У Расіі арыштавалі мільярдэра Хоціна, якога тэлеграм-каналы называюць «кашальком» беларускіх чыноўнікаў. Хто гэта такі?
У Расіі 19 красавіка затрымалі былога мажарытарнага акцыянера банка «Югра» Аляксея Хоціна, ён змешчаны пад хатні арышт. Хоціна абвінавачваюць у крадзяжы 7,5 мільярда расійскіх рублёў (104 мільёны еўра), якія належалі ўкладальнікам ягонага ж банка.

Чым нам цікавы Хоцін? Бо ён, як і ягоны бацька Юрый, ураджэнцы Беларусі. Многія расійскія тэлеграм-каналы ўпэўненыя, што сувязь з радзімай Хоцін не губляў ніколі.
Аляксей Хоцін нарадзіўся ў 1974 годзе ў Мінску. Скончыў Мінскае сувораўскае вучылішча (1991), а таксама Расійскі эканамічны ўніверсітэт імя Пляханава (1997).
Разам з бацькам Юрыем валодалі ў Беларусі касметычным бізнэсам «Белкасмекс» у Фаніпалі, аднак сапраўдная вядомасць да іх прыйшла ў Расіі. Як піша выданне meduza.io, «Хоцін стаў заўважным найперш праз рэйдарскія захопы невялікіх прадпрыемстваў у Маскве». Хоціну належыць 1,8 мільёна квадратных метраў маскоўскай нерухомасці.
На піку паспяховасці кошт актываў Хоціна ацэньваўся ў $950 мільёнаў, ён уваходзіў у топ-100 самых паспяховых бізнэсменаў Расіі. Хоцін купляў у Сулеймана Керымава гасцініцу «Масква» з гандлёвым цэнтрам «Модная галерэя» за $500 мільёнаў. Хацеў набыць і «Уралкалій», але мала прапанаваў. Апроч нерухомасці, Хоціны валодалі таксама нафтавымі актывамі.
Яшчэ ў 2016 годзе «Ведамасці» называлі Хоціных самымі закрытымі бізнэсменамі Расіі. Яны абсалютна ніколі не давалі інтэрв’ю.

Расійскія выданні адзначалі, што поспех Аляксея Хоціна грунтуецца на яго сяброўстве з былым міністрам унутраных справаў Беларусі Уладзімірам Навумавым, які пазнаёміў бізнэсмена з многімі ўплывовымі расійскімі сілавікамі, такімі як былы міністр унутраных справаў і спікер Думы Барыс Грызлоў і дзяржсакратар Рады бяспекі Мікалай Патрушаў.
«У кампаніях Хоціна адчуваецца армейская дысцыпліна і звычка да сакрэтнасці», — адзначаюць «Ведамасці».
Сярод кампаньёнаў Аляксея Хоціна вядомыя ў Беларусі людзі. Напрыклад, Віктар Лагвінец. Бізнэсмен, у дачыненні да якога ў Беларусі завялі крымінальную справу, цяпер ён з’яўляецца гендырэктарам нафтавай кампаніі «Дулісьма», якой валодае Хоцін.

Аляксей Хоцін мае расійскі пашпарт. Ён асабіста спансіраваў прапагандысцкія акцыі дызайнера Анастасіі Задорынай, якая мяняла імпартнае адзенне на майкі «У труне я бачыў вашы санкцыі», «Топаль санкцый не баіцца», «Санкцыі? Не смяшыце мае іскандэры». Спансіраваў Начную хакейную лігу, створаную Пуціным.
У 2012 годзе Хоціны набылі банк «Югра», офіс якога быў у Ханты-Мансійску, у выніку за пару гадоў абарот вырас у 38 разоў. Зрэшты, тады ж банк стаў рэкардсменам па выдатках. У 2017 годзе Цэнтрабанк Расіі пабачыў махінацыі ўкладамі ў працы «Югры», але праз нейкі час за Хоціна ўступілася Генеральная пракуратура. Расійскія выданні мяркуюць, што Хоцін не з’ехаў за мяжу, бо чакаў дапамогі ад сілавога блока.
Адзін з расійскіх тэлеграм-каналаў паведамляе, што Хоцін перавозіў свае грошы наяўнымі ў Мінск, так ён нібыта перавёз каля $80 мільёнаў.
Іншыя каналы называюць Хоціна «кашальком» высокіх беларускіх чыноўнікаў. Маўляў, менавіта праз гэтага чалавека праводзіліся бізнэс-інтарэсы ў Расіі. Рэспектабельныя расійскія СМІ ўстрымліваюцца ад такіх фармулёвак. Ніякіх дакументальных доказаў фінансавых сувязяў Хоціна з беларускімі чыноўнікамі пакуль не прыводзіцца, а тэлеграм-каналы, якія пішуць пра беларускія сувязі Хоціна, не вылучаюцца высокай верагоднасцю.
Каментары