Мастак Філіп Какоша.

Мастак Філіп Какоша.

Надзвычай каларытнае апісанне жыцця пасляваеннай заходнебеларускай вёскі зрабіў партыйны работнік з Мінска, нейкі таварыш Арцёмаў. У канцы 1945 года яго накіравалі ў Берштаўскі сельсавет Скідзельскага раёна Гродзенскай вобласці назіраць за падрыхтоўкай і правядзеннем выбарчай кампаніі ў Вярхоўны Савет СССР.

Пасля двух месяцаў у Берштаўскім сельсавеце Арцёмаў даслаў падрабязную запіску ў ЦК КПБ, вытрыманую ў надзвычай крытычным тоне: «Кулакі і п’яніцы ў Берштаўскім сельскім савеце і сельпо ўстанавілі свае няпісаныя законы і абдзіраюць савецкіх людзей. Прахвосты, дэзерціры, жулікі застаюцца, як правіла, у больш выгодным становішчы, чым дэмабілізаваныя чырвонаармейцы, бо за самагон, за гарэлку гандлююць дзяржаўнымі інтарэсамі і савецкай палітыкай на ўсе бакі».

Таварыш з Мінска спрабуе навесці парадак

Забарона прыватнага гандлю прывяла да поўнай дэзарганізацыі ў гэтай сферы. «Настаўнікі, медработнікі і іншыя савецкія служачыя па атрыманне сухога пайка ходзяць пешкі за 36 км у Скідзель, хоць у Берштах маецца кааператыўная крама». Як высветліў таварыш Арцёмаў, старшыня сельпо «тавары прадае толькі тым грамадзянам, якія наліваюць яму ў фляжку гарэлкі ці самагону».

Абразок з жыцця пасляваеннай вёскі.

Абразок з жыцця пасляваеннай вёскі.

Арцёмаў вырашыў асабіста навесці парадак у кааператыўным гандлі: «Па маёй просьбе і па прапанове райкама старшыня райспажыўсаюза і загадчык райгандальаддзела 23.1.46 г. прыехалі ў Бершты праводзіць сход членаў-пайшчыкаў, вечарам напіліся і ноччу сп’яна паслалі нарачных склікаць сход, а так як напярэдадні быў пашыраны пленум с/савета з актывам і было вырашана ўсім ехаць на лесанарыхтоўкі, то на сход прыйшло 5—7 чалавек. Сход сарвалі». Спроба мінскага партыйца наладзіць мясцовую спажывецкую кааперацыю правалілася.

«Напіўся і галасаванне адкрыць не змог»

Права на дармовую выпіўку дамагалася не толькі ўлада, але і «істрабкі» — хлопцы дапрызыўнога ўзросту, арганізаваныя ў так званыя «істребітельные батальоны» для барацьбы з дыверсантамі і бандытамі.

Гэтыя маладзёны, як цвердзіў Арцёмаў, пачалі тэрарызаваць мясцовых сялян: «Самі на ўскраінах хутароў і ўзлесках праводзяць стральбу з аўтаматаў, кідаюць гранаты, г.зн. інсцэніруюць нібыта барацьбу з бандытызмам, і гэтымі прыёмамі запалохваюць мясцовае насельніцтва, вымагаючы прадукты, самагон, а пры найменшым пярэчанні застрашваюць высылкай на Урал і нават збіваюць людзей». Кожны дзень «істрабкоў» пачынаўся з пошуку самагону, для чаго яны спецыяльна пасылалі на лясныя хутары «камінараў» (чысцільшчыкаў пячных комінаў), каб тыя разведалі, дзе хто гоніць гарэлку.

Як сцвярджаў Арцёмаў, усе спробы «грамадзян, у тым ліку і дэмабілізаваных чырвонаармейцаў, скардзіцца на самавольства с/савета і «істрабкоў» у раённыя і абласныя арганізацыі не даюць вынікаў, бо скаргі ў выніку трапляюць у рукі п’яніц, і ўсю агіднасць пакрывае самагон».

З-за п’янства актывістаў сарваліся ўсе пяць спроб Арцёмава правесці ў вёсцы камсамольскі сход.

Раённы камітэт камсамола, на яго думку, добра ведаў пра стан рэчаў, але ўсё пакрываў. А калі другі сакратар Скідзельскага райкама камсамола Ламака прыехаў 10 лютага ў Бершты для правядзення выбараў, дык так напіўся, што яго ледзьве паднялі ўвечары для падліку галасоў.

П’янства на выбарах было тады неад’емным рытуалам. Але пакаранні накладаліся толькі на тых работнікаў, якія не маглі трымацца на нагах.

Як гэта было са старшынёй участковай камісіі Дакудаўскай выбарчай акругі ў Лідскім раёне, інструктарам партыі таварышам Бяловым, які «да пачатку галасавання напіўся п’яны і галасаванне адкрыць не здолеў».

Сам таго не ўсведамляючы, мінскі таварыш зрабіў даволі праўдзівае апісанне рэчаіснасці, характэрнай не толькі для Берштаў.

