць на недасканалае выкладанне іх дзеткам беларускай у школе ці моладзь, якая ахвотна падтрымлівае беларусізацыю подпісамі, амаль не задаючы пытанняў.

Ігнаруюць многія, гэта праўда. Але не праз пастаноўку пытання, а сваю прагматычнасць і нежаданне браць удзел у грамадскіх ды любых іншых ініцыятывах. Ігнаруюць, бо ігнаруюць не толькі вас.

Але ігнараванне большасці пытанняў, якія гэтай большасці і тычыцца, ёсць перавагаю актывістаў нацыянальнага руху. Бо пасіўнасць і абыякавасць таксама падтрымка, па формуле «абы не заміналі».

Асобная група тых, хто пасля секунднай паўзы пачынае бараніць расейскую. Па‑рознаму. Напрыклад, дэкларуючы сваю любоў да таго, пра што секунду таму яшчэ не думаў. Ды і ніколі ня думаў, пэўна. Бо так сталася, і што тут зробіш — гаворыш па‑расейску з дзяцінства, бо ўсе так гавораць. Дзе тут любоў ці іншыя пачуцці?

Комплекс ёсць, бо ўсведамленне сваёй беларускасці мае не толькі геаграфічныя і гістарычныя каардынаты. Ён утрымлівае і іншыя асаблівасці, мова ж натуральна сярод іх.

Хай ёй не карыстаюцца, але падтрымаць гатовы. Астатняе залежыць ад энтузіястаў, ад меншасці, якая традыцыйна больш дынамічная і мабільная.
Таму і здольная на многае.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?