Аляксей Бацюкоў прайшоў праз пушчу, маючы з сабой толькі компас і запалкі.

І што, што ў нас «мораў няма, акіянаў няма», а самая высокая кропка не сягае 400 мэтраў над узроўнем таго самага, чаго ў нас, глядзі вышэй, няма. Дый да таго ж носіць ня дужа прыветнае імя койданаўскага ўраджэнца. Месца экстрыму ў Беларусі знойдзецца заўсёды. Нават на праспэкце Скарыны – спытайце спадара Севярынца.

А калі без палітыкі, свой варыянт беларускага экстрыму я выпрабаваў неяк гадоў пяць таму. На той час я ўжо меў крымскі вопыт. Разам з украінцам Вовам Калугам мы безь ніякае страхоўкі, нават у сандалях замест кедаў, лазілі на артэкаўскі Аюдаг, на скалу каля Сымэізу – па стромых і сыпкіх схілах. Ну і нудысцкі пляж, скокі ў ваду зь пятнаццацімэтровай скалы, уцёкі ад пяшчотнага дзядзечкі з ласкавымі вачыма. Але гэта было ня тое. Гэта быў экстрым, які не напаўняў душы зьместам. І я пацягнуўся за зьместам.

З картай партызанскай зоны

У Беларусі ёсьць непралазныя лясы і балоты – вось яна, зона рызыкі з нацыянальным калярытам. Тыя самыя некалькі гадоў таму разам з магілёўскім сябрам мы вырашылі ўпешкі прайсьці празь лес. З сабою толькі компас, нажы і запалкі, карта 1975 году клічаўска-бялыніцкай партызанскай зоны і, на выпадак нечаканых сустрэч, гумавыя вырабы №2. Адразу дамова – мы ня ведаем ніякіх дарог, і мы не скіроўваем убок. Маршрут праклалі самы просты. Ад месца сустрэчы – я за дзень да таго выпраўляўся ў вёску, а ён мусіў прыехаць ранішнім цягніком – да першага абазначанага тапоніму на супрацьлеглым баку лесу, нейкага адзінокага кургана. Гэты шлях перасякала блякла-зялёная, уся ў сініх рысачках паласа, што дадало крыху інтрыгі.

А шостай раніцы на прыпынку Гарадзішча, што каля станцыі Друць, я ўжо чакаў Руслана. Каб разагрэцца, прабегся з кілямэтар вакол азярыны. А сёмай стала зразумела, што ён праспаў цягнік. Яшчэ пятнаццаць хвілінаў чаканьня – і я рушыў у лес.

Гэты лес называюць Сінім

Гэты лес нашы вяскоўцы называюць Сінім, на картах ён Вялікі. Ходзяць туды рэдка, бо побач зь вёскай ёсьць сьветлы, грыбны, ходжаны-пераходжаны лясок, Жураўка. У вайну тут была адна з самых вялікіх партызанскіх зонаў. На гэтым, і яшчэ на расповедах пра сэрыйнага забойцу зь сякерай, што хаваўся тут ад міліцыі, культурная гісторыя Сіняга лесу завяршалася. Зразумела, да майго прыходу.

Чым далей ад шашы, тым вышэй дрэвы. Векавыя, агромністыя яліны скрыгочуць на вятры, і апроч іх – ціха-ціха. Першую пару кілямэтраў я прайшоў усё ж дарогай, пакуль не паглыбіўся дастаткова. Потым, калі дарога стала надта скіроўваць убок, цэлячы ў нейкую далёкую вёску, пакінуў яе.

Лес быў мокры – ноччу прайшла навальніца. Сям-там чорныя лужыны. Нарэшце пачаўся самы гушчар. Некалькі вывернутых старымі вятрамі дрэў перакрылі шлях, падмяўшы маладняк і хмызы. Каб прайсьці, прыйшлося ўскараскацца на таўшчэзны ствол сасны, якая мастком лягла па-над вялікай чорнай сажалкай. Ствол склізкі, голы, аднак ісьці па ім было досыць лёгка з-за шырыні. Ёкнула, калі завіс над мутным вокам, у якім, памятаю, не адбівалася неба. Затым прайшоў па другім ствале, трэцім.

Лес стаў радзейшым, і нарэшце пад нагамі пачало спружыніць, а трава зьмянілася суцэльным імшыстым дываном. З-за дрэў адкрыўся правал. Сонца ўдарыла ў вочы, у твар патыхнуў той дурнаваты водар балота. Жоўта-зялёнае, зусім як на мапе, поле цягнулася ўлева і ўправа ад мяне, часам шырэйшае, часам вузейшае. Супрацьлеглы край лесу быў мэтрах у трохстах. Там-сям у балоце тырчэлі сухія крывыя ствалы сасёнак, на некаторых яшчэ біліся за выжываньне лёгкія зялёныя чубікі голак.

Вада часам выходзіла на самую паверхню, але гэтыя акенцы былі расьсеяныя па балоце ня надта шчыльна. Само балота ўсё спрэс было ў сухіх, жоўтых і ажно белых купінах. Па іх я і рашыў пераходзіць на другі бок.

