Расіянін пакінуў «Мерседэс» на рамонт у абласным цэнтры, а знайшоў разабраным у Быхаўскім раёне. У лютым жыхары Пскова прыехалі ў Магілёўскі раён для закупкі гародніны. Аднак па дарозе ў іх зламаўся грузавік «Мерседэс-Бенц 817». Да пункта прызначэння не даехалі ўсяго некалькі кіламетраў.

Мясцовага аўтаслесара знайшлі хутка — майстэрня была недалёка. Кіроўца, упэўнены, што рамонт грузавіка ў надзейных руках, адбуксіраваў яго ў майстэрню і з'ехаў назад. Праз два месяцы ўладальніка грузавіка чакаў сюрпрыз — аўтаслесар, 35-гадовы магілёвец, ніяк не мог успомніць і растлумачыць, дзе знаходзіцца фургон. Ашуканаму прадпрымальніку нічога не заставалася, як звярнуцца па дапамогу да праваахоўнікаў.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку знайшлі машыну на тэрыторыі Быхаўскага раёна часткова разукамплектаванай. Высветлілася, што аўтамеханік перавёз яе ў Быхаўскі раён, каб прадаць на запчасткі — каробкі перадач і некаторых дэталяў салона ўжо не было.

На слесара завялі крымінальную справу па артыкуле «Крадзеж».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?