08.04.2019 / 15:21

«Машына ў манастыры ніколі не замыкалася» — Майсей Мазько пра справу з патронамі 3

Берасьцеец Майсей Мазько лічыць правакацыяй знойдзеныя ў ягонай машыне патроны. Ён расказаў Свабодзе пра абставіны сваёй крымінальнай справы.

62-гадовы Майсей Мазько, а таксама ягоны сын Дзяніс праходзяць у крымінальнай справе аб знойдзеных патронах і рэчыве, падобным да выбухоўкі. Па трое сутак яны правялі ў ізалятары, потым іх адпусьцілі, але крымінальную справу не спынілі.

Майсей Мазько працуе загадчыкам гаспадаркі ў праваслаўным манастыры ў Берасьці. Ён кажа, што яго сям’я вельмі моцна перажывала гэтыя дні.

«Сям’я ў шоку. Яны трое сутак увогуле ня спалі. Цяпер, калі мяне выпусьцілі, сына выпусьцілі, крыху супакойваюцца. Але гэта, безумоўна, шок… Гэта, напэўна, знарок зроблена, каб ня толькі мяне напужаць, але і сям’ю, і сваякоў», — мяркуе Майсей Мазько.

«Гэта правакацыя»

Майсей Мазько кажа, што пакет, які яго папрасілі разгарнуць супрацоўнікі ДАІ, калі спынілі 2 красавіка, ён упершыню бачыў. Але разгарнуў яго на просьбу міліцыянтаў, бо і ня думаў, што там можа быць нешта крымінальнае.

«Калі я разгарнуў той пакет, быў зьдзіўлены. Я адразу зразумеў, што гэта правакацыя. Вядома, праваабаронцы папярэджвалі нас, што розныя падобныя сытуацыі могуць быць. Але мы неяк не зьвярнулі на гэта ўвагу.

Паводле яго, знойдзены пакет адназначна падкінулі. Ён тлумачыць гэта тым, што аўтамабіль, на якім ён ехаў, часта стаіць на тэрыторыі манастыра нават не замкнуты.

«Гэты аўтамабіль аформлены на сястру манастыра, выкарыстоўваўся па дабраславеньні ігуменьні як працоўны. Я выконваў на ім службовыя абавязкі. Больш за ўсіх езьдзіў я, але яшчэ некалькі чалавек пры патрэбе езьдзілі. Гэтая машына ніколі ў манастыры не замыкалася. Пакуль я вырашаю пытаньні ў кабінэце, яна стаіць на ўнутранай паркоўцы. Ніколі не было, каб з машыны нешта прапала за 20 гадоў, што я працую», — расказаў Мазько.

«Наш пратэст можа быць толькі мірным»

Майсей Мазько кажа, што ён не зьяўляецца паляўнічым, з рэлігійных перакананьняў супраць любога гвалту.

«Я сьледчым казаў, што апошні раз зброю трымаў, калі выконваў «інтэрнацыянальны абавязак», як нам казалі, у канцы 1970-х у Афрыцы. Служыў на танкеры, суправаджалі караблі Паўночнага флёту. Вось у Анголе апошні раз трымаў зброю ў руках. Гэта быў, здаецца, 1977 год.

Пасьля таго — ніколі. Я не паляўнічы, і ўвогуле, па сваіх рэлігійных перакананьнях я праціўнік любога гвалту ўвогуле. Я перакананы, што наш пратэст можа быць толькі мірным, не павінна быць ніякага гвалту», — тлумачыць Майсей Мазько.

Майсей Мазько кажа, што, седзячы ў ізалятары, ён ня ведаў, што на волі праяўляюць салідарнасьць зь ім, што сотні людзей памянялі аватаркі ў сацыяльных сетках на яго фота з надпісам «Свабоду Майсею Мазько!», што людзі актыўна адпраўляюць паштоўкі яму ў ізалятар.

Калі мне супрацоўнікі ДАІ паказалі на гэты пакет, я без сумневу яго разгарнуў. І калі ўбачыў, я ўжо зразумеў, што гэта з заводам зьвязана. Я тады яшчэ супрацоўнікам ДАІ вымавіў, што «мэтады, у вас, хлопцы, мярзотныя», — кажа Майсей Мазько.

«Нічога не даходзіла, ніводнай паштоўкі; я нічога ня ведаў, што такая салідарнасьць. Учора па службе ня мог быць зь людзьмі (на акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу), увечары ў запісе паглядзеў — відаць рэакцыю людзей, абураных, што чалавеку, які змагаецца за экалёгію, падкідаюць патроны, выбухоўку. Я думаю, тыя, хто гэта рабіў, не пралічылі, якая будзе рэакцыя», — кажа Майсей Мазько.

Спадар Мазько мяркуе, што ціск супраць пратэстоўцаў апошнім часам ўзмацніўся.

«Завод для іх — вельмі хворая тэма. Яны павінны яго любым чынам запусьціць. І апошнія падзеі з актывістамі паказваюць, што на нас пайшоў сур’ёзны ціск. Аднаго выпускаюць, наступнага затрымліваюць. І гэта, пэўна, будзе працягвацца», — кажа Майсей Мазько.

0
Цетка Алена / Адказаць
08.04.2019 / 19:09
А як цяпер давесцi , што патроны i выбухоука не належыць манахiням ?
2
вусцішны троль / Адказаць
08.04.2019 / 21:12
У НН слова шуняўкі пад забаронай? Няжо ціснуць зверху?
0
Вецер валос. / Адказаць
08.04.2019 / 23:18
Пакет ня трэба было браць у рукі,цяпер будуць адпячаткі.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру