Падчас нарады з эканамічным блокам урада Аляксандр Лукашэнка дазволіў пры патрэбе закрыць на рамонт нафтаправоды з расійскай нафтай. «Калі трэба паставіць на рамонт нафтаправоды і нафтапрадуктаправоды, якія ідуць праз Беларусь, стаўце і рамантуйце. Бо тое дабро, якое мы робім для Расійскай Федэрацыі, яно нам вяртаецца пастаянна злом. Там ужо зрабіліся нахабнымі да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Як на гэтыя словы адрэагавалі ў Расіі? Падборка меркаванняў з тэлеграм-каналаў з Усходу, якія працуюць на беларускую аўдыторыю.

***

Цікава, як будзе па-беларуску «язык мой — вораг мой»?

(Тэлеграм-канал «Усходняе прытворства)

***

«Той дзіўны момант, калі не Лукашэнка выкручвае рукі, а наадварот. Бацька абурыўся гандлёвымі абмежаваннямі з боку Расеі. «Там ужо абнаглелі да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі», — сказаў ён. Як звычайна, палічыў за лепшае не ўспамінаць пра тое, што пазіцыя Расіі — уласна, запознены адказ на яго ўласныя шматлікія спробы і павыкручваць ёй рукі, і зрабіць ад яе ногі».

(Тэлеграм-канал «Трыкатаж»)

***

«Калі вы ўмееце чытаць Лукашэнку як умею я, то можна лёгка ўбачыць, што гэта прамая пагроза перакрыць транзіт энерганосьбітаў. Менавіта з-за гэтага прадпрымаецца шэраг мер па забеспячэнні энергетычнай аўтаномнасці Калінінградскай вобласці».

(Тэлеграм-канал «Бульба прастолаў»)

***

«Чым адказвае Лукашэнка? Дае распараджэнне паставіць на рамонт нафтаправоды, якія ідуць праз Беларусь, з проста агучанай мэтай — нанесці шкоду Расіі. Другі відавочны крок у гэтым рэчышчы — адмова ад расейскіх крэдытаў, тым больш што Сусветны банк, як піша БелТА, можа быць, дасць да канца года $300 мільёнаў. І нявыплата доўгу перад РФ. Гэта ўжо не дрэйф на Захад, а марш пад гучныя воклічы».

(Тэлеграм-канал «Трыкатаж»)

***

«Сутнасць новага крызісу ў адносінах з Беларуссю вельмі простая: расійскі бок спыніў паток кантрабанды садавіны, у бліжэйшы час тое ж самае адбудзецца і з гароднінай. Толькі на днях на мяжы спынілі 100 машын з яблыкамі і грушамі наогул без дакументаў. Чыстая кантрабанда. Прамы ўдар па фінансавых інтарэсах сям'і Лукашэнкі».

(Тэлеграм-канал «Кампрамат Беларусь»)

***

«Лукашэнка сваімі рэзкімі заявамі («паставім на рамонт нафтаправоды») робіць падарунак Расіі.

Расійскія ўлады даўно тачылі зуб на квоту 24 мільёны тон нафты на год, якія абавязаліся пастаўляць у Беларусь. 6-7 млн ​​з іх ідзе на ўнутраны рынак, а 17-18 млн беларускі бок перапрацоўвае і прадае за валюту. Але цяпер, калі ўжо Бацька пагражае расійскаму транзіту, можна вярнуцца да гэтай тэмы. А калі Лукашэнку пазбавіць гэтай кармушкі, то канец і сямейнаму бізнэсу, і эканоміцы краіны.

Прэзідэнт Беларусі даў выдатны аргумент для расейцаў па Паўночным патоку-2. Паглядзіце, якія падступныя у нас транзітныя краіны.

Гэта абвастрэнне дазволіць прыняць сістэмныя меры па барацьбе з кантрабандай і санкцыйнай прадукцыяй, першыя элементы якой ужо былі ўведзены ў дзеянне і выклікалі рэзкую рэакцыю».

(Тэлеграм-канал «Беларускі гамбіт»)

***

«Хаця Лукашэнка не перайшоў рубеж, калі дрэннымі становяцца не толькі баяры, якія «выкручваюць рукі», але і цар, які «адказвае злом на дабро», ён ужо на небяспечнай адлегласці ад яго. Ёсць адчуванне, што некаторыя сілы ў Расіі толькі і чакаюць, калі прэзідэнт Беларусі «пяройдзе рысу». І вось тады…»

(Тэлеграм-канал «Усходняе прытворства»)

***

«Крыніца кажа, што Масква «з разуменнем ставіцца» да істэрыкі Лукашэнкі. Сям'я пазбаўляецца даходаў па «чорнай кантрабандзе». Чыстка «чорных дзірак» Бабічам працягнецца. Дарэчы, Масква дала адказ на абразу пасла — тонкі ход і балючы ўдар. Лукашэнка будзе гуляць па правілах Масквы. Наперадзе нас чакае «чыстка расійскіх сяброў Сям'і».

(Тэлеграм-канал «Нязыгар»)

***

«Чарговы паліў у абуральным тоне з боку Лукашэнкі на адрас расейцаў ставіць пытанне пра тое, чаго варта МЗС РФ. Праглынулі абразу пасла Расіі — атрымалі абразу усёй краіны і яе кіраўніцтва. Якая наступная стадыя і навошта наогул нам такая дыпламатыя?»

(Тэлеграм-канал «Пераемнік»)

***

«Гоша, ты спытай у Мазырскага НПЗ і Нафтана, што па чым ударыць. Гэтыя прадпрыемствы спажываюць да 40% таго, што цячэ па трубе «Дружба». І яны ў даўгах. На Мазырскім заводзе ў мінулым годзе прыбытак амаль у 40 разоў ўпаў. А ў Расеі ўсё нармальна з марскімі перавозкамі нафты».

(Тэлеграм-канал «Трыкатаж»)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?