12.01.2009 / 13:52

Правакацыйныя эксперыменты 8

Ці не пара спыніць практыку аператыўных эксперыментаў, у выніку якіх людзі трапляюць у турму на 10 гадоў?

Ці часта родныя асуджаных за цяжкія злачынствы адважваюцца на большае, чым напісанне апеляцыі? Бацькі 23‑гадовага дызайнера, якога асудзілі на 10 гадоў калоніі за продаж наркотыкаў, пайшлі далей — яны ставяць пытанне пра слушнасць надзвычай жорсткіх пакаранняў для тых, хто аступіўся ўпершыню, пра аб’ектыўнасць судоў ды маральна‑прававую абгрунтаванасць аператыўных эксперыментаў.

Арышт 23‑гадовага дызайнера Арцёма стаўся поўнай нечаканасцю для ягоных родных і калегаў.

Незадоўга да гэтага ўсё выглядала амаль ідэальна: прыгажуня‑жонка і малое дзіця, шмат сяброў, добрая праца. Да ўсяго Арцём захапляўся сярэднявеччам, уваходзіў у адзін з рыцарскіх клубаў. І з працы, і з клубу бацькі атрымалі выдатныя характарыстыкі на свайго сына.
Дызайнерская фірма, дзе той працаваў, апекавалася адной з лячэбных дзіцячых установаў. Хлопец афармляў там інтэр’ер, не адзін раз ладзіў творчыя вечары. З рыцарскім клубам аб’ездзіў паўкраіны.

У часе кароткіх сустрэч пасля арышту Арцём расказаў бацькам, што раз‑пораз ужываў пасля працы лёгкія наркотыкі, каб зняць стрэс ад перанапружання, бо працаваў па 12—14 гадзінаў у суткі. Маўляў, такое — нярэдкасць у моладзевым асяродку, а тым больш у творчым. Перад арыштам малады дызайнер знайшоў іншую жанчыну. Тая мела судзімасць за наркотыкі, і праз знаёмства з ёй Арцём трапіў у поле зроку праваахоўных органаў. Пазней на судзе гэта пацвердзіў супрацоўнік следчай групы. Бацькоў асуджанага такі факт абурае. «Паводле закону ў той момант, як ім стала вядома пра нашага сына, у адносінах да яго мусілі прымяніць меры прафілактычнага характару», — кажа бацька Арцёма. На ягоную думку, міліцыянты фактычна падштурхнулі маладога чалавека на здзяйсненне больш цяжкага злачынства. Праз трэцюю асобу міліцыянты арганізавалі два закупы псіхатропных рэчываў. У выніку аператыўнага эксперыменту з удзелам сяброўкі‑наркаманкі Арцём быў затрыманы за захоўванне і продаж наркатычных сродкаў. За гэта яму прысудзілі 10 гадоў калоніі. На волі засталася маладая жонка з маленькім сынам.

Судовы працэс у бацькоў дызайнера, для якіх усё было ўпершыню і якія не адмаўляюць віны сына, выклікаў безліч пытанняў. Да следчых, якія, на іх думку, мелі магчымасць папярэдзіць злачынства, але замест гэтага справакавалі чалавека на больш цяжкі з пункту гледжання Крымінальнага кодэксу ўчынак.

Што праваахоўнікам важней: выкананне паказчыкаў раскрывальнасці ці чыйсьці ўратаваны лёс — губляюцца ў здагадках родныя Арцёма.
Характэрны момант: на судзе супрацоўнік міліцыі прызнаў той факт, што арыштаваны назваў нумар тэлефону прадаўца з Расіі, у якога набыў наркотыкі, але следчы пры гэтым спаслаўся на адсутнасць сродкаў, неабходных для распрацоўкі гэтага кірунку справы. Ёсць пытанні і да суддзяў, якія, як падаецца бацькам, цалкам узялі ў гэтай справе бок следства, заплюшчваючы вочы на шэраг працэсуальных парушэнняў. Ёсць пытанні да праваахоўнай сістэмы ў цэлым, якая не робіць выключэння ні для злачынцаў са стажам, ні для тых, хто аступіўся ў першы раз, ды мае, зважаючы на характарыстыкі, неблагія шанцы выправіцца. «На волі Арцём, калі б яго своечасова спынілі ды абмежаваліся папярэджаннем, прынёс бы шмат болей карысці сваёй краіне, чым седзячы гадамі ў турме», — упэўненыя крэўныя зняволенага.

