Новаствораны Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў працягвае набіраць супрацоўнікаў.
Як паведамляе адзін з беларускіх тэлеграм-каналаў,
адну з кіруючых пасадаў зойме Таццяна Шэндзік. Пакуль яна працуе намесніцай старшыні праўлення «Белай Русі».
Гэтую інфармацыю «Нашай Ніве» пацвердзіў старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька.
«Гэта праўда, яна сыходзіць, яна мне казала. Кім? Там некалькі кірункаў дзейнасці [у БІСД], адзін з іх яна будзе курыраваць. Які менавіта не скажу, баюся памыліцца», — сказаў Давыдзька.
Звязацца з самой Шэндзік пакуль не атрымалася.
У «Белай Русі» яна працуе з 2009 года, а летась стала намесніцай старшыні.
На сайце арганізацыі адзначаецца, што Шэндзік паходзіць з вёскі Слабада Смалявіцкага раёна, скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання, працавала ў сістэме адукацыі.
Таццяна Шэндзік, фота з Аднакласнікаў
Таццяна Шэндзік — кандыдат палітычных навук, тэма яе кандыдацкай — «Грамадска-палітычныя арганізацыі ў палітычнай сістэме Рэспублікі Беларусь на прыкладзе Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь».
Аўтарэферат работы даступны на сайце ВАКа.
Сярод навуковых публікацый такія артыкулы ў «Беларускай думцы», як, напрыклад, «Белая Русь»: шлях да партыі?», або «Белая Русь» як элемент палітычнай сістэмы».
Раней «Наша Ніва» паведамляла, што ў Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў уладкаваўся прапагандыст з БТ Юрый Пракопаў.