33-гадовы Віктар у дзяцінстве, з 7 да 15 гадоў, быў ахвярай пэдафіла, свайго стрыечнага брата. У «даінтэрнэтныя» часы ён нічога ня ведаў пра сэкс і, знаходзячыся пад уплывам старэйшага, лічыў такія адносіны натуральнымі. Віктар вырашыў расказаць тое, пра што маўчаў шмат гадоў. Рэдакцыя ведае сапраўднае імя мужчыны, але на ягоную просьбу мы захоўваем ананімнасьць. Віктар дамагаецца не пакараньня пэдафіла, які цяпер мае жонку і дачку; ён хоча, каб іншых дзяцей не напаткаў ягоны лёс, паведамляе Радыё Свабода

«Такім зручным чалавекам для яго стаў я»

Я паглядзеў чатырохгадзінны фільм аб меркаванай пэдафіліі Майкла Джэксана і дагэтуль у шоку.

Я быў ахвярай непаўналетняга пэдафіла. Гэта быў мой стрыечны брат, сын сястры маці. Аляксей быў старэйшы за мяне на 8 гадоў. Гэта пачалося, калі мне было 7 гадоў. Да 15 гадоў у нас былі полавыя кантакты на ініцыятыву Аляксея. Гэта такая гісторыя, калі яму ўсё хочацца, але пад рукой няма патрэбнага партнэра ці партнэркі. Такім зручным чалавекам для яго стаў я.

Нашыя сем’і былі дастаткова блізкія, мы жылі ня разам, але часта бачыліся на сямейных падзеях, на лецішчы. Паколькі я быў малодшым, мяне часта пакідалі Аляксею на нагляд. Усе адбывалася гэтак жа, як і ў фільме пра Майкла Джэксана. Гэта былі ня проста полавыя акты, але даволі блізкая эмацыйная сувязь, стасункі сяброў. Калі б у далейшым быў судовы працэс, то я, маючы пачуцьцё ўнутранага сораму, напэўна, даў бы паказаньні ў абарону Аляксея. А таксама і таму, што такія рэчы ўспрымаюцца нашым грамадзтвам адмоўна.

Калі палічыць колькасьць полавых кантактаў за восем гадоў, то гэта было прыкладна адзін раз на квартал. Гэта адбывалася як гульня зь невялікім прымусам, і потым гэта стала як нешта, што мае быць. Я тады думаў, што так могуць рабіць розныя людзі ў маім узросьце, што гэта нармальна. Тое, што адбылося, мне пазьней нават крыху падабалася.

Нашы кантакты былі аральнага і анальнага характару, прычым з абодвух бакоў. Ён навучыў мяне мастурбіраваць і выкарыстоўваць падручныя прадметы ў выглядзе інтымных цацак. Ён быў не дамінантным партнэрам, атрымліваў задавальненьне ў абодва бакі.

Думкі пра тое, што я гэты выбар не рабіў, і што гэта быў гвалт, зьявіліся толькі, калі мне было 22 гады. Часам у мяне зьяўляліся думкі пра расплату. Гэтае пачуцьцё цалкам атручвала маю душу. Ён мае сямʼю, у яго ўсё добра, але ягоныя родныя ня ведаюць, што ён сапсаваў мне дзяцінства.

Пра ягонае дзяцінства я ня ведаю нічога. Для мяне зьяўляецца загадкай, чаму так адбылося. Магчыма, ён таксама стаў у дзяцінстве ахвярай такіх кантактаў, магчыма, гэта адбывалася, таму што ён рос бяз уплыву бацькі.

Мы некалькі разоў бачыліся на сямейных мерапрыемствах кшталту пахаваньняў. Ён забіраў нас зь лецішча на машыне разам са сваёй дачкой. Па ягоным выразе твару я бачу, што ён усё памятае. Так, яму сорамна, але адначасна ён ня лічыць гэта нечым надзвычайным.

«У выніку аднаполага ўзьдзеяньня ў раньнім узросьце я стаў геем»

Восем гадоў кантактаў з Аляксеем — гэта палова майго дзяцінства. У выніку аднаполага, гомасэксуальнага ўзьдзеяньня ў раньнім узросьце я стаў геем. Гэта адбылося менавіта так, як тлумачыць Фрэйд, які першым апісаў гэты мэханізм. Ён пісаў, што гомасэксуалізм узьнікае ў некаторых выпадках у выніку траўматычнага ўзьдзеяньня, і за дзіця робяць выбар, зьмяшчаючы ягоную полавую арыентацыю ў адзін з бакоў. Дзеці, паводле Фрэйда, больш бісэксуальныя, і іх полавая арыентацыя замацоўваецца ў выніку ўзьдзеяньняў, і адным з такіх узьдзеяньняў служыць аднаполы гвалоўны кантакт.

Калі мне споўнілася 18 гадоў, маці стала разумець, што са мной адбываецца гомасэксуальная гісторыя. Яна аднойчы ўбачыла маю перапіску з хлопцам зь іншага гораду, дзе праскоквалі аднаполыя моманты. Натуральна, яна ўбівалася, вінаваціла мяне ва ўсім. У 22 гады я стаміўся ад псыхалягічнага ціску і сказаў маці, што і яна вінаватая ў гэтым таксама, паколькі не заўважала рэчаў, якія адбываліся са мной у раньнім дзяцінстве.

