08.04.2019 / 15:34

У Магілёве вынеслі прысуд 25-гадовай трэнерцы, у якой на занятках па веславанні патануў школьнік 1

У Магілёве суд вынес прыгавор 25-гадовай трэнеру-выкладчыку абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту Ірыне Каратковай. Яе прызналі вінаватай у службовай нядбайнасці, якая прывяла да смерці дзіцяці па неасцярожнасці. У Каратковай на трэніроўцы ў летнім лагеры патануў 14-гадовы школьнік. Маральную шкоду на карысць бацькоў загінулага суд пастанавіў спагнаць з установы, а не з трэнера, піша Tut.by

— Суд прысудзіў трэнера-выкладчыка да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах пасялення з пазбаўленнем права займацца выкладчыцкай дзейнасцю на працягу 5 гадоў, - распавяла Tut.by старшы памочнік пракурора Магілёўскай вобласці Алена Шумейка. — Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.

Бацькі школьніка заяўлялі пазоў да Цэнтра алімпійскага рэзерву на кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 100 тыс. Рублёў. Суд задаволіў пазоў часткова, пастанавіўшы спагнаць з установы 60 тыс. рублёў. Па словах Алены Шумейка, установа пасля можа спагнаць гэтую суму з трэнера.

Трэнер застаецца пад падпіскай аб нявыездзе. У яе ёсць 6-гадовы сын.

Што здарылася

На трэніроўцы 26 чэрвеня 2018 года школьнік быў з іншымі выхаванцамі Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту, але трохі адстаў ад іх. Трэнер суправаджала дзяцей на маторнай лодцы і была каля асноўнай групы, калі лодка хлопчыка перакулілася. Падлетак быў без выратавальнай камізэлькі.

Гэта бачыў рыбак на беразе. Ён спытаў у хлопчыка, ці патрэбна яму дапамогу. Той адмовіўся, сказаў, што сам справіцца. Аднак мужчына ўсё роўна патэлефанаваў у МНС. Выратавальнікі выехалі на выклік, мужчына згубіў дзіця з-пад увагі. Цела хлопчыка знайшлі недалёка ад месца, дзе яго апошні раз бачыў рыбак.

Па версіі следства, трэнер дапусціла непаўналетняга спартсмена-навучэнца да вучэбна-трэніровачнага занятку на адкрытай вадзе без прыняцця заліку па плаванні, не азнаёміла яго з правіламі тэхнікі бяспекі. Пры гэтым выратавальную камізэльку хлопчыку выдалі, але на ваду ён спусціўся без яе. А даганяць групу стаў па ўказанні трэнера. Падчас трэніроўкі школьнік выйшаў з зоны спартыўнай акваторыі, прызначанай для груп пачатковай падрыхтоўкі.

Загінулы падлетак вучыўся ў гімназіі № 1 і быў адзіным дзіцем у сям'і.

Як распавядаў Tut.by бацька загінулага Яўген, хлопчык пайшоў займацца веславаннем ў канцы лютага — пачатку сакавіка 2018 года. Калі ў маі хлопцы ўпершыню выйшлі на ваду, яны былі ў складзе чацвёрак, гэта значыць у лодцы былі трэнер Караткова і тры маладыя весляры. Школьнік пачаў паказваць добрыя вынікі, і трэнер стала займацца з ім асобна, а пасля, па словах бацькі, і зусім дазваляла трэніравацца самастойна.

У бацькі ёсць сваё бачанне таго, што адбылося. Яўген лічыць, што яго сыну проста не хапіла сіл выбрацца на бераг разам з лодкай. А яе ён не кінуў, бо баяўся, што на яго за гэта не сварыліся.

0
Козік / Адказаць
09.04.2019 / 00:36
Чаму перад заняткамі не пагаварыць з дзецьмі пра правілы бяспекі?  Спытацца, ці хто не забыўся выратавальнай камізэлькі?  Што жыццё ўсё а лодка нічога.. 
У свабодны час пазагараць і пакупацца з дзецьмі, паглядзець, як яны трымаюцца на вадзе, разабраць некалькі няшчасных выпадкаў на вадзе, правесці паказальны сеанс аказання дапамогі тонучаму і патануламу чалавеку..  
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру