20.04.2019 / 09:39

П'яны маладзечанец прыставіў арбалет да галавы маці і пагражаў стрэліць

Пажылая жанчына доўга разважала на тым, ці варта звяртацца ў праваахоўныя органы — не хацелася скардзіцца на ўласнага сына. 70-гадовая пенсіянерка толькі праз пяць дзён пасля здарэння вырашылася патэлефанаваць участковаму пра здарэнне.

Па інфармацыі МУС, у той дзень увечары 50-гадовы сын вярнуўся з працы нападпітку. Сварку пачаў літаральна з парога — раззлавалі непаваротлівасць маці ў правядзенні работ на прысядзібным участку. Лаянка перарасла ў збіццё. Удары наносіліся рукамі і нагамі, без разбору, па розных частках цела. У давяршэнне мужчына дастаў арбалет, пагражаючы, прыставіў яго да галавы маці і націснуў на курок. Перапалоханая жанчына з цяжкасцю зразумела, што зброя была не зараджаная.

Знайшоўшы момант, пенсіянерка выбегла з хаты. Некалькі дзён яна начавала ва ўласным хляве і ў знаёмых, баючыся вярнуцца дадому.

У цяперашні час фігурант затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Маладзечанскага РАУС. У яго дзеяннях ўгледжваецца прыкметы складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 186 Крымінальнага кодэкса Беларусі (пагроза забойствам).

У затрыманага канфіскаваны два арбалеты, абрэз паляўнічай стрэльбы і патроны. Ён пакуль адмаўляецца тлумачыць прычыны таго, што адбылося і расказваць пра абставіны здарэня. Раней трывожных сігналаў з гэтай сям'і не паступала, сам фігурант не трапляў у поле зроку міліцыі.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру