«Сьняданак на Плютоне» (Breakfast on Pluto)

Ірляндыя–Вялікая Брытанія, 2005, каляровы, 135 хв.

Жанр: кінакамэдыя.

Адзнака: 7 (з 10).

Ірляндзкаму сьвятару (Лаям Нісан) падкідаюць дзіця. Хлопчык вырас у прыёмнай сям’і, нафарбаваў вусны, начапіў дзявочыя апранахі – і рушыў у Лёндан шукаць біялягічную маці. Лёндан 70-х сустрэў трансвэстыта ангельска-ірляндзкімі бойкамі, выбухамі й злымі маньякамі…

Ірляндзкі рэжысэр Ніл Джордан – віртуозны майстар гратэску. То ў цэнтры ўвагі нестандартная сям’я крывасмокаў («Інтэрвію з вампірам»), то каханьне да транссэксуала падрывае падпольную барацьбу («Абуральная гульня»).

Сур’ёзныя мужчынскія гульні – вайна, тэрор, паліцыйныя акцыі – эфэктна травэстуюцца ў «Сьняданку» ня столькі самім героем (геніяльная гульня Кіліяна Мэрфі), колькі ўсёй глямурнай эстэтыкай 70-х. Малімонныя фарбончыкі й карункі, ружовае й стракатае, пачуцьцёвыя песенькі пра каханьне (саўндтрэк – фішка фільму).

Легкадумнае апавяданьне вядуць птушкі малінаўкі (!), тэлевізійныя прыгажуні – і сам герой, які дзявочым почыркам выводзіць чарговую старонку сваіх прыгодаў. Гэтыя прыгоды зламалі б і Шварцэнэгера, але Патрык сьмела фліртуе на расстрэле (адна з самых сьмешных сцэнаў карціны), даводзіць турэмшчыкаў да шаленства і нэўтралізуе маньяка таннымі духамі.

Ён хацеў знайсьці маці – а сустрэў бацьку, які прыпёрся на піп-шоў і спавядаўся «Патрыцыі» ў сваіх грахох. Сцэнка паўтарае знакаміты эпізод зь фільму «Парыж–Тэхас» Вэндэрса, але расквечаная іранічнымі танамі. Зь ня меншай іроніяй – і з большым надрывам – паўторыць Джордан і сцэны гіпнозу (арыгінал – «Ночы Кабірыі»), дзе лямант па згубленай маці выбухне рогатам сытае публікі.

Але самыя страшныя зьдзекі патонуць у блакітных вачох, а сур’ёзнасьць спасуе перад гульнёй.

Кіліян Мэрфі («Дыскасьвіньні», «Начны рэйс») дэманструе ігру экстраклясы. Яго папярэднія героі былі маньякамі й апантанымі закаханымі. Патрык-Кітэн – бязьвінная істота ня з гэтага сьвету, чаго для падрыву сур’ёзнасьці паспалітае публікі дастаткова. Мэрфі намінаваўся на «Залаты глёбус» за найлепшую мужчынскую ролю ў камэдыі. Сэансы ў кінатэатры «Перамога» штодзень да 11 чэрвеня а 18.40 і 21.10.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0