Надмагільную пліту Яна Баршчэўскага ва Украіне перадалі на захаванне касцёлу
Надмагільнай плітой беларуска-польскага пісьменьніка Яна Баршчэўскага, пахаванага ва ўкраінскім мястэчку Чуднаў Жытомірскай вобласьці, заапекавалася мясцовая польская грамада, піша «Радыё Свабода».
Чытайце таксама: Ва Украіне знайшлі надмагілле класіка беларускай літаратуры ФОТАФАКТ
Гаспадары падворка, на якім знайшлася надмагільная пліта, перадалі яе прадстаўнікам Саюзу палякаў, якія прыехалі з Жытоміра, а тыя, у сваю чаргу, — у рыма-каталіцкі касьцёл Адшуканьня Крыжа Гасподняга ў Чуднаве.

«Пакуль вырашылі зьбіраць сродкі на рэстаўрацыю, а ўжо пасьля гэтага плянуецца ўхваліць рашэньне, дзе яе ўсталяваць. Папярэдне гаворка ідзе пра тэрыторыю касьцёла», — сказала Свабодзе загадчыца аддзелу культуры Чуднаўскай гарадзкой рады Сьвятлана Захарчанка.

Паводле яе, Жытомірская абласная рада плянуе надаць надмагільнай пліце статус гістарычнага помніка.
«Калі будзе завершаная рэстаўрацыя і канчаткова вызначана месца ўстанаўленьня пліты, мы абавязкова на гэтае мерапрыемства запросім і польскі, і беларускі бок», — дадала Сьвятлана Захарчанка.

Прадстаўніца Чуднаўскай гарадзкой рады дадала, што месца пахаваньня Яна Баршчэўскага пакуль дакладна не вядомае — у мястэчку было некалькі каталіцкіх могілак.

Каментары