«Мы сутыкнуліся з сістэмай, якая разглядае чалавека вельмі схематычна, не заглыбляючыся ў дэталі і дробязі: аступіўся — пакараю! Пра выхаванне і перасцярогу ад неабдуманых учынкаў, здаецца, ніхто ўжо не дбае. Пакаленне маладых, якое завяло сабе звычку здымаць стрэс наркотыкамі, нікога не цікавіць, пакуль хтосьці з іх не дасць падставы камусьці з міліцыянтаў палепшыць паказчыкі ды прычапіць на пагоны чарговую зорачку», — дзеляцца ўражаннямі ад сутыкнення з беларускай Фемідай бацькі Арцёма.

Звярнуцца ў прэсу іх падштурхнуў леташні артыкул у «НН» «Маргарыта Царан на свабодзе».
У ім вялося пра студэнтку Гродзенскага дзяржаўнага універсітэту, якую ў выніку следчага эксперыменту асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі.

Маргарыту прызналі вінаватай у незаконным набыцці з мэтаю продажу наркатычнага сродку. Пазней, пасля ўмяшальніцтва тагачаснага генпракурора Міклашэвіча, які назваў дзеянні гродзенскіх міліцыянтаў амаральнымі і злачыннымі, справу перагледзеў абласны суд, і дзяўчыне змякчылі пакаранне. Бацькі асуджанага дызайнера напісалі ліст цяперашняму генпракурору Рыгору Васілевічу, а таксама дэпутатам парламенту. Як вядома, шэраг дэпутатаў мінулага склікання выступалі за поўную забарону аператыўных эксперыментаў як метаду працы следчых органаў. У адпаведны закон была ўнесеная папраўка, якая забараняла правядзенне аператыўных эксперыментаў. Але той закон з папраўкай так і не быў прыняты. Неўзабаве прыйшоў адказ з парламенту, у якім гаворыцца, што «вырашэнне ўзнятага Вамі пытання адносіцца да выключнай кампетэнцыі органаў суду і пракуратуры, якія ў сваёй дзейнасці незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону».

Напрыканцы лістапада кіраўнік МУС Уладзімір Навумаў заявіў, што адмаўляцца ад аператыўных эксперыментаў, калі справа датычыць цяжкіх злачынстваў, не выпадае.

Генпракуратура, якая раней выказвала занепакоенасць з нагоды вялікай колькасці скаргаў ад ахвяраў такіх эксперыментаў, таксама выступае за захаванне такой методыкі працы следчых, але папярэджвае пра незаконнасць выкарыстання яго ў якасці правакацыі.

Статыстыка тым часам сведчыць пра несупынны рост злачынстваў, звязаных з ужываннем і распаўсюдам наркотыкаў. У мінулым годзе было выяўлена каля 4,5 тысяч такіх злачынстваў, з якіх 40% — злачынствы, звязаныя з распаўсюдам наркотыкаў. Штогод колькасць афіцыйна зарэгістраваных наркаманаў павялічваецца ў сярэднім на 800 чалавек. У той жа час колькасць выяўленых злачынстваў, звязаных з незаконным зваротам наркотыкаў, стала скарачаецца. Ці не таму следчыя органы не спяшаюцца адмаўляцца ад інстытуту аператыўных эксперыментаў, якія дазваляюць збольшага палепшыць сумную статыстыку? Такія пытанні непазбежна з’яўляюцца ў тых, хто ў выніку такіх эксперыментаў трапляе за краты, а таксама ў іх родных.

Сямён Печанко

0
grub / Адказаць
12.01.2009 / 14:14
Пры гэтым фактычна мянты з пракуратурай непасрэдна стымулявалі імпарт наркотыкаў у краіну, бо папярэдні прадавец свае грошы цалкам атрымаў, і на зону не пайшоў. Цудоўны падыход.
0
Паўлюк / Адказаць
12.01.2009 / 15:10
Гэтыя экспэрымэнты нішто іншае, як падбухторваньне, арт. 16 ч. 5 КК РБ.
0
magadan / Адказаць
12.01.2009 / 19:34
саме цікавае, што у многіх краінах сітуацыя не нашмат лепшая, нават у Штатах. Хаця да вайны траўка нікому не перашкаджала, а улада заахвочвала калгасы расціць каноплі. З гэтым трэба нешта рабіць, тым больш траўка пачынае выкарыстоўвацця як абязбольванне для смяротна хворых, бо ў адрозненні ад многіх лекаў траўка не вклікае залежнасці (!) сітуацыя зменіцца, але на гэта спатрэбіцца яшчэ гадоў 30 можа пад старасць і ўдасца забіць касячок пасля працы ў беларускім кофе-шоп :)
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру