18-гадовага Аляксандра Неўмяржыцкага, якога ў сакавіку шукалі і знайшлі праз 10 дзён пасля знікнення з вайсковай часці ў Печах, камісавалі. Такое рашэнне прыняла ваенна-лекарская камісія, распавялі Tut.by у Мінабароны.
«Па заключэнні ваенна-лекарскай камісіі Аляксандр Неўмяржыцкі не прыдатны да вайсковай службы ў мірны час і абмежавана прыдатны да вайсковай службы ў ваенны час. Адпаведна, яго камісавалі і сёння ён ужо знаходзіцца дома», — распавёў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Уладзімір Макараў.
Паводле яго слоў, камісія прыняла такое рашэнне літаральна напярэдадні. Па якой прычыне — не ўдакладняецца, інфармацыю пра здароўе хлопца выдаваць не могуць.
У той жа час расследаванне крымінальнай справы па факце «самаволкі» з вайсковай часці працягваецца, пацвердзіў Макараў.