Нельга забывацца, што за кожным правакацыйным выказваньнем можа хавацца і рука спэцслужбаў. Піша Франак Вячорка.

Куба...

Сярэдні кошт кампутара на Кубе — 500—600 даляраў, што раўняецца 30 (трыццаці) сярэднім месячным заробкам. Доступ да інтэрнэту маюць забясьпечаныя кубінцы, як правіла, нелегальныя камэрсанты, людзі з улады ці спэцслужбаў, а таксама студэнты ВНУ.

Прыкладна ў 2005 годзе з ініцыятывы Камуністычнай партыі Кубы, спэцслужбаў і, верагодна, Міністэрства замежных справаў была ўтворана група так званая група «Праўда». У яе склад былі набраныя некалькі соцень чалавек, бальшыня — маладыя «камуністы», якія валодаюць некалькімі замежнымі мовамі, з Унівэрсытэту інфарматыкі і іншых тэхнічных ВНУ. Людзі атрымоўваюць неабмежаваны доступ да інтэрнэту, кампутар, павышаную стыпэндыю. Ад іх патрабуецца сядзець у інтэрнэце, адсочваць усю інфармацыю, якая можа нашкодзіць іміджу «утапічнага камунізму» на Кубе. Яны мусяць рэгістравацца на форумах, чатах, дыскусійных дошках, ананімна ці пад выдуманымі імёнамі і весьці дыскусію, абараняючы выгодную пазыцыю партыі і яе лідэрам Фідэлю і Раулю Кастрам. Ёсьць сьведчаньні, што актывісты групы «Праўда» ўдавалі сябе кубінскімі апазыцыянэрамі з мэтай атрыманьня засакрэчанай інфармацыі, якая пасьля перадавалася спэцслужбам.

Існаваньне групы «Праўда» дагэтуль не атрымала пацьвярджэньня афіцыйных установаў Кубы. Але адзін зь лідэраў дэмакратычнага руху Кубы Рабэрта дэ Міранда, а таксама мой сябра, лідэр Лібэральнага моладзевага саюза Кубы Юры Пэрэс перакананыя, што гэтая група існуе.

...Беларусь?

У2005—2006 годзе беларускія ўлады ўзяліся за інтэрнэт. Прайшла інфармацыя, што ў Кітая былі закуплены фільтры інтэрнэт‑трафіку для ажыцьцяўленьня цэнзуры. Ужо тады пачалася дыскусія наконт кантролю інтэрнэту з боку дзяржавы. Верагодна, была створаная група, падобная кубінскай «Праўдзе».

Менавіта пару год назад беларускія інфармацыйныя рэсурсы ўвялі магчымасьць камэнтаваньня навінаў інтэрнэт‑карыстальнікамі, папулярнасьць атрымалі блогі. Усе гэтыя тэхналёгіі дазваляюць выказвацца кожнаму ахвотнаму безь неабходнасьці пазначаць сапраўдныя асабістыя дадзеныя. За гэты час пастаянныя карыстальнікі сеціва ўжо вылічылі некалькі тузінаў так званых «троляў» (яны ж «лукаботы», яны ж «дупалізы»). Яны зьяўляюцца на форумах парталу TUT.by, яны актыўна камэнтуюць навіны на svaboda.org, nn.by. Яны вядуць жывыя дзёньнікі (livejournal.com), але часьцей за ўсё выкарыстоўваюць іх дзеля правакацыяў ды інсьпіраваньня дыскусіі у патрэбным лукашэнкаўскай прапагандзе ключы. Нярэдка гэта прымяняецца ў дачыненьні да прадстаўнікоў дэмакратычнага руху.

Безумоўна, не павінна быць паляваньня на ведзьмаў, што вось той гэбіст, а той проста дурань. Сярод інтэрнэт‑карыстальнікаў — людзі розных узростаў, поглядаў і сацыяльных статусаў. Для многіх удзел у інфармацыйных гульнях — забава. Але нельга забывацца, што за кожным правакацыйным выказваньнем можа хавацца і рука спэцслужбаў. Не палічыце за параною.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?