«Белінвестбанк» уводзіць новыя правілы зняцця грошай. З'яўляюцца абмежаванні: без камісіі цяпер не зняць больш за 500 рублёў на дзень і 1500 рублёў на месяц. 

Як банк тлумачыць прычыны новаўвядзенняў? 

На пытанні «Нашай Нівы» адказаў намеснік старшыні праўлення «Белінвестбанка» Аляксандр Філіповіч. 

Аляксандр Філіповіч, фота «Белінсвестбанка»

Аляксандр Філіповіч, фота «Белінсвестбанка»

«Мабыць, самы галоўны аргумент пры адказе на пытанне «чаму будзе ўведзеная камісія?» — гэта бяспека,

— гаворыцца ў яго адказе. — Захаванасць грашовых сродкаў, кантроль за выдаткамі і маса бонусаў — гэта тое, што сёння гарантуе любы канал дыстанцыйнага абслугоўвання.

Мы прапануем не насіць у кішэні пачак грошай, а зарабляць, атрымліваючы money-back пры разліку аплатнай карткай і прымаючы ўдзел у праграмах лаяльнасці ад плацежных сістэм, рэкламных гульнях».

Адмова ад наяўных — мэтанакіраваная стратэгія. 

«Гэта таксама звязана са стымуляваннем безнаяўных разлікаў, якія суправаджаюцца развіццём сучасных плацежных механізмаў і сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, — тлумачыць далей Філіповіч. — З кожным годам доля безнаяўных аперацый расце. Гэты трэнд характэрны і для нашай краіны. Але пераход павінен быць паступовым. Разумеючы гэта, мы прапрацоўвалі гэтае пытанне практычна год: праводзіліся даследаванні, якія дазволілі нам вызначыць тыя нормы, якія застануцца практычна незаўважанымі для большасці нашых кліентаў».

Філіповіч падмацоўвае гэтую думку статыстыкай:

«З 99% плацежных картак банка за месяц здымаецца наяўнымі да 1 500 рублёў. У адпаведнасці з гэтай лічбай мы і ўсталявалі суму, пачынаючы ад якой будзе спаганяцца камісія за зняцце наяўных».

Ён таксама патлумачыў, чаму робіцца платнай паслуга прагляду баланса карткі ў «матчыным» банкамаце.

«З развіццём каналаў дыстанцыйнага абслугоўвання, а я маю на ўвазе інтэрнэт-банкінг і мабільны дадатак, выкарыстанне якіх абсалютна бясплатнае ў Белінвестбанку, неабходнасць прагляду балансу карткі ў банкаматах і інфакіёсках адпадае. Зыходзячы з статыстычных дадзеных, менш за 20% карыстальнікаў праглядаюць баланс карты ў тэрміналах самаабслугоўвання і робяць гэта больш за тры разы ў месяц», — расказвае Аляксандр Філіповіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?