Па купінах

Спачатку асьцярожна, потым сьмялей, тапчу купіны. Трава прасядае пад нагой, унізе пачынаецца бурленьне, шыпеньне, ледзь ня нейкае мармытаньне, і праз сэкунду купіна паціху прасядае ўніз. Напачатку шляху гэта было яшчэ ня надта заўважна. Пазьней купіны былі ўсё слабейшыя, радзейшыя.

Ну, і, уласна кажучы, я зразумеў, што я вар’ят. Калі палова шляху ўжо была за сьпінай – і ўвесь гэты шлях быў ланцужком лужын, зь якіх ледзь-ледзь высоўваліся бялявыя канчукі травы, – а скакаць далей моцы ўжо не было. Ісьці па балоце немагчыма – скочыў на адну купіну і, пакуль яна тоне пад табой, тут жа выбіраеш наступную, гоць на яе, хоць старая цябе адпускае зь неахвотай. Паступова скокі забіраюць усю сілу, хоць заўважаеш гэта не адразу, а калі апынаесься на такой адлегласьці, калі ўжо ўсё роўна, куды кіраваць, – што назад, што ўперад.

Знайшоўшы астравок, утвораны паўмёртвай сасёнкай, я агледзеўся, выбіраючы шлях далей. На гэтай частцы балота лужын было больш, а пад самым узьлескам вада зьбіралася ў невялікае азярцо. Аддыхаўшыся, я паскочыў далей. Бурленьне стала гучнейшым, купіны ўжо не вытрымлівалі маёй нагі, паветра не хапала, азярцо аказалася большым і бліжэйшым, ногі гулі, і прыгожа-прыгожа на ўзьлеску насупраць цьвірчэў нехта мне сваю песеньку пра лета, сонца і чарвякоў.

Як я пераадолеў тую азярыну – ужо ня памятаю. Здаецца, проста напралом, па больш-менш трывалым краі, ня маючы ўжо зусім ніякіх сілаў абмінаць яе. Памятаю, як, захлынаючыся, паваліўся на траву пад першай бярозкай. Ногі не трымалі, ад поту змакрэла ўся вопратка.

Далей валокся ўжо забыўшыся на ўсе курганы.

Напрасткі

Лес падрабнеў, пасьвятлеў, паявіліся грыбнікі, мужчына і жанчына, і нехта ў кустах. Кілямэтраў празь пяць я выйшаў на дарогу, якая, здавалася, вяла на станцыю Мілое, але дужа ўжо крута вярцелася з боку ў бок. Пабачыўшы за дрэвамі прасьветы, скіраваў на ўзьлесак.

Цяпер перада мной было калгаснае поле, засаджанае канюшынай, а за ім – станцыя. Поле перасякалі тры меліярацыйныя каналы. «Няйначай ужо сухія», – рашыў я і пайшоў напрасткі. Першы канал перакрочыў, другі пераскочыў. Трэці канал зарос чаротам, танюткі струменьчык вады абцягнула раска. Што праўда, раска разыходзілася шырока, аднак пераскочыць і гэты канал выглядала абсалютна рэальна.

У ваду я ўвайшоў па горла. Ад нечаканасьці здалося, што і дна не намацаў, хоць насамрэч канал быў ня надта глыбокі.

Сьмеючыся, разваліўся на супрацьлеглым схіле сохнуць, як у трыццаці сантымэтрах ад маёй галавы праехала машына. Дарогу, што ад лесу ішла да станцыі па полі, я не пабачыў з-за высокай травы.

Калі прыйшоў на станцыю, якраз прапішчэў цягнік. Дызэль караценькай зьмейкай папоўз на станцыю Друць. Наступнага было чакаць пяць гадзінаў, так што я пабрыў дахаты пешкі, уздоўж чыгункі.

Калі да Друці было з кілямэтар, скіраваў у лес, каб зрэзаць шлях.

І вось тут пачаўся ўласна беларускі экстрым з самым натуральным нацыянальным калярытам. Вы ведаеце, хто такі лесавік? Я яго ведаю асабіста. Цяпер патлумачу на лічбах. Ад станцыі Друць да маёй вёскі сем кілямэтраў, гэта сорак хвілін шляху па шашы мне. Я быў каля самай станцыі Друць. Я ішоў да сваёй вёскі гадзіны тры.

Спачатку выйшаў на нейкую дарогу. Кінуў яе, калі надта крута яна ўзяла ўправа. Потым пачалося – ярок, сасоньнік, маладняк, зноў дарога, зноў ярок, ручаіна, лес, лес, лес. Штогадзіны я правяраўся па компасе, карэктаваў шлях з улікам, што правая нага робіць крок большы за левую. Ярок, сасоньнік, маладняк, зноў дарога, зноў ярок, ручаіна, лес, лес, лес.

Цераз тры гадзіны я быў дзесьці каля вёскі, дзесьці ў лесе, паўмёртвы і са скурчанымі ў сутаргах нагамі, а ў прасьветах паміж дрэвамі цямнела і гула камбайнамі шаша.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0