Баранавіцкі «Intex-press» дагэтуль чакае адказу з «Белпошты». «Белсаюздрук» адмовіў выданню у распаўсюдзе.

«Мы паспрабавалі ўслед за «Народнай воляй» і «Нашай Нівай» звярнуцца ў арганізацыі распаўсюду, але вынік атрымаўся нулявы» — паведаміў галоўны рэдактар баранавіцкай газеты «Intex-press» Уладзімір Янукевіч. Паводле ягоных словаў, да вяртання ў шапікі двух незалежных выданняў у «Белсаюздруку» адмаўлялі на той падставе, што не бачаць у гэтым патрэбы, а пасля заявілі, што спіс выданняў, якія прадае прадпрыемства, ужо складзены. У баранавіцкім аддзяленні «Белпошты» заявілі, што такое пытанне вырашаецца на рэспубліканскім ўзроўні. З Мінску рэдакцыя найбуйнейшага рэгіянальнага выдання чакае адказу дагэтуль.

Газета «Intex-press», а таксама іншыя рэгіянальныя выданні баранавіцкага выдавецкага дому, даходзяць да чытача самастойна. Сістэма распаўсюду, распрацаваная ў Баранавічах, у свой час дазволіла выстаяць не аднаму незалежнаму выданню ў Беларусі, у тым ліку і ў Мінску.

На сёння наклад папулярнага ў рэгіёне выдання складае каля 17 тысяч асобнікаў. Чытацкая аўдыторыя сягае за 60 тысяч чалавек.

«Intex-press» была заснаваная групай баранавіцкіх прадпрымальнікаў у 1994 годзе. Першапачаткова задумвалася, як бізнэс-бюлетэнь, які мусіў знаёміць чытача з развіццём бізнэсу ў рэгіёне і ў краіне. Аднак першы нумар накладам у 4000 асобнікаў патрапіў да чытача ў выглядзе тэлевізійнага дадатку (тады газета належала мясцовай тэлекампаніі «Интекс»).

З прыходам у 1996 г. на пасаду галоўнага рэдактара Ўладзіміра Янукевіча тыднёвік распачаў няпросты шлях да пераўтварэння ў грамадска-палітычнае выданне.

У 1999 г. былі сур’ёзна перагледжаныя дызайн і канцэпцыя штотыднёвіка.

У 2001 г. на базе рэдакцыі ўзнікла ТАА «Выдавецкі дом «Интекс-пресс». Адно за другім сталі з’яўляцца рэгіянальныя выданні выдавецкага дому — «Ганцавіцкі час», «Ляхавіцкі час», «Нясвіжскі час», «Мясцовы час» (Пінск).

У 2006 г. газета разам з шэрагам іншых незалежных выданняў была выключаная з дзяржаўнай сістэмы распаўсюду.

У 2008 г. з-за немагчымасці нармальна распаўсюджвацца «Ляхавіцкі час» і «Мясцовы час» былі вымушаныя прыпыніць выхад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?