08.04.2019 / 13:08

Гімназістаў, якія ўзнялі ў Пецярбургу бел-чырвона-белы сцяг, запалохваюць і пагражаюць праблемамі ў вучобе 40

Прадстаўнікі сістэмы адукацыі ціснуць на гімназістаў, якія пасля паспяховага выступу на міжнароднай алімпіядзе ў Пецербургу выйшлі на ўзнагароджванне з нацыянальным сцягам, а таксама на іх бацькоў.

Чытайце: Школьнікі, якія выйшлі ў Пецярбургу з бел-чырвона-белым сцягам: Мы хацелі паказаць, што Беларусь — асобная краіна

У той алімпіядзе мінская каманда складалася з вучняў гімназій №41 і №29.

Як стала вядома «Нашай Ніве», чыноўнікі ад адукацыі (каманда ездзіла пад патранажам камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама) зладзілі цкаванне школьнікаў і настаўнікаў, якія адзначыліся ў тым мерапрыемстве.

Як сцвярджаюць вартыя даверу крыніцы, у міністэрства выклікалі выкладчыкаў і зладзілі ім разнос.

Што датычыць бацькоў, то выкладчыкі і чыноўнікі арганізавалі сапраўдны тэлефонны «флэшмоб»: з просьбай выдаліць фота і не даваць каментароў прэсе некаторым бацькам спачатку пазванілі з міністэрства, потым дырэктарка гімназіі, а потым класная, — пра гэта нам расказалі людзі, блізкія да адной з сямей.

Дырэктарка гімназіі №41 Марыяна Скакун падманвала дзяцей, кажучы, што «калі будуць працягваць — то адказнасць ажно да крымінальнай».

Марыяна Скакун.

Адной з дзяўчынак, якая ідзе на залаты медаль, настаўнікі паабяцалі, што «калі яшчэ раз — не будзе медаля». 

Праз пару дзён пасля пачатку цкавання адзін са школьнікаў па вучэбных прычынах выключаў тэлефон на некалькі гадзін, пайшоўшы ў бібліятэку.

Яго маці не магла дазваніцца да сына і, памятаючы пагрозы адміністрацыі, падумала, што яго забрала міліцыя, або здарылася нешта горшае. Жанчына расхвалявалася і паехала ў міліцыю пісаць заяву на знікненне хлопца.

На шчасце, хлопец аб'явіўся праз пару гадзін. Пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі аднакласнікі хлопца

Адміністрацыя гімназіі №41 сітуацыю не каментуе. 

Дырэктар гімназіі №29 Віктар Пшыкаў выказаўся для «Белсата»: 

«Гэта не адзіныя нашыя здольныя вучні. Я кожнаму з іх паціснуў руку. Што датычыць сцяга, яны дарослыя ды самыя вырашаюць і адказваюць за свае ўчынкі. Я адказваю толькі за вучобу, таму я нікога не караў і не даваў вымоваў. Тое ж датычыць настаўнікаў: яны ехалі па загадзе аддзелу адукацыі Мінскага гарвыканкама, таму я не маю права даваць ім вымовы», — распавёў ён. 

Прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая сцвярджае, што ў міністэрства выкладчыкаў не выклікалі: маўляў, тыя нешта блытаюць. 

АЯ

5
Той самы / Адказаць
08.04.2019 / 13:14
Хлусьлівыя і непрыстойныя паводзіны карпенкаўскіх чыноўнікаў, усе яны ў свайго гаспадара і літаральна ва ўсім.

А дзеткам і іх бацькам вялікая павага! Жыве Беларусь!
6
Юрась Беларус / Адказаць
08.04.2019 / 13:17
Як жа яны баяцца нашага сцяга, дзеткі трымайцеся за намі праўда, а гэтыя чынушы, асабліва ў адукацыі, поўныя нулі і лузэры, яны нішто.
5
Трактарыст-максімаліст / Адказаць
08.04.2019 / 13:18
Ну а хто б сумняваўся што так і будзе.
Паказаць усе каментары/ 40 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру