Найбольшы банк краіны - ашчадны банк Беларусбанк - знізіў паказчык кароткатэрміновай ліквіднасці (К2) да 0,5 на 1 снежня 2008 году. Гэтую інфармацыю падаў інтэрнэт-сайт банку. На пачатак 2008 году гэты каэфіцыент складаў 1,4.

Варта адзначыць, што найніжэйшага ўзроўню той каэфіцыент дасягаў на 1 лістапада - 0,3, а пасля ўзняўся.

Застаецца пытаннем, як банк вытрымае ўцёкі сродкаў з рахункаў, што распачаліся ў першых днях студзеня ў выніку ажыятажу, выкліканага дэвальвацыяй рубля.

Паводле правілаў Нацбанку, каэфіцыент К2 для банкаў павінен складаць не ніжэй за 1.

Гэты паказчык характарызуе прапорцыю актываў банку тэрмінам пагашэння да 12 месяцаў і абавязкаў банку з тэрмінам выканання да 12 месяцаў.

Можна быць пэўным, што кіраўніцтва краіны не дапусціць неплатаздольнасці найбольшага банку краіны. Аднак патрэба уратаваць Беларусбанк выклікае неабходнасць пошуку яшчэ аднаго значнага замежнага крэдыту. Папярэдне атрыманыя крэдыты ад Расіі і абяцаны крэдыт МВФ маюць на мэце папаўнення золатавалютных запасаў, што зніжаліся ва ўмовах падзення надыходжанняў ад экспарту.

Каб выправіць сітуацыю, Беларусбанк ізноў узняў стаўкі па дэпазітах у беларускіх рублях. Адначасова, як паведамляе сайт банку, стаўка па крэдытах зніжаецца аж на 5% пры ўмове вяртання крэдыту да канца 2009 году.
Гэтыя захады маюць палепшыць бягучы рахунак банку, які акумулюе 60% ашчаджэнняў беларусаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?