Некалі цяперашні кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, калі ён яшчэ ўзначальваў Белтэлерадыёкампанію, выказваўся пра Курапаты. 

«Курапаты пара нацыяналізаваць раз і назаўсёды і зрабіць гэта месцам смутку, месцам справядлівасці і не рабіць з гэтага палітыку. Гэта наша агульная гісторыя», — казаў ён у «Клубе рэдактараў» на Беларусь-1. 

Давыдзька расказаў «Нашай Ніве», што ён думае пра сённяшнія падзеі ў Курапатах, дзе гвалтам зносяць крыжы, якія відаць з дарогі. 

«Я вазьму гэтую тэму ў «Клуб рэдактараў», грамадскія непагадненні — гэта заўсёды кепска, — сказаў нам Давыдзька. — Кепска тое, што там адбываецца. З іншага боку… ну давайце яшчэ больш крыжоў там паставім, што гэта вырашыць? Пытанне Курапатаў, на жаль, застаецца. Мне вельмі хочацца, каб вакол іх была грамадская дыскусія, мне не падабаецца тое, што там адбываецца». 

Давыдзька таксама звярнуў увагу, што крыжы, пра якія вядзецца гаворка, пастаўленыя там самавольна: «Дык што, можна крыж у кожным скверы ставіць і чакаць, пакуль суд прызнае гэта незаконным?» — сказаў ён. 

На заўвагу, што крыжы ўсё ж з'яўляюцца ў адным толькі месцы і толькі таму, што дзяржава доўгі час ігнаравала сакральнасць Курапат, Давыдзька адказаў так: «У гэтым [ігнараванні] я не на баку дзяржавы. Здаецца, што нейкія крокі ў гэтым кірунку [ушанавання] ужо зроблены», — сказаў ён. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?