10.04.2019 / 13:42

«Академкнига» представляет: лучшие издания фестиваля Pradmova

У часе Фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», які прайшоў у розных гарадах Беларусі, адбылася сотня імпрэзаў з удзелам дзясяткаў творцаў. Гледачы маглі паслухаць паэтаў, празаікаў, мысляроў, набыць самыя новыя выданні і бестселеры.

«Акадэмкніга» прапануе пазнаёміцца з кнігамі, якія карысталіся найбольшым попытам падчас фестывалю.

Віктар Марціновіч.  Мова

Мінск, 4741 год па кітайскім календары. Часы Смутку скончыліся, надышла эра ўзвышэння Саюзнай дзяржавы Кітая і Расіі, бесклапотных уцехаў, шопінг-рэлігіі і cold sex’у. Аднак існуе Нешта, чаго ў гэтым грамадстве суцэльнага дабрабыту не стае як вады і паветра. Сентыментальны кантрабандыст Сярожа пад страхам смяротнага пакарання ўвозіць каштоўны скарб з-за мяжы і апынаецца пад пільным кантролем мінскага падполля, узначаленага кітайскай мафіяй пад кіраўніцтвам таямнічай Цёткі. Разам яны спрабуюць зламаць сістэму, у якой дабро і зло, асветнікі і злачынцы, каханне і спажыванне, вернасць і здрада памяняліся месцамі.

Ці можаце вы ўявіць Беларусь без Беларусі? Гэты раман — страшны сон пра будучыню, прадухіліць якую можна толькі ў лучнасці з тым скарбам, вакол якога і распачынаецца дзеянне гэтага лінгвістычнага баевіка.

Гэта ўжо трэцяе выданне кнігі Віктара Марціновіча. 

 

Андрусь Горват. Радзіва «Прудок»

Журналіст, дворнік, дармаед, гаспадар, пісьменнік. Аўтар гэтай кнігі — чалавек, які шукае свае месца ў гэтым свеце. Такім месцам магла стаць утульная рэдакцыя сталічнага часопіса або модны хіпстарскі каворкінг. Але стала дзедава хата на Палессі, на ўскрайку Беларусі, на скрыжаванні сусветаў.

Гэта кніга не пра тое, як аднавіць напаўразбураны дом, садзіць агарод, даіць казу, жыць у вёсцы і не спіцца. Гэта кніга пра тое, як аднавіць напаўразбуранага сабе. 

 

 

Ким. Великий прохожий, вероятные истории

Укладальнікі Аляксандр Сушкоў, Алена Будзінайце.

Гэта ўнікальнае выданне: вялікая памятная кніга з тэкстамі, вершамі, інтэрв'ю, рэдкімі фотаздымкамі і архіўнымі дакументамі.

Зборнік з'яўляецца сведчаннем жывой і глыбокай цікавасці да асобы Кіма Хадзеева (1929-2001) - легендарнага мінчука, які дзесяцігоддзі збіраў вакол сябе інтэлектуальную эліту горада.

У 2019 годзе Кіму споўнілася б 90 гадоў. Больш за пяцьдзесят натхнёных расказчыкаў удзельнічалі ў спробе ўзнавіць яго шматгранны, супярэчлівы і складаны вобраз.

 

 

Міхаіл Анемпадыстаў. Колер Беларусі

«Колер Беларусі» — адна з першых спробаў візуалізаваць каларыстыку беларускай мінуўшчыны і сучаснасці з яе яскравымі колерамі і адценнямі, з прыроднымі структурамі, народжанымі пад уздзеяннямі трох стыхій.

Дызайнерскі альбом «Колер Беларусі» стаў апошняй вялікай працай выбітнага дызайнера, мастака і паэта Міхаіла Анемпадыстава.

У кнізе апісаныя сем колераў, якімі «пафарбаваная» беларуская культура: белы, чорны, чырвоны, сіні, шэры, залаты і зялёны. Кожны «энцыклапедычны артыкул» праілюстраваны дзясяткам фота, дзе зафіксаваная прысутнасць колеру ў прыродзе і ў матэрыяльнай культуры.

Чаму «красным» у Беларусі называлі зялёны колер? Чаму чорны нам не страшны? Што яднае шэры і зялёны? Як звязаны чырвоны колер з развіццём тэхналогій?

Адказы на гэтыя і шмат іншых пытанняў можна знайсці ў кнізе.

 

Людміла Рублеўская.  Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара

Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны.

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі ў гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…

Набыць гэта, а таксама іншыя новыя выданні і бестселеры, можна ў кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, 72).

РУП «Акадэмічная кніга» УНП 101462648

Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера