Тэледзівы Паліна Смолава (з чаркай) і Люся Лушчык (з цюцькам).

Тэледзівы Паліна Смолава (з чаркай) і Люся Лушчык (з цюцькам).

Калі тэлебачанне — гэта прагрэс і культура, то я супраць такога прагрэсу і культуры. Піша Наталка Бабіна.

Калі ад рэдактара паступіла заданне напісаць матэрыял «пра навагоднюю «Батлейку» і тэлебачанне ўвогуле», я не пайшла да тэлевізара, а прыстроілася каля акна ў чаканні азарэння.

Ззяла восьмая гадзіна раніцы. З усходу, над недалёкімі гмахамі Мінску, якія займаюць палову далягляду, паднімалася чырвонае сонца. З другога боку па белым полі тонкая пазёмка вілася ў бок ляска, які мае назву Буйніцкая горка. Было ціха і чыста. Дрэвы ў шэрані, нібы замкі. Амялушкі ды снегіры пералятаюць з галінкі на галінку грэцкага арэха. З‑за рогу вуліцы павярнула цёмная постаць. Яна пахітвалася і мела ў руцэ бутэльку. Адчувалася, што ёй усё добра. Постаць прадэфілявала ўздоўж вуліцы, прыпынілася на хвілю, выжлукціла з бутэлькі апошняе і нязмушана шпурнула пустую пляшку пад мой плот, маючы намер рушыць далей.

Я высунулася ў акно:

— Яша! — гукнула я. — Ану забяры бутэльку!

— Паняў! — Яша паслухмяна падняў пустую пляшку, прыклаў два пальцы да шапачкі і пабрыў далей. — Няма праблем!

Я ведаю, што сваю пустую пляшку Яша выкіне пад наступным плотам.

Ждановічы, вёска за 20 хвілін язды грамадскім транспартам ад цэнтру Мінску, патанае ў смецці: сельсаветы ў нас, у большасці сваёй, не для таго, каб займацца сметніцамі ды прыборкай вуліц; ім трэба ўзбагачацца, наразаючы кавалкі зямлі для багатых, ды арганізоўваць выбары.
У Яшы двое дзетак, залатыя рукі аўтаслесара, пяцёра мопсікаў‑выхаванцаў і ён алкаголік.

Ён адзін з тых шматлікіх, каго бачу кожны дзень на ждановіцкай вуліцы, пачынаючы з 8 гадзін раніцы. Каго бачу ля крамы, чыгуначнай станцыі і ля мясцовай бібліятэкі.

Не дам у крыўду алкаголікаў. Гэта, у большасці сваёй, самыя чулыя і датклівыя людзі; алкаголікамі яны становяцца ад таго, што не могуць змірыцца з несправядлівасцю гэтага свету, але не знаюць, што з гэтым рабіць; яны ходзяць па зямлі слаба абутымі нагамі і чуюць галасы, нячутныя тым, хто не вылазіць з‑за стырна «Лексуса». Такім быў мой дзядзька, такі мой стрыечны брат.

Гэта тонкія людзі, таму і няшчасныя.

Гэта ўсё цікава, але прычым тут «Батлейка» ды тэлебачанне? — можа спытаць чытач. А пры тым, што, па маім нясціплым меркаванні,

менавіта тэлебачанне і фармуе ў меру сілаў і таленту сваіх супрацоўнікаў розныя тыпы алкаголікаў.

І справа зусім не ў рэкламе піва.

У нашым доме тэлевізара не было паўгоду — выпадкова разбіўся, — і наша вялікая сям’я пачувалася выдатна. Ніякага жадання абзаводзіцца скрыняй не ўзнікала. Але вось перад Новым годам сярэдняя дачка запатрабавала купіць: бо як жа мы будзем сустракаць Новы год без сігналу дакладнага часу! Непарадак! Купіць мы так і не сабраліся, але пазычылі ў знаёмых: у іх чатыры тэлевізары, па колькасці пакояў у кватэры.

Уключылі. Паглядзелі пару перадач. У мяне, звыклай за паўгоду да безтэлевізійнага жыцця, быў шок.

Сказаць, што тэлебачанне атупляе — занадта мякка. Яно аскаціньвае.

Расійскія і беларускія каналы ўвогуле адкідаю ад разгляду — узровень іх найніжэйшы. Тут словаў нават траціць не хочацца.

Ад прагляду беларускіх каналаў мяне даўно ўжо адвучыў Аляксандр Зімоўскі: калі ў свой час ён вёў «Рэзананс», ягоная мова была настолькі насычаная непрыстойнымі параўнаннямі з галіны палавых вычварэнняў і фізіялагічных адпраўленняў, што я, памятаю, сур’ёзна клапацілася, каб падчас «Навін» і «Рэзанансу» ў пакоі не было дзяцей. З таго часу я пазбягаю слухаць і чытаць Зімоўскага са таварышы — як пазбягаеш уступаць у бруд.

Ксеня Сітнік, якая скакала па сцэне перад асавелымі пасля сытнага абеду дэпутатамі народнага сходу (сакавік 2006) дарабіла справу. З тых пор я пазбягаю і беларускіх канцэртаў у тэлевізары.

Аднак я вельмі ўзрадавалася, што навагодняя «Батлейка» будзе па‑беларуску: гэта яшчэ адно яснае сведчанне стойкасці беларускай грамады; гэта перамога. Але абсалютна слабая рэжысура ўкупе з пашлаватымі эпізодамі, якімі поўнілася гэтая цягамоціна, звялі радасць на нішто. Чым аўтары хацелі пацешыць гледачоў у навагоднюю ноч? Байкамі Крапівы? У якім жа часе і чым жа яны жывуць, што чытаюць, пра што спрачаюцца? Дый, здаецца, на АНТ калі і могуць думаць, то толькі катэгорыямі шпрыцаў і порначасопісаў: няхай ужо імі поўніліся крэатыўныя рэпартажы з Плошчы, але навошта пошласць запіхваць у шоу, якое па вызначэнні прызначана для сямейнага прагляду? Па інерцыі ці сапраўды таму, што гэтага патрабуюць нейкія чорныя сілы, якім служыць АНТ?

Не, паўтор «Батлейкі» я глядзець не буду і дзецям не дам.

А як жа Белсат, адукацыйныя каналы, каналы добрых фільмаў? — запярэчыць чытач. Мне здаецца, у самой прыродзе тэлебачання ёсць нешта, накіраванае на выбіванне з чалавека чалавечага: ідзі па шляху найменшага супраціву; сядзь тут і глядзі на нас — мы ведаем, навошта жыць, як жыць і чым.

Не пераключай каналы ці пераключай каналы — але заставайся з намі. Не варушыся, не думай, не мазгуй — глядзі. Ну даведаецца маё дзіця, патраціўшы гадзіну, колькі гадоў жывуць сланы — і забудзе праз гадзіну.
Ну паглядзіць фільм «Афіцэры» — са сцэнай, калі дзед‑генерал прымае танкавы парад з маленькім унукам... Нічога вам гэта не нагадвае?

Толькі фізічныя целы імкнуцца да стану найменшай энтрапіі — калі такое адбываецца з чалавекам, чалавечае ў ім дэградуе. А гэта небязбольны працэс, і тут на дапамогу прыходзіць «добры доктар алкаголь, ён усім здымае боль»...

У нашых месцах пры Польшчы бутэлька гарэлкі каштавала пуд (16 кг) жыта.

Жыць было няпроста, але ні алкаголікаў, ні тэлебачання тады не было.

А вось гармонія і сэнс жыцця, здаецца, тады былі меншай таямніцай.

Ясны перац, я не кажу, што кругом алкашы ТОЛЬКІ ад таго, што павальна ў нашых дамах тэлевізары; што зямля паўсюдна засыпаная горамі смецця выключна ад гэтага; што ад гэтага мяняецца клімат. Але сваю вельмі вялікую лепту ўдавіца‑ТВ ва ўсё гэта ўносіць.

Угледзьцеся ў твары тэлелюдзей: пустыя твары людзей, якія думаюць, што ведаюць, дзеля чаго трэба жыць. Нязводныя ўсмешкі. Шчырая няшчырасць, шчырае пазбяганне якога б то ні было сумнення — і гэта ў найлепшым выпадку. У найгоршым — сумленная хлусня.

Не, на такія твары любавацца я не хачу.

Памятаеце, у «Калыханцы» Чака Паланіка, герой, не ў сілах цярпець занадта галосную прастору, напоўненую «крывымі» словамі і бессэнсоўнымі гукамі, забіваў на адлегласці радыёвядучых? У мяне няма заклінання, пры дапамозе якога ён гэта рабіў. Але я магу выключыць тэлевізар і вярнуць яго гаспадарам. У адрозненне ад тэлебаб і тэледзядзькоў, я не ведаю, дзеля чаго жыве чалавек. Але дакладна не дзеля таго, каб сядзець ля тэлеэкрану.

Можаце лічыць мяне цемрашалкай, але калі тэлебачанне — гэта прагрэс і культура, то я супраць такога прагрэсу і культуры. Аднак тэлебачанне — не прагрэс і не культура.

Можа, канечне, я і не маю рацыі — але тэлевізар глядзець усё адно не буду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0