За мінулыя 24 гадзіны, з шостай раніцы 24 красавіка па шостую раніцы 25 красавіка ліквідавана 27 лясных пажараў плошчай больш за 110 га, 7 тарфяных пажараў на плошчы 2 га і 53 пажары травы і кустоў на плошчы больш за 26 га, паведамляе 112.by
Для ліквідацыі пажару ў Нараўлянскім раёне задзейнічаны 29 адзінак тэхнікі і 112 чалавек. Па стане на шостую раніцы 25 красавіка плошча пажару складае 40 га.
Пажар каля пункту пропуску Прывалка Гродзенскага р-на (на мяжы з Літвой) ліквідаваны. Для яго ліквідацыі былі задзейнічаныя 70 адзінак тэхнікі і 346 чалавек. Агульная плошча, пройдзеная фронтам пажару, склала 30 га.
Працягваецца тушэнне пажару ў Палескім лясгасе каля в. Альманы Столінскага р-на.
Для ліквідацыі пажару задзейнічаны 42 адзінкі тэхнікі і 139 чалавек. Верталётамі Мі-8 Авіяцыі МНС за суткі ажыццёўлены 97 скідаў вады. Тушэнне абцяжарана адсутнасцю пад'язных шляхоў і забалочанай мясцовасцю. Плошча пажару складае 200 гектараў
З раніцы ў Мінску адчуваецца моцны пах гару.
Прычынай пажараў з'яўляецца сухое надвор'е, якое ўсталявалася ў Беларусі апошнія тыдні. Толькі ў нядзелю ў шэрагу раёнаў прайшлі дажджы, але не паўсюль.
У пяці раёнах Мінскай вобласці ўведзена забарона на наведванне лясоў.