15.04.2019 / 19:00

Піва з памідорамі і перцам? Лёгка! Чым здзіўлялі на крафтавым фэсце 5

У Мінску адбыўся пяты фестываль крафтавага піва.

Што такое крафтавае піва? Гэта піва выпушчанае невялікімі прыватнымі броварамі. У перакладзе слова «крафт» значыць самаробны.

Крафт паказвае, што піва можа быць вельмі розным, а не стандартным магазінным лагерам. Яно можа быць горкім і пахнуць экзатычнымі фруктамі (і гэта будзе не хімія, а эфект хмелю), экстрэмальна моцным, але пры гэтым ніякага спірту ў смаку вы не адчуеце, можа быць кіслым і не быць пры гэтым сапсаваным, піва можа быць вэнджаным і нават салёным. Яно можа быць любым, адзінае абмежаванне — гэта ваша фантазія.

Напрыклад, адным з самых папулярных гатункаў на фэсце быў гозэ «Чэлада». Гэта традыцыйны нямецкі кісла-салёны гатунак з горада Лейпцыга. З прыходам крафтавай рэвалюцыі гозэ атрымала новае жыццё. І цяпер з якімі дадаткамі яго толькі не вараць. Вось «Чэладу» прыгатавалі са свежымі памідорамі і трыма відамі перцу. Мабыць, непадрыхтаваны чалавек увогуле б не пазнаў у гэтым напоі піва.

Самым папулярным на фэсце аказаўся імперскі стаўт «Бунін», які прывез варонежскі бровар Brewlok. Хлопцы ў расійскай правінцыі робяць абсалютна фантастычнае піва. «Бунін» — гэта амаль 14-градусны стаўт, які быў вытраманы на трэсках каўказскага дуба.

З беларусаў, як заўсёды, у топе былі Midnight Project. Не так даўно гэты бровар быў у топ-50 найлепшых у свеце па адзнаках карыстальнікаў піўной сацыяльнай сеткі Untappd. Гэта ім дазволіла зварыць піва сумесна з адным самых крутых у свеце бровараў — дацкім Mikkeler. Заснавальнікі «Мікелера» нават прыязджалі для гэтага ў Беларусь.

Чарга да «Міднайтаў» была самая доўгая, каб пакаштаваць іх парэчкавы кісляк, мілшэйк з маракуяй і сэзан з гуркамі.

Фэст праходзіў на пляцоўцы ОК16 на вуліцы Кастрычніцкай. Гэта былыя памяшканні савецкіх заводаў, якія сёння асвойваюць мінскія хіпстары. Тыя яшчэ ўражанні, калі ў былых завадскіх цэхах соўгаюцца туды-сюды барадачы з новым экстрэмальным гатункам.

На фэсце было больш за паўсотні бровараў. Прыехалі півавары нават са Швецыі і Вялікабрытаніі. У ЗША рынак крафтавага піва складае ўжо 13% ад агульнага аб’ёма. Беларусам і праз традыцыю, і праз фінансавае становішча пра такія лічбы пакуль рана марыць. Але факт, што ў нас вырабляецца шмат незвычайнага і якаснага піва.

ЗП

4
Жвір / Адказаць
15.04.2019 / 20:06
Чым здзіўлялі на крафтавым фэсце
Да сьвіньні ў карыта зазірніце -  тое самае зьдзіўленьне атрымаеце... На што толькі ня йдуць барматушнікі,..і яшчэ называюць тое кшталту півам ! Бррр.
4
Дзядзька / Адказаць
15.04.2019 / 20:18
На пратэст да адміністрацыі выйшлі 10 старыкоу, за тое на папойку прышлі сотні маладзёнау, якім таксама не усё задавальняе у Беларусі але ж піва цікавей...
2
Максим Дизайнер / Адказаць
16.04.2019 / 11:47
Да хоть с яйцами. Если хмель галимый, все эти добавки только для того, чтобы перебить вкус. Пускай сварят настоящий классический лагер со сроком годности 3 дня.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру