Актывіст брэсцкай ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода Майсей Мазько затрыманы пасля таго, як у яго машыне знайшлі патроны, брыкет рэчыва, падобнага да выбухоўкі, і запал. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк.

У дачыненні да Майсея Мазько распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса (незаконнае абарачэнне зброі і боепрыпасаў). Санкцыя артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі да 7 гадоў.

3 красавіка ад раніцы праходзіць ператрус дома ў ягонага сына Дзяніса Мазько.

Аўтамабіль, на якім ехаў Майсей Мазько, спынілі 2 красавіка а 15.30 супрацоўнікі ДАІ пад Брэстам. Як расказаў Раман Кісляк, супрацоўнікі ДАІ спачатку сказалі, што машына Мазько падобная да машыны з Высокага.

«Пабачылі ў салоне чорны пакет і спыталі, што ў ім. Мазько сказаў, што не ведае, і разгарнуў, а там прадметы, падобныя да патронаў», — расказаў праваабаронца.

Хутка прыехалі супрацоўнікі Следчага камітэта, эксперты. У пакунку былі знойдзеныя яшчэ брыкет невядомага рэчыва, падобнага да выбухоўкі, і запал.

Паводле Кісляка, аўтамабіль, на якім ехаў Мазько, належыць не яму, а манастыру, дзе ён працуе заўгасам.

Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы, якая пратэстуе супраць завода, кажуць, што лічаць сітуацыю з Майсеем Мазько правакацыяй супраць пратэстоўцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?