Гэта экскурсія-анімацыя распавядае пра заснавальніка Вялікага Княства Літоўскага, першага і апошняга Караля Літвы — Міндоўга. Падчас экскурсіі вы зможаце пабачыць жыццёвы шлях караля Міндоўга ад часу яго выхаду на палітычную арэну да моманту гібелі ад рук змоўшчыкаў.

Фота Івана Мураўёва.

Фота Івана Мураўёва.

Экскурсійная праграма пачынаецца з наведвання сімвала беларускага Сярэднявечча — Мірскага замка

(вонкавы агляд, наведванне музея ў замку самастойна па жаданні). Замак, збудаваны ў самым пачатку XVI стагоддзя магнацкім родам Ільінічаў, да канца гэтага ж стагоддзя пераходзіць пад апеку князёў Радзівілаў. Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка, які ў маладыя гады аб'ехаў палову Еўропы, пабываў у Егіпце, Палесціне, вырашае перабудаваць замак на свой густ. Так у мястэчку Мір фармуецца замкавы комплекс, які спалучае ў сабе рысы готыкі і рэнесансу.

Акрамя замка, у гасцей праграмы будзе магчымасць таксама агледзець сажалку, капліцу-пахавальню апошніх уладальнікаў замка, Святаполк-Мірскіх. Будзе магчымасць пабачыць старажытную забудову Міра з Траецкай царквой XVII ст., Касцёлам Святога Мікалая XVI ст., сінагогамі і ешыботам XIX ст., дамамі рамеснікаў і гандляроў.

Мястэчку Любча, куды пасля накіруецца экскурсійны аўтобус, пашанцавала: на працягу многіх стагоддзяў яна мела сур'ёзных апекуноў. У XIII стагоддзі ўладаром гэтых месцаў быў сам князь Міндоўг.

Пазней Любча належала Храптовічам, Гаштольдам, Кішкам, Радзівілам… У 80-я гады XVI стагоддзя гетман літоўскі Ян Кішка на беразе Нёмана ўзводзіць 4-вежавы замак, асобныя фрагменты якога дайшлі да нашых дзён.

Замак гэты — не толькі помнік гісторыі, але таксама помнік цвёрдасці, стойкасці людзей, якія яго аднаўляюць. Ужо восем гадоў супрацоўнікі і валанцёры фонду «Любчанскі замак» уласнымі сіламі ўзводзяць наноў яго сцены. Што ўдалося зрабіць за гэты час — убачым непасрэдна на замкавым двары.

Там пройдзе і першая частка анімацыйнай праграмы, дзе наваградскае баярства (удзельнікі экскурсіі) будуць весці перамовы з Міндоўгам і запрашаць яго на трон Наваградка.

Калі бакам удасца дамовіцца — далейшы шлях з наднёманскімі Любчы ляжыць у легендарны Наваградак.

Наваградак — адзін з самых старажытных гарадоў на беларускай зямлі.

Час яго заснавання гісторыкі адносяць да ХI ст. Напамінам пра далёкія часы з'яўляюцца велічныя вежы наваградскай цвярдыні. Навагрудак быў рэзідэнцыяй князёў Вялікага Княства Літоўскага і буйным гандлёва-рамесным цэнтрам.

Акрамя руін замка XIII ст., ёсць у горадзе царква, равесніца Мірскага замка, а таксама Фарны касцёл, збудаваны самім вялікім князем Вітаўтам. Менавіта тут са сваёй апошняй жонкай Соф'яй Гальшанскай браў шлюб польскі кароль Ягайла, менавіта тут хрысцілі Адама Міцкевіча.

Нібы дыяменты ў каралеўскай кароне, аздабляюць Наваградак касцёл Арханёла Міхаіла і Мікалаеўская царква, татарская мячэць, дом-музей Адама Міцкевіча, гара Міндоўга.

На замку ўдзельнікі экскурсіі і пабачаць каранацыю Міндоўга 1253 года. Турысты змогуць развучыць старадаўнія танцы, стаць сведкамі захапляльных рыцарскіх паядынкаў, а таксама паднесці каралю мантыю і сімвалы каралеўскай улады.

У завяршэнне праграмы ў Наваградку госці стануць сведкамі нападу на Міндоўга змоўшчыкаў.

Пабачаць удзельнікі экскурсіі і возера Свіцязь. Яго амаль не кранула бязлітасная рука часу. Возера дагэтуль зачароўвае нас. Яно — нібы каштоўная чаша з далікатнага празрыстага крышталя, кранутага пяшчотным блакітам.

Легенда кажа: стаяў на гэтым месцы горад, цудоўны, як мара. Але аднойчы напалі на зямлю наваградскую чужаземцы. Мужчыны пайшлі змагацца, засталіся ў горадзе толькі безабаронныя дачкі і жонкі. А вораг падступіў да сценаў. Ужо трашчаць каваныя меддзю вароты, ужо гордыя свіцязянкі рыхтуюцца памерці ў полымі, але не схіліцца перад ворагам. І тут здарыўся цуд. Раскрылася зямля і паглынула горад, не аддала яго ворагу на знявагу. На месцы горада разлілося возера нябачанай прыгажосці, а на яго празрыстай паверхні з'явіліся «цар-кветкі» - такіх больш няма нідзе… Возера апетае ў творах Адама Міцкевіча і Яна Чачота.

Даведацца падрабязнасці і запісацца на экскурсію па слядах Міндоўга можна па тэлефонах:

(17) 203-69-70

(17) 226-03-02

(29) 682-58-07

(29) 772-77-58

Болей інфармацыі — на сайце www.zamak.by.

Фонд «Краіна замкаў». УНП 690382807

Фонд «Краіна замкаў». УНП 690382807

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0