Насуперак шматлікім запэўніванням беларускіх улад у сваім жаданні правесці ўвосень 2008 года дэмакратычныя выбары, як сам ход кампаніі, так і падлік галасоў не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратыі. Гэта знайшло пацвярджэнне ў папярэдняй і канчатковай справаздачах назіральнай місіі АБСЕ. Тым не менш, Брусель не выступіў з катэгарычнай заявай пра зрыў толькі што адноўленага дыялогу, звярнуўшы замест гэтага ўвагу на менш рэпрэсіўны характар выбараў, а таксама на большую адкрытасць улад у дачыненні да міжнародных назіральнікаў. Больш таго, 3 кастрычніка беларускі міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў атрымаў афіцыйнае запрашэнне на запланаваны на 13 кастрычніка ў Люксембургу саміт міністраў замежных спраў. Падчас сустрэчы на вышэйшым узроўні ўдалося дасягнуць згоды і прыняць рашэнне аб прыпыненні на шэсць месяцаў візавых санкцый у дачыненні да трыццаці шасці з сарака аднаго беларускага чыноўніка, у тым ліку і да самога Аляксандра Лукашэнкі. Афіцыйна гэты крок быў патлумачаны адсутнасцю ў дадзены час у Беларусі палітычных зняволеных. Адначасова беларускаму боку быў выстаўлены шэраг умоў, выкананне якіх магло б падоўжыць рэжым прыпынення санкцый ці нават прывесці да іх поўнага скасавання ў красавіку 2009 года, г. зн. пасля таго як міне першы выпрабавальны тэрмін. Гэта быў выразны сігнал аб гатоўнасці адысці ад палітыкі ізаляцыі і адначасова заклік да рэформаў. Аднак прыняцце такога важнага і далёкасяжнага рашэння неўзабаве пасля недэмакратычных выбараў стварала ўражанне прыняцця беларускага статус‑кво дзеля вышэйшых мэт. З гэтай прычыны частка беларускай апазіцыі (галоўным чынам у кулуарных размовах) выступіла з крытыкай пацяплення ўзаемаадносін паміж Мінскам і Бруселем. Сярод найбольш частых абвінавачанняў вылучаліся тэзісы пра здраду палітыцы адстойвання дэмакратычных каштоўнасцяў на карысць здабыцця эканамічнай і геапалітычнай выгады, пра падзел беларускай эканомікі паміж паасобнымі дзяржавамі, зацікаўленымі ў інвестыцыях, пра цынічны «гандаль» палітычнымі вязнямі, нарэшце, пра вядзенне перагавораў з беларускім урадам пры поўным адхіленні ад гэтага працэсу прадстаўнікоў апазіцыі. Гучала таксама меркаванне, што ў сувязі з расійскім прэсінгам і фінансавым крызісам варта было б яшчэ больш ізаляваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі і такім чынам змусіць яго да дэмакратызацыі. Пакідаючы ўбаку істотны эмацыйны складнік такіх абвінавачанняў, варта адзначыць, што рэалізацыя падобных канцэпцый магла б прывесці да дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі на Беларусі, а пры цяперашнім стане апазіцыйных груповак гэта зусім не абавязкова пацягнула б за сабой перамогу дэмакратыі над аўтарытарызмам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?