Мала каму шчасціць усё жыццё адпрацаваць на такім месцы, каб і маральна камфортна было, і грошай хапала.

Гэты матэрыял «Нашай Нівы» акурат пра людзей, якім не раз даводзілася мяняць работу ў пошуку такога балансу.

Некага з іх завёў у патрэбу няправільны выбар прафесіі, некага вырваў з дабрабыту фінансавы крызіс: доктар, гітарыст і маркетолаг. Герояў аб’ядноўвае тое, што яны пад ціскам абставін кінулі выклік сабе і ўвайшлі ў зусім незнаёмую і далёкую ад іх сферу — IT.

Як гэта ў іх атрымалася, ці шкадуюць яны, і што цяпер маюць? Чытайце.

Аляксей Дарапіевіч, 30 год, былы прафесійны музыкант

Дзяцінства першага героя, Аляксея, прайшло ў сталіцы і выпала на час росквіту і пранікнення сюды заходняга «мэтла». У школе, кажа ён, асабліва не вучыўся: больш падабалася адрывацца пад роў касет з «Металікай» і «Нірванай». Таму для сябе вырашыў ясна — стаць такім, як куміры. Будучыня бачылася яму з гітарай у руках.

Бацькі былі супраць, але куды там! Іх довады заглушаў магнітафон, таму пасля 9 класа хлопец ужо вывучаў акорды ў музычнай вучэльні.

Рэальнасць аказалася не зусім такой, як уяўлялася, бо паміж класічнай гітарай і «Нірванай» — гіганцкай розніца. А потым выявілася, што і зарабіць гітарай у Беларусі не так проста, але па інерцыі хлопец рухаўся далей і працягнуў вучобу, ужо ў кансерваторыі.

Якая вяршыня мараў тамтэйшага выпускніка-бюджэтніка? Трапіць выкладаць у музычную школу, і абы толькі не на перыферыю.

Таму Аляксею нават пашчасціла — на адпрацоўку ён трапіў у сталічную музычную школу, паралельна развіваючыся як класічны музыка. Самым вялікім ягоным прафесійным дасягненнем стаў канцэрт для дзвюх гітар з аркестрам у Філармоніі.

Але асноўная работа задавальнення не прыносіла.

«Гэтая работа непатрэбна нікому, яна няўдзячная — бацька прыводзіць сына таму, што некалі слухаў Цоя, — расказвае Аляксей. — А дзіцяці цікава абсалютна іншае! Як утрымаць увагу такога вучня? Прытым што сістэма нерухомая і патрабуе граць паліфонію замест умоўнай «Металікі»…

Такім дакладна дзіця не зацікавіш: на занятках усё зводзіліася да праверкі дамашкі, на ўроку ж зробленай, бо дома яны яе не рабілі. Гэта жудасная работа, за адсутнасцю сапраўднага педагагічнага складніка сутнасць зводзіцца да праверкі гадзінніка: колькі там засталося да канца?».

З грашыма, кажа ён, было яшчэ цяжэй, чым псіхалагічна.

«Заробак быў — 150 даляраў. Нехта скажа, што калі працаваць больш — то меў бы больш… Так, але тады б работы было больш удвая, а заробак вырас на 30 даляраў. Таму з гледзішча фінансаў мой стан апісваўся так — пакуты. Асабліва непрыемна сядзець тры летнія месяцы без занятку і грошай, скажу вам. Як я жыў? Там, дзе можна прайсці пешшу, а не пад’ехаць — там праходзіўся… Дзяўчаты нейкія былі, але ў асноўным таксама музыканты, з падобнымі праблемамі і, адпаведна, невысокімі патрабаваннямі. Схадзіць у кіно — о, гэта было выдатна! Нейкія іншыя забавы, якія патрабуюць грошай, мы, канечне, не разглядалі. Троху стала лягчэй, калі пазнаёміўся з адным печніком, і ён узяў дапамагаць яму рабіць печкі: цягаць цэглу, замешваць раствор. Улетку неяк перабіваўся гэтым. Але ў годзе 2014-м неяк замоваў стала менш і ён перстаў мяне браць, пытанне грошай вельмі актуалізавалася», — кажа Аляксей.

Кірунак развіцця хлопцу падказаў сябра, які сам зарабляў як праграміст і ўдала прыгадаў, што ў школе, калі забыцца на захапленне гітарай, у Аляксея ладзілася з англійскай і матэматыкай. Сябра падказаў бясплатных рэсурсаў, на якіх можна пачытаць тэорыю і папрактыкавацца ў элементарных задачах. Аляксея зацягнула.

«Я зразумеў, што праграмаванне — гэта не нешта жудасна-матэматычнае, як мне ўяўлялася. Калі я троху ўцягнуўся, той жа сябра параіў мне пайсці ў Адукацыйны цэнтр ПВТ (IT-Academy) і прайсці курсы там, ужо за грошы», — успамінае экс-гістарыст.

«У мяне не было за плячыма ніякай адукацыі — ну, кансерваторыя, хіба што… На рабоце начальства, калі даведалася, пачало на гэта ціснуць: «Ну які з гітарыста праграміст? Сядзі тут».

Але бацькі мяне падтрымалі, сябра падтрымаў, я рашуча звольніўся. І не сказаць, што потым усё было проста, я прачытаў дзясяткі кніг па тэме. Вучыўся, выкладчыкі моцна дапамагалі. Плюс быў у тым, што ў IT-Academy, наколькі я разумею, дамоўленасці з фірмамі, таму мяне даволі хутка ўзялі працаваць на рэальнае месца. І недзе цераз год, калі рэкруцёры становяцца больш актыўнымі, я трапіў інжынерам у ЕРАМ нават без прыстаўкі «малодшы», — расказаў Аляксей.

Як яму новая работа?

«У гэтай кампаніі высокая культура працы, мне тут падабаецца, людзі тут не перапрацоўваюць, а калі перапрацуеш больш за 8 гадзін, то гэта дадасца да адпачынку, — Аляксей адразу звяртае ўвагу на тое, што яго шакавала.

«Як было з мужыкамі ў музычнай школе? Не ўсімі, вядома, але я бачыў, як імі апаноўваюць шкодныя звычкі. А тут я кінуў курыць! У такім калектыве не хочацца! Тут вакол цябе задаволеныя жыццём людзі, якіх не раздражняеш ты, а яны — цябе. У іх няма смутку на твары, твары — загарэлыя, не абцяжараныя думкамі аб тым, адкуль узяць грошай», — дадае ён свае назіранні.

А як з грашыма цяпер у самога Аляксея? Хлопец адказвае на гэта проста: жыве, траціць, а калі прыходзіць новы заробак, то стары яшчэ не скончыўся.

«Цяпер я ведаю, што такое падарожжы, езджу ў Індыю», — падсумоўвае ён.

Вольга Арцюшэўская, былы маркетолаг з правам тайны на ўзрост

Вольга — архетып бабруйскай дзяўчынкі, якая не ведала, чаго хоча. У часы сярэдняй школы, калі ў юнацкім уяўленні пачынае патроху вымалёўвацца рамантычны вобраз будучыні, яна марыла стаць «дырэктарам». Проста «дырэктарам».

Бліжэй да выпуску стала ясна, што і хімія — не, і фізіка — не, і замежныя мовы не асабліва, у дактары ці перакладчыкі не пойдзеш. А аплаціць прэстыжны факультэт у Мінску ў бацькоў магчымасці не было, таму дзяўчына пайшла туды, дзе блізка і не вельмі патрабавальна — у Бабруйскі філіял Наргаса на маркетолага-эканаміста. Трапіла на бюджэт.

На момант сканчэння ўнівера беларускі рынак не тое каб адчуваў вялікую патрэбу ў такіх кадрах, таму нават бюджэтніку не было куды прыткнуцца — размеркавання для Вольгі не знайшлося.

Праз нейкі час дапамог тата, заслужаны будаўнік, які закінуў слова на адным бабруйскім будаўнічым камбінаце — нядаўнюю выпускніцу ўзялі ў аддзел збыту і забеспячэння.

Хоць гэта і гучала як маркетолаг, але функцыянальна Вольга была хутчэй экспедытарам. Водгукі пра работу ў яе не вельмі станоўчыя.

«Каб была магчымасць працаваць у фірме, якая б рэальна прасоўвала новы тавар на рынак, а не ўцюхвала стары і нікому не патрэбны, то мне б спецыяльнасць маркетолага, пэўна, падабалася, — кажа яна. — Але ў Бабруйску на той момант такога не было. У выніку праз паўтара года я перавялася ў вытворча-тэхнічны аддзел, была інжынерам па сметах, разлічвала кошт работ. І прапрацавала я так год, перад тым як прадпрыемства збанкрутавала».

Гэта быў недзе 2013 год. Вольга ўспамінае, што заробак на той час быў такі, што нават пасля трох год працоўнага жыцця яна ўсё яшчэ спадзявалася на дапамогу бацькоў: жыла ў іх, яны ж і кармілі дачку, хіба што рэчы гэты інжынер сама сабе купляла. На адпачынак — максімум у Балгарыю — таксама з дапамогай бацькоў.

Пасля Вольга знайшла работу на машынабудаўнічым заводзе, таксама інжынерам па сметах.

«Стала трохі лепш, але нядоўга. Адрабіла я там да 2015-га, а потым работы не стала, не стала грошай, недзе даляраў 150 я зарабляла, працавалі мы тры дні на тыдзень», — кажа яна.

Трэці раз ёй давялося шукаць работу. Трапіўся прыватнік, якому трэба было разлічваць кошт работ. З грашыма стала лягчэй, але з вольным часам выйшла катастрофа — патрэбы бізнэсу забіралі амаль усе гадзіны ў сутках.

«Два гады я адпрацавала ў яго, але балансу так і не знайшла, было вельмі цяжка вытрымліваць такі рытм, ужо не хацелася і грошай. А колькі зарабляла? Трохі больш за 300 даляраў, для Бабруйску гэта былі нармальныя грошы. Уся ў мыле, я звольнілася», — успамінае Вольга.

Потым быў непрацяглы перыяд беспрацоўя, выйсце падказаў стрыечны брат, які працуе праграмістам у Штатах: параіў паспрабаваць сябе ў тэсціраванні.

Дзяўчына знайшла курсы ў Магілёве, паўтара месяца ездзіла туды, але гэтага відавочна было мала. З такой кваліфікацыяй работу яна знайсці не магла, завісла ў прасторы — бацькі ўжо незадаволена раілі вярнуцца на нейкую работу.

«І я сапраўды ўжо адчаілася змяніць дзейнасць, як сябра скінуў спасылку на розыгрыш курсаў ад IT-Academy. Там проста трэба было зрабіць рэпост, нешта такое.

Я зрабіла, хаця асабліва не верыла, а тут раз — выйгрыш! Гэта быў нейкі знак, які дадаў матывацыі. Я ездзіла з Бабруйска ў Мінск, тры разы на тыдзень, туды-сюды. І так тры з паловай месяцы.

Гэта быў сумесны курс з EPAM, потым трапіла ў іх лабараторыю, і ўрэшце мяне ўзялі на праект. Цяпер я test automation engineer, пішу скрыпт, які дапамагае «ручным» тэсціроўшчыкам», — радуецца Вольга.

Цяпер яна з усмешнай успамінае свае заробкі па 150 даляраў, кажа, што будзе развівацца ў ІТ-сферы.

«Я не скажу, што ўсё гэта было лёгка. Гэта было цяжка для дзяўчынкі з Наргаса, у мяне не было тэхнічнай адукацыі, але была матывацыя. Таксама перажывала за англійскую. Часам азіраюся і думаю: як я здолела так змяніць спецыяльнасць? Але я спакойная. Я некалькі разоў губляла работу, але цяпер упэўнена: што б ні здарылася з маёй кампаніяй, работу, якая будзе годна аплочвацца, я знайду заўсёды», — падсумоўвае яна.

Андрэй Недасейкін, 44 гады, былы доктар

Цяпер Андрэю Недасейкіну 44. А трыццаць год таму нехта навёў яго на думку, што можна стаць ваенным доктарам, адвучыўшыся наперад у медвучэльні. Вучыцца там тры гады, за іх хлопец паспеў зразумець, што такое медыцына.

«Сканчваў вучэльню ў 1992-м, — успамінае сёння мужчына. —Паступаць у ваенна-медыцынскую акадэмiю ў Піцер ужо не выпадала — развал Саюза, абсалютная няўпэўненасць у заўтра… Куды там ехаць? Таму я паступіў у наш Мінскі медыцынскі і скончыў яго, ваенным быць ужо не хацелася». У час вучобы ў iнстытуце падпрацоўваў медбратам у кардыёхiрургiчнай рэанiмацыi.

Тады Андрэй бачыў сябе хірургам ці рэаніматолагам. Так і выйшла — трапіў у Мінскую бальніцу хуткай дапамогі як хірург агульнай практыкі, а таксама працаваў супрацоўнікам кафедры неадкладнай хірургіі у БелМАПА.

«Работа была даволі цікавая, мне падабалася працаваць з пацыентамі. Кожная аперацыя — унікальны выпадак, ад цябе залежыць чалавечае жыццё. Усё было: і грыжы, і панкрэатыты, і пранікаючыя раненні. Мне падабалася гэтая адказнасць», — кажа сёння Андрэй.

І хаця было ясна, што заробак маладога доктара не будзе вялікім, разуменне пакрысе пераходзіла ў расчараванне разам з пачаткам сямейнага жыцця — калі б не дапамога бацькоў, то жыць маладой сям’і было б невыносна. Зарабляў тады доктар, у канцы 90-х, недзе 60 даляраў! Увесь інтарэс да прафесіі перакрэсліваўся патрэбай.

Тады Андрэй упершыню вырашыў змяніць работу. Праўда, далёка ад роднай стыхіі не пайшоў — уладкаваўся ў вядомую фармацэўтычную кампанію.

На гэтай ніве ў яго ўсё атрымлівалася. З цягам часу ён вырас ад медыцынскага прадстаўніка да менеджара па маркетынгу шпітальных прэпаратаў. У зону адказнасці ўваходзілі нават балтыйскія краіны. Працаваць даводзілася з лідарамі меркаванняў кшталту медыцынскай прафесуры.

Заробак, кажа ён, тады быў вельмі салідны. Сям’я жыла заможна, але пакрысе на гарызонце пачалі ўсё ясней прамалёўвацца прыкметы хуткіх зменаў.

«Змянялася сітуацыя на рынку, — успамінае Андрэй. — Я перажыў некалькі хваляў скарачэнняў, работа звольненых клалася на тых, хто застаўся. Але, урэшце, накрыла і мяне — кампанія адмовілася ад пазіцыі, на якой я працаваў. У чэрвені 2016-га сям’я з чатырох чалавек засталася без прыбытку. Так, былі адступныя і фінансавая падушка, якая дазваляла жыць нейкі час, але работу знайсці было мусова».

Тут ужо былі варыянты: або рэалізоўвацца як маркетолаг у іншай сферы, або вяртацца ў медыцыну. Але Андрэй такія думкі адкінуў, бо падумаў, што канкурэнцыю з маркетолагамі ў невядомай сферы ён можа і не выцягнуць, а вяртацца ў медыцыну палічыў выракам сваёй сям’і на «паўгалоднае існаванне». Бо давялося б пачынаць усё спачатку — няма стажу, забылася практыка.

І тут да месца ўспомнілася старое хобі — аматарскі досвед праграмавання.

«Калі быў лабарантам кабінета інфарматыкі, то нават выкладчыца загружала аперацыйную сістэму па паперцы, я ўжо распрацаваў графiчную бiблiятэку для Pascal з рэалiзацыяй алгарытмаў растравай графiкi на Assembler. Працуючы на кафедры неадкладнай хірургіі, напісаў на Delphi праграму тэсцiравання для курсантаў, дзе былі пытанні, відэа хiрургiчных аперацый нават… Потым, у фармацэўтычнай кампаніі, напiсаў маркетынгавы трэкер, якi дапамагаў кiраваць усiмi праектамi, аўтаматызаваў маркетынгавую справаздачнасць. Таму і падумаў у бок ІТ. Я ж разважаў лагічна: мне патрэбна такая работа, якая б дазволіла ў нейкі адэкватны тэрмін (1—2 гады) выйсці на прымальны ўзровень дабрабыту. Да таго ж гэта прафесія дазваляла рэалізаваць мару — пераўтварыць хобі ў крыніцу прыбытку. І я пайшоў на курсы ў IT-Academy — проста ўбачыўшы рэкламу», — кажа ўжо праграміст Андрэй.

У IT-Academy ён адвучыўся на фронт-энд распрацоўшчыка, вельмi пашчасціла з выкладчыкам.

«Я не паспеў скончыць курс па JavaScript, як уладкаваўся ў кампанію, якая займалася выпускам электронных кніг, але дагэтуль не выкарыстоўвала JavaScript. Я зрабiў гэта першым, дзякуючы ведам, якiя атрымаў на курсах. Паралельна вучыўся ў лабараторыі IT-Academy, знаёміўся з людзьмі і заводзіў сувязі, што дазволіла стаць на прыступку вышэй. Так, мой жа выкладчык па JavaScript прапанаваў наступную работу, у буйнейшую кампанію», — кажа Андрэй і дадае, што шлях не быў лёгкім. Першы час даводзілася спаць па пару гадзін у дзень з заробкам у 300 даляраў. Пасля былi яшчэ некалькi курсаў у IT-Academy: Java, React, Angular.

Але Андрэй упэўнены, што гэта не дарма, першасную адукацыю цяпер ён апісвае так:

«Цана на навучанне значная. Гэта можа спыняць людзей, асабліва калі і так няма грошай. Але варта разумець, што, калі ты атрымаеш гэтую адукацыю, усё зробіш, каб яе правільна ўжыць, то акупіш яе вельмі хутка. Груба кажучы, цяпер я за месяц акупляю ўсе курсы, якія прайшоў, — падсумоўвае мужчына. — Галоўнае — нiколi не спыняцца ў сваiм развiццi, пастаянна вывучаць усё новае, заўсёды рухацца наперад. Тады ўсё абавязкова атрымаецца».

СААТ «Адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій»

УНП 191435318

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0