Бараўлянскім аддзелам Мінскага РУУС спынены крымінальны пераслед двух маладых людзей, затрыманых у Курапатах вечарам 1 лістапада 2008 года і падазроных у знішчэнні памятных крыжоў.
Пра гэта паведаміла БелаПАН следчы Бараўлянскага аддзела Мінскага РУУС Алена Хільчук.

У інтэрв'ю БелаПАН начальнік следства Бараўлянскага аддзела Ігар Барадач зазначыў, што доказаў, атрыманых падчас расследавання, недастаткова для перадачы справы ў суд і прыцягнення да крымінальнай адказнасці двух непаўналетніх мінчан — навучэнцаў школы і прафтэхвучылішча.

Разам з тым, паведаміў І.Барадач, працягваецца расследаванне крымінальнай справы па факце знішчэння памятных крыжоў у Курапатах. Паводле яго слоў, будуць прымацца меры па ўстанаўленні асоб, якія ўчынілі гэтае злачынства.

***

11 лістапада 2008 года Бараўлянскім аддзелам была распачата крымінальная справа на падставе артыкула 346, частка 2 Крымінальнага кодэкса (здзек над гісторыка‑культурнымі каштоўнасцямі), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, або арышту на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін.

1 лістапада прыблізна ў 22.00 дэмакратычныя актывісты з Мінска Аляксандр Макаў і Алег Свірыдаў затрымалі ў Курапатах двух маладых людзей. Яны былі ў нецвярозым стане і ламалі памятныя крыжы на алеі, што вядзе ад Крыжа пакутаў да ўзгорка з мемарыяльным каменем ахвярам сталінізму. Адзін з затрыманых па мабільным тэлефоне выклікаў на месца здарэння бацькоў і заявіў, што хутка прыедзе яго бацька, пакажа сваю «корачку» (пасведчанне асобы) і вызваліць юнакоў. Праз некалькі хвілін пасля тэлефоннага выкліку прыехалі бацькі маладога чалавека, аднак бацька, насуперак абяцанням затрыманага, нічога не сказаў А.Макаву і А.Свірыдаву ні ва ўрочышчы, ні ў Бараўлянскім аддзеле Мінскага РУУС, куды іх даставілі разам з затрыманымі.

За апошнія тры гады па фактах вандалізму ў Курапатах, з 1993 года ўнесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка‑культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як помнік гісторыі міжнароднага значэння «Месца знішчэння ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930—1940‑х гадоў ва ўрочышчы Курапаты», трэці раз распачынаецца крымінальная справа. Упершыню справу адкрыў Мінскі РУУС у снежні 2005 года на падставе артыкула 341 КК (апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці), другі раз — у сакавіку 2008 года на падставе артыкула 339, частка 1 КК (хуліганства). Аднак у абодвух выпадках злачынцы не былі ўстаноўлены і пакараны. Такім чынам, вандалаў удалося затрымаць упершыню, прычым прадстаўнікам грамадскасці.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0