У перадачы «Зона Х» на БТ выйшаў сюжэт, прысвечаны паэту Славаміру Адамовічу, якога асудзілі на 2 гады хатняй хіміі — паэт абнёс суседскую хату.

Чытайце: Паэту Славаміру Адамовічу прысудзілі 2 гады хатняй хіміі

Але ў роліку ўзгадваецца яшчэ адзін дзіўны інцыдэнт, які адбыўся падчас святкавання БНР-100 у 2018 годзе. На відэа твар дзяўчыны закрыты, імя не ўзгадваецца. Асобу пацярпелай агучыў у фэйсбуку сам Адамовіч — гэта маладая праваабаронца Анісія Казлюк.

Славамір Адамовіч

Славамір Адамовіч

«Наша Ніва» звязалася з Анісіяй. Дзяўчына пацвердзіла: непрыемная гісторыя з удзелам Адамовіча сапраўды была.

Анісія Казлюк

Анісія Казлюк

«Гэта было 25 сакавіка 2018 года, падчас святкавання Дня Волі. Мы былі ў кавярні, у кампаніі прысутнічаў Адамовіч. Мой заплечнік быў пад сталом — а пасля знік.

Пазней высветлілася, што Адамовіч знёс заплечнік. Я пазваніла, ён пацвердзіў, што так, заплечнік у яго, маўляў, прыедзьце забярыце. Сказаў, што і сам не ведае, як так адбылося. Я спачатку паверыла, што ўзяў выпадкова, каб захаваць, мо мяне недзе не пабачыў», — расказвае дзяўчына. 

Але з заплечніка знікла каля 200 рублёў і розныя дробязі, напрыклад навушнікі.

«Пазней я была ўжо ўпэўненая, што Адамовіч заплечнік не выпадкова ўзяў, а менавіта скраў. У заплечніку быў фотаапарат. І пасля, калі я праглядала фоткі з Дня Волі, знайшла дзіўныя.

Аказалася, што Адамовіч узяў мае рэчы, расклаў у сябе на ложку, сфатаграфаваў на мой жа фотаапарат, пасля чаго паклаў фотаапарат назад у заплечнік!

— распавядае Анісія. — Былі на фотаапараце і здымкі, якія Адамовіч зрабіў, калі вяртаўся дадому на электрычцы».

Казлюк папрасіла паэта патлумачыць, што адбылося. Па словах дзяўчыны, той прызнаў, што гэта сапраўды быў крадзеж, прызнаўся, што ён клептаман.

«Я прапанавала вырашыць сітуацыю. Дамовіліся сустрэцца. Адамовіч прыехаў пагаварыць, частку рэчаў аддаў. Мы падлічылі агульны кошт таго, што знікла. Грошы ён мне пасля за гэта аддаў. Таму мы дамовіліся не афішаваць сітуацыю, але ён сам усё вынес на людзі, — кажа Анісія. — І летась Адамовіч сам апублікаваў відэа, прысвечанае гэтай гісторыі.

Калі сёлета праваахоўнікі збіралі на яго дасье, пабачылі тое відэа, правялі праверку. Падчас вобшуку ў яго знайшлі іншыя рэчы чужых людзей. У СК выклікалі і мяне. Я распавяла, як і што было, і напісала паперу, што не маю прэтэнзій і прашу спыніць крымінальную справу. Бо мне шкада чалавека, які вось такімі шляхамі прыцягвае ўвагу да сябе».

Але на гэтым не скончылася.

«Пасля Адамовіч яшчэ надрукаваў у «Новым часе» артыкул у жанры «мастацкая аналітыка». У ім Адамовіч апісваў, як святкаваў Дзень Волі, як пасля выпадкова знайшоў дома мой заплечнік…

Але там хапала непрыемных выразаў у мой адрас. Мяне ўзгадваў не па імені, а як «рудую фею», тэкст быў сэксісцкі і поўны аб’ектывацыі, — расказвае Казлюк. — У выніку я дамаглася, каб «Новы час» зняў гэты артыкул».

«Наша Ніва» пацікавілася меркаваннем самога Славаміра Адамовіча: ці было такое і навошта ён сам цяпер агучвае гэтую гісторыю?

«Я напісаў пра гэта, бо цэлы год чакаў размовы з Анісіяй. Хацеў пагаварыць пра гэты недарэчны выпадак, як у мяне аказаўся той заплечнік, — кажа паэт. — Бо раней размовы ў нас і не было — у іх быў такі настрой, каб мяне абвінавачваць у крадзяжы і не разбірацца. А ў тым бары, дзе мы былі, алкаголь ліўся ракою і «Жыве Беларусь» стаяла суцэльным крыкам».

Адамовіч не адмаўляе — заплечнік ён прыхапіў. Але, сцвярджае, што проста перапіў падчас свята:

«Калі яны былі цвярозыя і калі так гэта ўсё пайшло, што Адамовіч, прабачце, сп***дзіў і нех*** разбірацца… То вынікае, што ім пофіг на рэнамэ «Вясны», якая і так не вылазіць са скандалаў.

Калі людзі думаюць, што я скраў, то хай думаюць. Я чакаў доказаў. Нават хадзіў у той бар, хацеў паглядзець відэа, але сказалі, што ўжо няма.

Асабіста я магу прызнаць, што алкаголю ўжыў нямерана. А там ужо што там… Цяжка сказаць, калі чалавек быў пад алкаголем».

Тое ж самае Адамовіч адказвае і на пытанне, навошта фатаграфаваў рэчы Анісіі.

«Я лазіў у заплечнік, бо інакш як бы знайшоў, каму аддаваць? Але гэта дзіцячае пытанне: навошта і якія маніпуляцыі рабіў п’яны чалавек? — разважае Адамовіч. —

Галоўнае пытанне, б**: працуючы ў такім таварыстве [найхутчэй, маецца на ўвазе «Вясна» — Рэд.], трэба з людзьмі гаварыць!

Я афігеў, калі зразумеў, што мяне робяць злачынцам. Бо я тады толькі прыехаў пасля дзевяці гадзінаў у Пухавіцкім РАУСе, дзе праходзіў па дзвюх крыміналках. І тут мне яшчэ такая гісторыя, б**. Таму, канечне, я страшэнна злы на ўсю гэтую х**ню, б**».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?