У мінулым годзе «Шлях» сабраў 500 чалавек
2 красавіка адбылося пасяджэнне аргкамітэта традыцыйнай акцыі «Чарнобыльскі шлях». У яго увайшлі партыя БНФ, партыя «Зялёныя», аргкамітэт БХД, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, рух «За свабоду», АГП, рух салідарнасці «Разам», а таксама грамадскае аб’яднанне Экадом.
На пасяджэнні вырашылі правесці 26 красавіка (пятніца) традыцыйную акцыю «Чарнобыльскі шлях» «з мэтай прыцягнення грамадскай увагі да ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і яе наступстваў, праблемаў развіцця атамнай энергетыкі і пратэсту супраць Астравецкай АЭС, як пагрозы нацыянальнай бяспецы Беларусі», паведамляе прэс-служба партыі БНФ.
Заяўку на правядзенне акцыі плануецца падаць у наступны панядзелак.
Мяркуецца, што акцыя пройдзе традыцыйным маршрутам. Збор удзельнікаў у 17:30 перад Акадэміяй навук, затым шэсце да памятнага знака «Ахвярам Чарнобыля», мітынг і ўскладанне кветак да памятнага знака.