Маці была ў шоку, казала абсалютна няслушныя рэчы, кшталту, што мне гэта спадабалася. Калі пазьней у нас узьнікалі спрэчкі наконт гэтага, я адкрыта ёй гаварыў, што яна не гарантавала бясьпеку дзіцяці і «праваліла» сваю мацярынскую задачу. Гэта вельмі цяжкія словы, яны нанесьлі траўму маці, але я лічу, што зрабіў слушна, таму што крыху зь сябе пераклаў адказнасьць за тое, што адбылося, і больш не самабічуюся.

«Ахвярамі пэдафіліі, як правіла, становяцца паслухмяныя дзеці»

Мы часта расьцім вельмі добрых дзяцей, і пад словам «добры» мы разумеем зручны. Ахвярамі пэдафіліі, як правіла, становяцца паслухмяныя дзеці. Так, дзіця павінна быць паслухмяным, але калі мы будуем крышталёвую сьцяну паміж дзіцём і дарослым, то ён будзе зручнай ахвярай для пэдафіла.

Што трэба рабіць? Выхоўваць у дзіцяці асобу. Бацькі павінны разумець сваю асноўную бацькоўскую задачу не як сюсюканьне і кармленьне. Трэба рабіць як на Захадзе — гаварыць зь дзецьмі пра сэкс, пачынаючы зь 5-гадовага ўзросту. Гэта складаны момант, але іншых шляхоў я ня бачу. Я лічу, што дзіця павінна ведаць, што ёсьць нейкія дзеяньні, якія робяць дарослыя ня толькі для нараджэньня дзяцей, але і для выказваньня свайго каханьня адзін да аднаго. Я лічу, што нічога ня будзе дрэннага, калі дарослыя раскажуць пра тое, што яны абдымаюцца, каб паказаць, што кахаюць адзін аднаго.

Можна сказаць дзіцяці: «Мне б хацелася, каб ты так не рабіў, або рабіў гэта пазьней, калі вырасьцеш. Я табе гэта тлумачу, каб ты ня стаў ахвярай людзей, якія маюць псыхалягічныя адхіленьні, і якія могуць цябе выкарыстаць для ўласнага задавальненьня». Трэба браць ляльку, разьдзяваць яе, паказваць на грудзі, полавыя органы пальцам і пытацца, ці нехта там да цябе дакранаўся. Можна проста купаць гэтую ляльку і раптам запытацца, ці дакранаўся да цябе нейкі дарослы, чужы чалавек гэтак, як я цябе мыю ў ваннай. Я лічу, што гэтыя дзеяньні могуць крыху зьнізіць верагоднасьць пэдафіліі.

І трэцяя парада такая — як мага меней пакідаць дзяцей адных. Гэта складана. У некаторых краінах ёсьць заканадаўства, якое забараняе пакідаць непаўнагадовых дзяцей адных або пад наглядам адзін аднаго ці родных. Трэба ведаць, што 98-95% пэдафілаў — гэта родныя, сябры сямʼі, гэта вельмі блізкія людзі.

«Дзеці будуць расьці ў атмасфэры патрэбы адпомсьціць. І ў мяне так было»

У 17-18 гадоў я пачаў разумець, што гэта разбурае мяне, што я не магу нармальна кантактаваць зь людзьмі. Я зьвярнуўся да літаратуры, і гэта зьмяніла маё жыцьцё. Я цалкам прачытаў Зігмунда Фрэйда. Частка ягоных тэорый памылковая, але сэксуальнасьць ён апісаў з большага слушна. Я прычытаў працы многіх ягоных пасьлядоўнікаў і многіх ягоных праціўнікаў. Я прачытаў некаторых сучасных аўтараў і знайшоў некаторыя апісаньні тэрапіі, якія робяць зь людзьмі, якія перажылі сэксуальны гвалт.

Я многія этапы паўтараў. Гаварыць пра гэта публічна — адзін з этапаў, які праводзіць сучасны псыхоляг Сʼюзан Форвард, якая напісала бэстсэлер «Таксічныя бацькі», перакладзены на многія мовы. Я спрабаваў кантактаваць з псыхолягамі онлайн, і дагэтуль гэта раблю, але ў краінах СНД псыхалягічная дапамога да нядаўняга часу была вельмі прымітыўнай і зводзілася толькі да заявы псыхолягаў, што трэба думаць больш пазытыўна. Цяпер з гэтым стала лепей.

Пачуцьцё рэваншызму разьядае асобу. Дзяцей нельга біць менавіта таму, што яны будуць мець патрэбу ў рэваншу перад дарослымі. Дзеці будуць расьці ў атмасфэры патрэбы адпомсьціць. І ў мяне так было. Я ня мог атрымліваць задавальненьне ад мастацтва, птушак, прыроды і гэтак далей. Усё раздражняла — Лукашэнка, рэлігія, сваё цела, шум посуду на кухні. Гэта ў псыхалёгіі называецца самаразбурэньне.

Адпомсьціць у прынцыпе можна, але ёсьць верагоднасьць, што калі пра гэта раскажаш, рэакцыя можа быць істотна супрацьлеглай. Многія пачнуць яму суперажываць, думаючы, што я хачу адпомсьціць ці разбурыць ягоную сямʼю. Найхутчэй суперажываць мне ня будуць таму, што я хачу вынесьці сьмецьце з хаты.

Я лічу, што прымаўка аб невынясеньні сьмецьця з хаты — гэта самае нэгатыўнае, што магло нарадзіцца ў нашай культуры. Для таго, каб перажыць гэтую траўму, трэба гаварыць пра гэта, што я цяпер і раблю. Я гавару пра гэта зь незнаёмым чалавекам абсалютна свабодна, заяўляючы атачэньню і самому сабе пра тое, што гэта на мяне больш ніяк не ўзьдзейнічае і больш не атручвае маё жыцьцё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?