Каманда Зяленскага будзе выбудоўваць з Аляксандрам Лукашэнкам адносіны, якія дапамогуць захаваць стабільнасць у рэгіёне. Пра гэта ў каментары для Tut.by заявіў экс-міністр фінансаў Украіны пры Пятру Парашэнку і член каманды Зяленскага Аляксандр Данілюк, якому прадракаюць пасаду міністра замежных спраў або прэм'ера ва ўрадзе новага прэзідэнта.
Данілюк злева ад Зяленскага, фота з яго фэйсбука.
— Мы за стабільны рэгіён. Сёння мы жывём у нестабільным рэгіёне, у якім ёсць рызыка — у нас агульны «партнёр» на ўсходзе. І мы разумеем выклікі, якія стаяць перад намі і перад вамі. Таму, натуральна, нас цікавіць толькі збліжэнне адносін [з Беларуссю], бо рызыкі ў нас агульныя, мала таго, у нас гэтыя рызыкі ўжо рэалізаваліся, — лічыць Аляксандр Данілюк.
На думку экс-міністра, сённяшні нейтралітэт у канфлікце на ўсходзе Украіны і «балансіроўка» Беларусі паміж Расіяй і Украінай — пытанне часу.
— Я думаю, нам трэба будзе вельмі шмат дыскусій, але калі мы ўзважым усе плюсы і мінусы, прэзідэнт Беларусі зробіць правільны выбар, — лічыць Данілюк.
Данілюк таксама запэўнівае, што на палітыку Зяленскага не будзе аказваць уплыў алігарх Ігар Каламойскі.
— Я лічу, што гэтага ўплыву не будзе. Вядома, будзе жаданне ўсяго істэблішменту, усіх алігархаў ўплываць на ўладу, як яны, думаю, робяць цяпер. Але цяпер яны не ўплываюць, яны — частка ўлады. Будзе тая ж самая спроба, жаданне паўплываць на новую ўладу. Але Зяленскі — чалавек не з сістэмы, ён будзе гэтаму максімальна перашкаджаць і будзе дужа незалежным прэзідэнтам, — лічыць Данілюк.