Уплывовыя беларусы працягваюць выказвацца наконт падзеяў 4 красавіка ў Курапатах, дзе ўлады знеслі крыжы, усталяваныя актывістамі. 

«Наша Ніва» высветліла меркаванне настаяцеля мінскага храма Усіх Святых, протаіерэя Фёдара Поўнага, які лічыцца адным з самых аўтарытэтных святароў.

Айцец Фёдар адказаў доўгай пропаведдзю. 

«Духоўны свет цяжкі. Але духоўны свет не дапускае маніпуляцый у нечых інтарэсах — гэта пагражае, прынамсі, непрыемнасцямі. Часта мы бачым тое, што ляжыць на паверхні. Вось цяпер завяршаецца крыжапаклонны тыдзень Вялікага Посту ў нас, праваслаўных хрысціян. У кожным храме на гэтым тыдні ляжыць укрыжаванне для укленчання. Мы суперажываем і смуткуем у смерці Ісуса Хрыста. І ў гэты час, мякка кажучы, не зусім шаноўна прыбіраць крыжы з тэрыторыі Курапат, каб прывесці мемарыяльнае месца ў належны выгляд.

І абсалютна лагічна людзі ўспрымаюць гэтае дзеянне як папранне святыні. Такая рэакцыя заканамерная. І чакаць іншай — тое ж самае, што спадзявацца на цуд. Канечне, у гэтай сітуацыі можна абвінаваціць улады ў бездухоўнасці, але можна, і лепш, — задумацца над больш глыбіннымі рэчамі. Напрыклад — ці шмат тых, хто цяпер узняўся супраць зносу крыжоў у Курапатах, прыйшлі пакланіцца ўкрыжаванню ў храме на гэтым тыдні? Якая частка насельніцтва прыйдзе на Страсной сядміцы ў храм? Не на Вялікдзень, радавацца і асвянчаць куліч, а разам укрыжоўвацца з Хрыстом? 

Ёсць тонкая мяжа між абаронай святыні — крыжа, — і асуджэннем улады, якую кожны спрабуе назваць нелюдзьмі. Калі крыж сам па сабе святыня, то плот і алеі з крыжоў — гэта хутчэй «перабор у святасці», чым благагавеннае пачытанне. 

Па такой логіцы можна крыжамі пакрыць усю шматпакутную зямлю Беларусі, бо кожная травінка расце на касцях нашых людзей. 

«Віа Долароза» — дарога да трох крыжоў. На адным быў Збаўца, а побач два злодзеі. Гэта не сотні крыжаў, не сотні Хрыстоў, бо тады гэта не Галгофа. Курапаты — метафарычная чалавечая Галгофа. Сапраўды, там трэба месца, дзе будуць гучаць малітвы аб супакоі закатаваных душ, на розных мовах… І людзьмі розны веравызнанняў. А дзе малітва — там і крыж, але не наадварот. І калі я чую прыклад Грабаркі ў Польшчы, то тая ж Грабарка пачыналася з веры і з палымянай малітвы аб захаванні ад бедаў і эпідэмій. А з чаго пачыналіся Курапаты?

З супрацьстаяння. Шчыра, часта з няпраўды — з завышаных лічбаў ахвяраў, скажэння фактаў, прыкрыццём якіх сталі крыжы. Давайце шчыра прызнаемся, што кожны раз, калі згадваецца гэтае месца смутку, гэта або скандал, або правакацыя. Я памятаю зусім мала публікацый аб Курапатах у кантэксце гістарычнай памяці, смутку па загінулых, сумеснай малітвы, у кантэксце навуковага і дакладнага даследавання, у рэшце рэшт.

Я вымаўляю гэтыя словы пры ўсім разуменні паўнаты смутку па загінулых, які падзяляю з усімі беларусамі. На жаль, рэакцыя на тое, што адбываецца, можа паслужыць расколу грамадства. Сумна, што яго нагодай, на жаль, становіцца крыж, што недапушчальна, бо сапраўдны Крыж Хрыста ў тых, хто садзейнічае ўсталяванню і ўмацаванню міру.

Недапушчальна, каб Крыж стаў падставай для бойкі або сутыкненняў, і мы, калі лічым сябе праўдзівымі хрысціянамі, павінны цвяроза асэнсаваць тое, што адбываецца, і зазірнуць унутр сябе. Мы маем права на сваё меркаванне, мы павінны казаць услых, але з якой адказнасцю за кожнае слова, думку і дзеянне».

Чытайце. Прэс-сакратар Праваслаўнай царквы пра знос крыжоў у Курапатах: Д'яблы вельмі баяцца знаку Крыжа Гасподняга

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў тэрмінова прыпыніць знос крыжоў у Курапатах

Грэка-католікі Беларусі назвалі падзеі ў Курапатах «крыжаломам»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0