Здымкі дзіўнай прыбудовы да дома па вуліцы Гікалы ў Мінску абляцелі ўвесь беларускі інтэрнэт. Яшчэ б — дадатковы пакой з'явіўся… на трэцім паверсе!

«Вяртаюся з працы, гляджу, раніцай яшчэ нічога не было, а ўвечары знаёмы муляр заканчвае рабіць прыбудову на трэцім паверсе!» — расказвае жыхарка дома па вуліцы Гікалы, у якім прыбудавалі той самы пакой.

Марыя Бяссмертная — суседка прадпрымальных пашыральнікаў жылой плошчы. Па яе словах, загадкавая прыбудова з’явілася гадоў 15 таму.

«Будаваў яе колішні гаспадар, нейкі кэдэбіст, з імі я асабліва не сябравала. Салідны такі дзядзька быў, пры капелюшы і касцюме, чаго б ён з намі, простымі рабочымі, сябраваў?

Але дазвол, ведаю, пытаўся ва ўсіх суседзяў, якія жылі з ім па адным стаяку. У яго, наколькі я памятаю, была ідэя зрабіць такія прыбудовы ўсім суседзям з першага да пятага паверха. Ніхто не пагадзіўся, але і самому будаваць не забаранілі. Далі дазвол», — расказвае Марыя.

Пра тое, што далі такі дазвол, больш за ўсё пашкадавалі суседзі з другога паверха. Калі ўзвялі гэтую прыбудову, аказалася, што ў іх пакоі заўсёды цень.

«І мне стала нязручна. Раней выходзіла на балкон, бачыла, што робіцца ў двары справа, а цяпер упіраюся позіркам у сцяну. Ды і восаў развялі, летам немагчыма проста, цэлы рой лятае. Яны жывуць вунь там, пад казырком прыбудовы», — наракае Марыя.

Так выглядае прыбудова з балкона суседкі Марыі. 

Так выглядае прыбудова з балкона суседкі Марыі. 

Гэта прыбудова пашырыла кухню яе суседзяў.

«Заходзіла неяк да іх, калі ўжо іншыя гаспадары былі, той кэдэбіст у Маскву з’ехаў, кватэру прадаў. Дык вось, там стаіць пліта, а ў кухні холадна-холадна, гаспадары нават не абедаюць там, за талеркі — і ў пакой», — працягвае суседка.

Нішу пад прыбудовай аблюбавалі восы. 

Нішу пад прыбудовай аблюбавалі восы. 

Як будавалі гэты пакойчык, суседка памятае таксама:

«За адзін дзень збудвалі, Цэглу клалі на драўляныя рыштаванні. Доўгі час прыбудова так і выглядала — шпакоўня з белай цэглы. А калі гадоў пяць таму рабілі капітальны рамонт, прыбудову ўцяплілі, патынкавалі».

Пасля таго, як на прыбудову на вуліцы Гікалы звярнулі ўвагу журналісты, да дома сталі прыходзіць нейкія людзі з чырвонымі папкамі.

«Відаць, з ЖЭКу, бо цікавіліся тым, хто дазволіў прыбудаваць. А гаспадары тут не жывуць, кватэру гэтую здаюць. Таму нават не ведаю, ці трапіла гэта камісія ў кватэру», — мяркуе жыхарка дома.

Суседка Марыя кажа, што гэта канструкцыя ў яе даверу не выклікае. Таму жанчына стараецца пад ёй не праходзіць.

«Кажу ж, будавалі гадоў 15 таму, клалі на дрэва. Ну яго, я лепш з другога боку абыйду», — завяршыла суседка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?