Прыдушаныя высокімі падаткамі і абавязковымі пастаўкамі, сяляне-аднаасобнікі хаця б з дапамогай самагону маглі неяк справіцца са свавольствам чыноўнікаў. Тады з самагонам улады фактычна не змагаліся, іх больш хвалявалі іншыя пытанні. Ды і канкурэнцыі дзяржаўнай вытворчасці спірту самагоншчыкі спачатку не складалі: на душу насельніцтва ў БССР у 1945-м было прададзена толькі 1,6 л казённай гарэлкі. У выніку ў выйгрышы аказваўся той гаспадар, які меў самагонку і здольнасці камунікацыі з прадстаўнікамі ўлады. А ўнізе сацыяльнай лесвіцы апынуліся самыя законапаслухмяныя сяляне, якія лічылі самагонаварэнне амаральным і незаконным. Яны мелі найменш шанцаў дабіцца льгот ад улады, калі нават і мелі на іх права.

* * *

У сялянскіх запасах гарэлка была заўсёды. Найменш піла заходнебеларуская вёска хіба што за «польскім часам». Тады селянін ашчаджаў кожны грош, а за вытворчасць самагонкі моцна каралі. Затое самагонаварэнне расквітнела ў часы нямецкай акупацыі, у перыяды безуладдзя. Пры адсутнаcці трывалай грашовай сістэмы самагонка стала лакальнай валютай, ды і акупанты зусім не цураліся «бімбару».

Язэп Драздовіч. Самагоншчык у Галубіцкай пушчы. 1923 год. Са збору Алеся Мары.

Язэп Драздовіч. Самагоншчык у Галубіцкай пушчы. 1923 год. Са збору Алеся Мары.

***

Начальства ўсё ведала

«Ці ведае пра гэта Скідзельскі райкам партыі і райвыканкам?» — задае рытарычнае пытанне таварыш Арцёмаў. І тут жа адказвае: «Ведае. Па-першае, таму што кіраўнічыя работнікі наш раён Бершты лічаць «апендыцытам», «Сахалінам» і, баючыся белапалякаў, стараюцца туды не ездзіць. Па-другое, калі ў Берштаўскі сельскі савет некаторыя адказныя работнікі і прыязджаюць, дык не для працы і ліквідацыі недахопаў, а ў госці і на гастролі». Напрыклад, 14 лютага ў Бершты прыехаў з Гродна оперупаўнаважаны НКВД лейтэнант Клімаў. Мясцовы ўчастковы Ляташка, паводле Арцёмава, яго так напаіў, што той «згубіў мундзір і шапку і гэтым змазаў свой аўтарытэт». Пра ўчастковага Арцёмаў напісаў, што «былы партызан і ў мінулым някепскі хлопец, кандыдат у члены ВКП(б) і сакратар камсамольскай арганізацыі атачыў сябе п’яніцамі … спіўся і канчаткова разбэшчваецца». 

Вышэйшае партыйнае начальства прызнавала, што мясцовае начальства співаецца, але скідвала віну за гэта на «кулакоў». Раённая газета «Красное знамя» пісала ў 1946-м пра вёску Баброўня (радзіму паэтаў Макара Краўцова і Міхася Васілька): «Адзін з найбольш заможных сялян Захар Будзько з плану 1 122 кілаграмы здаў дзяржаве ўсяго 190 кілаграмаў хлеба. Сельскаму савету добра вядомая «дзейнасць» Захара Будзько. Аднак там не спяшаюцца з высновамі. І гэта толькі таму, што кватэра Будзько з’яўляецца пастаянным месцам папоек старшыні сельсавета т. Бухаўкі і агента раённага ўпаўнаважанага Міністэрства нарыхтовак т. Барысёнка».

У выніку кожны, хто меў хоць нейкую ўладу, разлічваў на пачастунак. Без сумеснай выпіўкі не абыходзілася залагодзіць далікатную справу з мясцовым сельсаветчыкам ці падатковым агентам. Прыезд у вёску начальства з раёна ці вобласці таксама суправаджаўся выпіўкай з мясцовым актывам.

Савецкі чыноўнік прынцыпова адрозніваўся, напрыклад, ад польскага з перадваеннага часу. Апошні ніколі не стаў бы выпіваць за адным сталом з беларускім селянінам (гэта строга забаранялася службовымі інструкцыямі).

Таму нават пры схільнасці да алкаголю польскі паліцыянт, напрыклад, мог напівацца ў адзіноце дома ці ў вузкім коле сваіх калег. Савецкі чыноўнік быў у гэтых адносінах куды больш дэмакратычны. Больш за тое, ён мог і зваліцца пад стол, добра перабраўшы норму, чым напачатку трохі шакаваў заходнебеларускіх сялян, не прывыклых да такой прастаты начальства.

Само ж заходнебеларускае сялянства ў пасляваенныя гады яшчэ спажывала адносна няшмат алкаголю. Стрымлівалі традыцыі даўнейшага выхавання і штодзённы клопат пра ўласную гаспадарку. Але з правядзеннем суцэльнай калектывізацыі жыццё стала ў нечым прасцейшае. Не трэба было думаць, як захаваць гаспадарку, сплаціць падаткі і выканаць розныя абавязкі перад дзяржавай. Алкаголь у калгаснай вёсцы пачаў выконваць тыя ж функцыі, што і гарэлка з панскага бровара ў часы прыгону: выціскаць грошы з сялянскай кішэні і заглушаць бунтоўныя настроі.

Закладзеная традыцыя камунікацыі з уладай з дапамогай гарэлкі мела далёкасяжныя наступствы: вёска пачала співацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?