У вёсцы Янкі Докшыцкага раёна электрыкі вельмі далікатна вырашылі праблему з бусліную гняздом, з-за якога здарылася кароткае замыканне, піша kp.by
— Гэта было 21 красавіка, — распавяла жыхарка вёскі Яна Васюковіч. — Буслы звілі гняздо на слупе, усё было нармальна, але ў гэты дзень прайшоў невялікі дожджык і здарылася кароткае замыканне. З-за замыкання знікла святло, а гняздо ледзь не загарэлася. Выклікалі электрыкаў. Яны паглядзелі і зрабілі выснову, што буслы няўдала абралі слуп, на якім звілі гняздо.
Гняздо электрыкі вырашылі не разбураць, а перанесці. На наступны дзень на суседнім слупе ўсталявалі апору пад гняздо і акуратна перамясцілі яго. Яйкі адзін з рабочых пераклаў у каску і трымаў, пакуль другі здымаў гняздо з «няправільнага» слупа і ўсталёўваў на «правільны».
— Жыхары вёскі сачылі за тым, што адбываецца, перажывалі. І мама-бусліха лётала вакол і таксама перажывала, — распавядае Яна. — Калі гняздо перанеслі і пераклалі ў яго яйкі, яна адразу прыняла новае месца жыхарства. Не паспелі электрыкі з'ехаць, бусліха ўжо была ў гняздзе.