Адзінаццаць чалавек было затрымана 20 красавіка ў вёсцы Тэўлі Кобрынскага раёна. Маладзёны з Брэста адносяць сябе да анархісцкага руху.

У Тэўлях, што за 15 кіламетраў ад Кобрына і за 50 кіламетраў ад Брэста, сабралася дзесяць хлопцаў і адна дзяўчына.

Менавіта бацькам гэтай дзяўчыны і належыць лецішча, дзе адбывалася затрыманне. Маладзёны прыехалі туды раніцай у суботу.

А ўжо прыкладна а 14-й гадзіне ў вёску наведалася кобрынская міліцыя і брэсцкі спецназ. «Мы якраз тады гатавалі есці, — расказвае адзін з затрыманых Улад. — Нас паклалі тварам у зямлю на двары, мы так ляжалі прыкладна гадзіну. Супраць некаторых прымянялі сілу, білі па нагах, прыціскалі нагой твар».

Пасля гэтага, па словах відавочцаў, юнакам надзелі кайданкі і пасадзілі ў міліцэйскія УАЗікі. Затрыманых павезлі ў Кобрынскае РАУС.

«Нас там трымалі тварам да сценкі некалькі гадзін. Пасля гэтага пачалі здымаць на камеру. Тых, хто адмаўляўся, каб яго здымалі, білі па рэбрах і жываце», — працягвае апавядаць Улад.

У выніку ў той самы вечар вызвалілі пяць чалавек. Адзін з іх быў непаўналетнім, яго адпусцілі раней. «Я не разумею, чаму абралі менавіта нас, каб адпусціць. Магчыма, астатнія затрыманыя не называлі свае імёны», — дзеліцца Улад.

Затрыманых вазілі на экспертызу па наркотыках. Улад кажа, што ў Кобрыне ім сказалі, што яны маглі ўжываць марыхуану «тыдзень ці таму», аднак 22 красавіка зранку ён прайшоў экспертызу ў Брэсцкім наркалагічным дыспансэры, і прысутнасці наркатычных рэчываў у арганізме не знайшлі.

«Мяне і дзяўчыну пасля павезлі ў Тэўлі для апісвання рэчаў, што там засталіся. У нас там не было ні наркотыкаў, ні алкаголю. Я пасля вельмі ўважліва ўчытваўся ў спіс апісанага, бо баяўся, што могуць нешта падкінуць, але нічога такога не было», — расказвае Улад.

Ці былі затрыманыя анархістамі? «Можна сказаць, што так», — адказвае Улад.

Шасцёра затрыманых працягваюць знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Кобрыне. Першы намеснік начальніка аддзела УС Кобрынскага райвынкама Аляксандр Касяк пацвердзіў «НН», што такое затрыманне сапраўды адбывалася.

«Я не ведаю пра іх палітычныя погляды. Пра суды пакуль рана казаць. Калі нешта будзе, то гэта адміністрацыйныя пратаколы», — расказаў міліцыянер.

Афіцыйны прадстаўнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Ілля Помін сказаў, што на гэты момант не валодае інфармацыяй па справе. «Калі нешта палічым важным, то прачытаеце на нашым сайце», — адказаў ён «НН».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?